RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка прыняў удзел у адкрыцці дома суправаджальнага пражывання «Забота» ў Бабруйскім раёне

28 верасня ў вёсцы Гарбацэвічы Бабруйскага раёна адкрылі Дом «Забота» дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання «Каменскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў». Дом-інтэрнат ужо больш за 10 гадоў паспяхова супрацоўнічае з італьянскім дабрачынным фондам «FORUM PER I DIRITTI DEL BAMBINI DI CHERNOBYL», які ўзначальвае Фацы Серджыа. Рэгіянальны дырэктар фонду Малберці Рэната і яго кампаньёны пастаянна наведваюць дом-інтэрнат і ўносяць ўклад у развіццё яго матэрыяльнай базы. Менавіта за кошт сродкаў дабрачыннай арганізацыі, атрыманых у якасці замежнай бязвыплатнай дапамогі, рэканструяваны і ўведзены ў эксплуатацыю і катэдж у Гарбацэвічах, добраўпарадкавана прыдамавая тэрыторыя.

На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны РБ Валерый Кавалькоў, прэзідэнт італьянскага дабрачыннага фонду «FORUM PER I DIRITTI DEL BAMBINI DI CHERNOBYL» Фацы Серджыа, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магаблвыканкама Святлана Тарасенка, іншыя ганаровыя госці.

– У Магілёўскай вобласці склалася добрая традыцыя – адкрываць патрэбныя і важныя аб’екты сацыяльнай сферы. Дом суправаджальнага пражывання «Забота» – гэта навацыя ў працы сацыяльных устаноў, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Тут людзі будуць жыць ва ўмовах, набліжаных да хатніх, працягваючы развіваць свае навыкі самастойнага жыцця. Стварэнне магчымасцяў для самарэалізацыі кожнага чалавека, забеспячэнне раўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства людзей з абмежаванымі магчымасцямі з’яўляецца адной з найважнейшых дзяржаўных задач у Беларусі, выкананне якой магчыма толькі ў спакойнай, стабільнай краіне, дзе на першым месцы інтарэсы чалавека.

– Адкрыццё дома суправаджальнага пражывання – чарговы этап планамернай працы па сацыяльнай адаптацыі людзей, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах. Пачынаецца яна з аддзяленняў суправаджальнага пражывання ў саміх дамах-інтэрнатах, дзе пры падтрымцы і дапамозе спецыялістаў людзі, многія з якіх пазбаўленыя дзеяздольнасці, атрымліваюць навыкі самаабслугоўвання. Далейшая іх сацыялізацыя працягваецца менавіта ў дамах суправаджальнага пражывання, – сказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валерый Кавалькоў.

Дарэчы, у мінулым годзе падобны дом адкрыўся ў Чавускім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

На ўладкаванне Дома суправаджальнага пражывання «Забота» затрачана больш за 103,5 тысячы рублёў, у тым ліку сродкаў замежнай дабрачыннай арганізацыі – каля 78,8 тысячы, добраахвотных пералічэнняў фізічных асоб – больш за 4,4 тысячы, спонсарскай дапамогі – каля 3,1 тысячы; пазабюджэтных (ад дапаможнай гаспадаркі) і бюджэтных (купля мэблі, бытавой тэхнікі) – амаль 13,5 тысячы; бязвыплатнай дапамогі арганізацый – каля 3,6 тысячы. Таксама ад Магілёўскага аблвыканкама Каменскі дом-інтэрнат атрымаў новы мікрааўтобус на 19 месцаў, а Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўручыла навасёлам камп’ютар.

– Я крануты і шчыра ўдзячны за запрашэнне на ўрачыстую цырымонію адкрыцця Дома суправаджальнага пражывання, – адзначыў Фацы Серджыа. – І хачу сказаць, што тая матэрыяльная дапамога, якую фонд унёс у гэту высакародную справу, нішто ў параўнанні з той працай, якую робяць супрацоўнікі дома-інтэрната, штодня аддаючы ёй усе сілы і ўкладваючы сваю душу.

Дом суправаджальнага пражывання «Забота» – гэта добраўпарадкаваны двухпавярховы катэдж за 7 км ад Каменскага дома-інтэрната. Акрамя сямі спальняў (5 аднамесных і 2 двухмесных), у ім абсталяваны кухня, гасцёўня, санвузлы, душавыя, дапаможнае памяшканне. Хатнюю ўтульнасць і цяпло ў доме знайшлі 9 жанчын ва ўзросце ад 27 да 53 гадоў. Нягледзячы на тое, што ўсе яны прызнаныя недзеяздольнымі па прычыне розных асаблівасцяў стану здароўя (у асноўным умераная разумовая адсталасць), яны паспяхова адаптуюцца ў соцыуме, спраўляюцца з выкананнем сваіх сацыяльных функцый і здольныя падтрымліваць неабходны для гэтага ўзровень жыцця.

 mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая