Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка сустрэўся сёння з губернатарам Пензенскай вобласці Алегам Мельнічэнкам. Дэлегацыя наведвае наш рэгіён у рамках правядзення з 1 па 5 красавіка дзён Пензенскай вобласці.
Як адзначыў Анатоль Ісачанка, вынікі супрацоўніцтва Магілёўскай і Пензенскай абласцей маюць станоўчую дынаміку - за апошнія пяць гадоў узаемны тавараабарот павялічыўся ў 1,5 раза. У Пензенскую вобласць пастаўляюцца ліфты, вузлы і агрэгаты для рухавікоў, папера і кардон, пластмасавая тара, бытавая хімія і прадукты харчавання. Закупляецца, у сваю чаргу, тэхналагічнае і асвятляльнае абсталяванне, тэкстыльныя матэрыялы, кандытарскія вырабы.
«Разам з тым мы разумеем, што патэнцыял супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі значна шырэйшы, - падкрэсліў Анатоль Ісачэнка. - Знешні ціск, які аказваецца на нас, толькі ўмацоўвае эканомікі нашых рэгіёнаў, дае магчымасць больш эфектыўна выбудаваць кааперацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі, што ў канчатковым выніку ідзе ў скарбонку той значнай работы, якая праводзіцца ў нашай Саюзнай дзяржаве па ўмацаванню.
Многія нашы кампаніі, такія як «Магілёўліфтмаш», «Тэхналіт», Папяровая фабрыка «Спартак», «Белэмса», Парфумерна-касметычная кампанія «Сонца» ўжо актыўна працуюць з партнёрамі з Пензы».
Найважнейшым элементам праграмы знаходжання дэлегацыі Пензенскай вобласці на Магілёўшчыне стане эканамічны форум, адкрыццё якога адбудзецца 4 красавіка ў Палацы культуры вобласці. Тут прадстаўнікі дзелавых колаў змогуць наладзіць узаемавыгадныя адносіны і знайсці для сябе новых, надзейных партнёраў.
«Разумеючы ўсю важнасць эканамічнага ўзаемадзеяння, мы не павінны забываць і пра партнёрства ў сацыяльнай сферы, - падкрэсліў Анатоль Ісачанка. - Гэтаму будзе садзейнічаць цэлы шэраг мерапрыемстваў культурнай і ідэалагічнай накіраванасці, якія на працягу гэтага тыдня пройдуць у нас у вобласці.
Нашы брацкія народы на працягу многіх стагоддзяў не раз даказвалі сваю духоўную і культурную супольнасць. Мы цесна звязаны не проста гісторыяй, а сямейнымі традыцыямі. У нас адзін генетычны код. Менавіта таму мы павінны ўмацоўваць культурныя і турыстычныя сувязі, праводзіць сумесную работу ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі нашых рэгіёнаў.
Адным з ключавых мерапрыемстваў у гэтай сферы ў нашай вобласці з'яўляецца міжнародны маладзёжны патрыятычны праект «Дарогамі Памяці і Славы». Галоўная мэта якога заключаецца ў згуртаванні моладзі на аснове гістарычных і гераічных традыцый нашай Радзімы, супрацьстаянні спробам скажэння праўды аб ролі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён стартаваў у 2022 годзе як рэгіянальны праект, але бачачы вялікую цікавасць да яго з боку моладзі не толькі нашай вобласці - было прынята рашэнне правесці яго на больш маштабным узроўні з запрашэннем моладзі з прыгранічных рэгіёнаў. І ўжо ў 2023 годзе ўдзельнікамі праекта сталі 5 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі (Смаленская, Бранская, Ленінградская, Астраханская вобласці і Хабараўскі край). А ў мінулым годзе нас падтрымала яшчэ 6 рэгіёнаў (Калінінградская, Курская, Маскоўская, Омская і Тульская вобласці, Рэспубліка Мардовія).
У гэтым годзе праект стане яшчэ больш маштабным. Мы значна пашырым яго геаграфію і жадаем, пачаўшы аўтапрабег на Буйніцкім полі, завяршыць яго ў Маскве на Паклоннай гары».
Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што сёння вельмі важная праца з моладдзю: «Не будзем з імі працаваць мы, будуць працаваць іншыя. Мы павінны іх выхоўваць на нашым гераічным мінулым. Каб яны паважалі сучаснасць і смела глядзелі ў будучыню. Тады мы будзем спакойныя».
У сваю чаргу Алег Мельнічэнка адзначыў, што магілёўская зямля вельмі багатая на розныя кампетэнцыі ў галіне прамысловасці і ў аграрнай сферы: «У нас наладжана супрацоўніцтва ў частцы замены ліфтавай гаспадаркі. Тут цудоўны завод. За апошнія няпоўныя тры гады мы ўстанавілі 255 ліфтаў у рамках нашых мерапрыемстваў па замене састарэлага абсталявання ў жылым фондзе. Таксама ў Пензе ідзе актыўная будоўля, таму ў шматкватэрныя дамы таксама неабходны ліфты. Гэта адна з сур'ёзных кропак судотыку. Зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва, у кааперацыі і прамысловыя прадпрыемствы. У тым ліку, па праграме імпартазамяшчэння. У нас вялікая бізнэс-дэлегацыя і калі не мяшаць, то бізнэс вельмі хутка знойдзе ўсе неабходныя кропкі судотыку. Таму мы бачым вялізныя магчымасці і патэнцыял сумеснай працы Пензенскай і Магілёўскай абласцей.
Мы ў пачатку вялікага шляху - тавараабарот расце і мы будзем яго яшчэ далей нарошчваць». Алег Мельнічэнка таксама выказаў меркаванне, што ўведзеныя супраць нашых краін санкцыі толькі падштурхнулі да развіцця: «Санкцыі, насамрэч, нам вельмі дапамаглі. Я лічу, што нашыя так званыя былыя партнёры трошкі аблічыліся, калі ўводзілі іх. Паколькі яны толькі падштурхнулі нас да таго, што мы актыўна пачалі займацца ўласнай прамысловасцю, імпартазамяшчэннем. Застаецца толькі сказаць ім «дзякуй». Мусіць, чым больш санкцый, тым хутчэй мы будзем ісці да самадастатковасці».
Адзначыў ён і тое, што ў нашых краін агульныя культурныя традыцыі, а паразуменне закладзена на падкорцы: «Мы адзін аднаго добра разумеем і таму з вялікай павагай ставімся да культуры беларускага народа, адпаведна, мы ведаем, што і ў Беларусі любяць нашыя творчыя калектывы. Гатовы падзяліцца нашай культурай з беларускім народам, я ведаю, што гэта заўсёды ўспрымаецца вельмі станоўча. Таму думаю, што культурная праграма і абмен калектывамі ў нас наладжаны цудоўна. І ў гэтым напрамку таксама бачацца вялікія перспектывы.
Ну і, адпаведна, немалаважнае развіццё ўзаемнага турызму. Да прыкладу, Пенза - гэта радзіма Міхаіла Юр'евіча Лермантава, там ён пахаваны. А літаратурныя традыцыі вельмі каштоўныя для абедзвюх нашых краін, такім чынам, у гэтым напрамку мы таксама гатовы працаваць і супрацоўнічаць».
Завяршылася сустрэча падпісаннем бакамі Плана мерапрыемстваў на 2025-2027 гады. Анатоль Ісачэнка выказаў упэўненасць, што гэты дакумент і візіт у цэлым надасць значны імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню Магілёўскай і Пензенскай абласцей і прапанаваў больш актыўна задзейнічаць патэнцыял Магілёва і Пензы, якія вось ужо 15 гадоў з'яўляюцца пабрацімамі.
Далей дэлегацыя Пензенскай вобласці на чале з губернатарам Алегам Мельнічэнкам адправілася ў мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
04.06.2025 - 15:15
28.05.2025 - 16:11
27.05.2025 - 10:56
Алена Пруднікава-Кірпічонак прадстаўлена на пасадзе намесніка старшыні Магаблвыканкама
22.05.2025 - 14:25
20.05.2025 - 11:19
Выязны прыём 23 мая ў Хоцімскім раёне правядзе Аляксандр Гарошкін