RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: трэба навучыць моладзь разумець сутнасць працэсаў, якія адбываюцца.

Аб неабходнасці набыцця ў лізінг будаўнічай тэхнікі, рамонце дарог, увекавечванні памяці ахвяр генацыду сёння гаварылі жыхары Клічава на выязным прыёме, які правёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Яўгенія Калініна, які пражывае ў аграгарадку Арэхаўка Клічаўскага раёна, турбуюць дрэнныя дарогі не толькі на роднай вуліцы Будаўнікоў:

– Ва ўсім населеным пункце з імі бяда: увосень, увесну, у адлігу, паводка на іх – ні прайсці, ні праехаць. Каб з нашай вуліцы, з Азёрнай, Прыазёрнай дабрацца ў цэнтр пасёлка – у дзіцячы садок за дзіцем, у краму, трэба абуваць гумовыя боты. Асфальт тут быў даўно, калі я сам яшчэ ў яслі хадзіў. З таго часу дарогі перыядычна падсыпаюць, але толку мала.

Намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама па будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Канстанцін Чарных, які прысутнічаў на прыёме, пацвярджае: «Дарогі ў аграгарадку сапраўды рэгулярна падсыпаем, грэйдуем, але пасля дажджоў некаторыя ўчасткі са жвірова-шчабёнкавым пакрыццём ператвараюцца ў гразь. Праблема ёсць, а грошай на яе вырашэнне недастаткова. Хутка пачнём там работы, але зможам «закрыць» толькі частку вуліц: кіламетра паўтара Азёрнай, з кіламетр Прыазёрнай, метраў 800 – вуліцы 60 год СССР. На ўвесь аграгарадок Арэхаўка не хапае фінансавання, мы абмежаваныя ў сродках».

– Едзьце туды яшчэ раз, ацаніце якасць пакрыцця, пралічыце кошт рамонтных работ, пасля прымем рашэнне, як быць далей, – дае даручэнне Анатоль Міхайлавіч.

У начальніка Клічаўскай ПМК № 258 Анатоля Рыжковіча – пытанне, вырашыць якое ён як кіраўнік на мясцовым узроўні не ў сілах. Хаця спрабаваў. Прадпрыемству патрэбныя новы франтальны пагрузчык, аўтакран, МАЗ з паўпрычэпам. Пад праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна, якая прадугледжвае выдзяленне бюджэтных сродкаў, у тым ліку і на набыццё тэхнікі, Клічаўскі раён не падпадае. Хацела прадпрыемства скарыстацца Указам Прэзідэнта № 146 «Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання» і аформіць лізінг – не атрымалася.

Малады кіраўнік, які працуе ўсяго другі год, вымушаны арандаваць 25-тонны кран, якога ў ПМК няма. Для працы гэта неабходна, але для прадпрыемства вельмі кепска:

– Арэнда дарагая, за адзін месяц аддалі каля 29 тысяч рублёў, за другі – каля 22. За год набяжыць тысяч 300. А змаглі б набыць у лізінг пагрузчык «Амкадор», аўтакран і МАЗ з паўпрычэпам, штомесяц выплачвалі б 7-10 тысяч рублёў . Такую суму пацягнем, аформіўшы крэдыты. І істотна б зэканомілі, улічваючы, што плаціць давядзецца 7 гадоў.

– Кошт пытання? Колькі каштуе ўся неабходная новая тэхніка? – выслухаўшы кіраўніка, занепакоенага лёсам прадпрыемства, цікавіцца Анатоль Ісачанка.

Высвятляецца: каля 700 тысяч рублёў.

– Яшчэ раз са спецыялістамі ўсё пралічым, абмяркуем варыянты, прапрацуем гэтае пытанне з банкамі, – абяцае старшыня аблвыканкама. – ПМК трэба Клічаўскаму раёну, трэба дапамагчы.

Падзякаваць кіраўніцтву вобласці ў асобе Анатоля Ісачанкі за аказаную дапамогу ў рамонце мемарыяльнага комплексу «Усакіна», могілках «Востраў Верамееўка», дзе пахавалі байцоў партызанскага атрада «Слаўны», прыйшоў старшыня Клічаўскага раённага Савета ветэранаў Анатоль Гертман.

– Увекавечанне гістарычнай памяці, духоўна-маральнае, патрыятычнае выхаванне моладзі – адна з галоўных місій нашай арганізацыі, – падкрэсліў Анатоль Барысавіч. – У гэтым плане ў Клічаўскім раёне, які быў у гады Вялікай Айчыннай вайны адной з самых вялікіх партызанскіх зон Беларусі, праведзена вялікая праца: у нас выдатныя раённы і школьныя музеі, мы праводзім шмат тэматычных мерапрыемстваў на ваенную тэматыку. Але я ўпэўнены: патрыятычнае выхаванне трэба ўздымаць на больш высокі ўзровень. У наш час, калі ідзе барацьба за розумы і душы людзей, калі на моладзь абвальваецца вялізны паток інфармацыі, трэба навучыць іх разумець сапраўдную сутнасць працэсаў, якія адбываюцца.

Будаваць будучыню, упэўнены Гертман, можна толькі на веданні гісторыі, шанаванні свайго мінулага.

– У бытнасць СССР пытанні генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны замоўчваліся, і гэта было вялікай памылкай. Сёння, калі мы дамагаемся прызнання і асуджэння генацыду беларускага народа на міжнародным узроўні, актуальнае пытанне ўшанавання памяці ахвяр Халакоста. У нашым раёне, як і па ўсёй краіне, выяўляюцца да гэтага невядомыя пахаванні мірных жыхароў. У сувязі з гэтым у нас, ветэранаў, нарадзілася прапанова: каб годна прадставіць гэты адрэзак гісторыі ў ваеннай біяграфіі Клічаўскага раёна, мы выступаем з ініцыятывай стварыць мемарыял ахвярам генацыду на тэрыторыі комплексу «Усакіна».

Абеліскі ў гонар ахвяр генацыду – сімвалы няўціхлага смутку беларускага народа. Яны патрэбныя, каб мы памяталі пра трагічныя лёсы продкаў, пра бясчынствы фашыстаў. Пытанне аб стварэнні мемарыяла ў Клічаўскім раёне, паводле слоў Анатоля Ісачанкі, будзе прапрацавана.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая