Адкрыццё памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны «Дрэва жыцця» адбылося сёння ў Магілёве. Цырымонія прайшла на месцы масавага пахавання мірных жыхароў часоў вайны ў Казіміраўскім лесе па вуліцы Раўчакова. Таксама ў гэты дзень праведзена перапахаванне астанкаў 304 чалавек, знойдзеных тут летась падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.
Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, дзярждарадца юстыцыі 2 класа Андрэй Швед, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр Гарошкін, старшыня Маггарвыканкама Сяргей Чарткоў, арцыбіскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі ўладыка Сафроній, прадстаўнік Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага, настаяцель кафедральнага сабора Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Магілёве ксёндз Уладзімір Русак. Ушанаваць памяць нявінна забітых прыйшлі таксама кіраўнікі рэлігійных абшчын і арганізацый, органаў мясцовай улады, судовых, праваахоўных і кантралюючых органаў, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, жыхары і госці горада і вобласці, удзельнікі міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы» з кожнага рэгіёну Магілёўскай вобласці і дваццаці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
Адкрываючы памятны знак у памяць аб усіх ахвярах генацыду, Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што ў гэтых злачынстваў няма тэрміну даўніны, іх нельга забыцца і немагчыма дараваць: «Магілёўская зямля, як і ўся Беларусь, прасякнута крывёю нявінных ахвяр. Мы ведаем пра катаванні і здзекі з вязняў лагераў смерці ў Магілёве, Бабруйску, Крычаве. Мы памятаем жыўцом спаленых жыхароў вёскі Боркі. Мы не забудзем крыкі аб дапамозе мірнага насельніцтва, расстралянага ў Палыкавічах, Пашкава і многіх тысячах іншых.
У гэтых злачынстваў няма тэрміна даўніны, іх нельга забыць і немагчыма дараваць. Замоўчванне гэтых фактаў з'яўляецца злачынствам, а забыццё можа прывесці да паўтарэння страшнай трагедыі».
Звяртаючыся да прысутных, і да моладзі - у прыватнасці, Анатоль Ісачанка адзначыў, што захаванне гістарычнай памяці і праўды - гэта святы абавязак кожнага: «Вы павінны разумець і ўсведамляць, што адбывалася ў гэтых месцах шмат гадоў таму. І самае галоўнае - зрабіць усё, каб больш ніколі гэтага не дапусціць.
Нашы продкі коштам вялізных страт выпакутавалі і заваявалі Перамогу. Але яны не зніклі бясследна ў той вайне. Яны заўжды з намі. У дагледжаных пахаваннях, мемарыялах і брацкіх магілах. Але, самае галоўнае, назаўжды ў нашай памяці», - падкрэсліў ён.
Адказваючы на пытанні журналістаў пасля заканчэння цырымоніі, кіраўнік рэгіёну яшчэ раз падкрэсліў, што пра гэта нельга маўчаць: «Наш святы абавязак – данесці ўсё гэта, расказаць праўду, каб не было скажэнняў вайны. Бо вы бачыце, што робіць Захад: ён усяляк спрабуе сказіць, перапісаць гісторыю, замаўчаць тыя страшныя гады, тую трагедыю, якая адбылася. Замаўчаць тое, што гэта быў сапраўды генацыд мірнага насельніцтва. Мы павінны пра гэта заўсёды памятаць, каб падобнае ніколі не паўтарылася».
Як расказаў Андрэй Швед, больш за чатыры гады Генпракуратура сумесна з калегамі са следчага камітэта, органаў па НС, Мінабароны, камітэта судовых экспертыз, органаў выканаўчай улады з усімі неабыякавымі людзьмі вядзе расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Ён нагадаў, што крымінальная справа была заведзеная, калі кіраўнік дзяржавы сказаў, што людзі павінны ведаць праўду: «Тады мы і самі не ведалі маштабы трагедыі. І за чатыры гады расследавання да гэтага часу не можам сказаць, колькі было тут, на нашай зямлі, знішчана людзей. Па апошніх нашых дакладных дадзеных - больш за 3 млн чалавек. Больш за 12,8 тыс. населеных пунктаў былі знішчаны поўнасцю або часткова. Толькі буйных карных аперацый налічваецца больш за 180. Увесь перыяд акупацыі, усе 1132 дні, фашысты кожны дзень па-зверску нішчылі людзей. Таму што яшчэ да пачатку вайны яны выносілі планы забіць усіх і кожнага, жадаючы, каб нашая зямля належала толькі ім, а нас не павінна было тут быць».
Ён звярнуў увагу і на тое, што страшныя лічбы, якія былі на момант узбуджэння крымінальнай справы, і тыя, пра якія гаворыцца сёння, сведчаць аб тым, што маштабы трагедыі ў некалькі разоў большыя, чым пра гэта паведамлялася ў савецкія часы. «Здавалася б, летась мы папярэдне акрэслілі нейкія межы, але калі сталі вывучаць архівы, апошнія дакументы, раней не вядомыя, толькі за апошнія некалькі месяцаў мы даведаліся пра яшчэ звыш 500 раней не вядомых сёлаў і вёсак, якія былі поўнасцю або часткова спалены. Нажаль, гэтая журботная лічба будзе толькі павялічвацца. Працу будзем праводзіць да самага канца, да самага апошняга месца, пакуль не даведаемся прозвішча кожнага ката і па магчымасці імёны ўсіх тых, хто быў імі закатаваны».
Сярод тых, хто прыйшоў сёння на цырымонію адкрыцця памятнага знака - 85-гадовая Марыя Талкачова. Для яе асабіста адкрыццё помніка стала доўгачаканай падзеяй, паколькі пра тыя страшныя часы яна ведае не па чутках. Дом магіляўчанкі размешчаны якраз ля ўскраіны Казіміраўскага лесу і жанчына была сведкам тых страшных падзей. На пачатак вайны ёй не было і двух гадоў, але яна ўсё жыццё памятае апавяданні мамы і старэйшых сясцёр пра тыя жахі і зверствы, якія яны бачылі на свае вочы: «На сёмы дзень вайны бацька добраахвотнікам пайшоў на фронт, а мама засталася з пяццю дзецьмі: старэйшай з якіх было 10, а малодшай - усяго месяц. - Фашысты наступалі, Магілёў трымаў абарону - гэта было цяжкі час. Каля нашага дома ўпала бомба, выбіўшы вокны і дзверы. І мы пару месяцаў сыходзілі начаваць у зямлянку на Дубравенцы. Маме прыходзілася няпроста з маленькімі дзецьмі, сіл не было, і аднойчы падчас бамбёжкі самую малодшую дачку ёй прыйшлося пакінуць у хаце, а старэйшых адвесці ў зямлянку. Мацярынскае сэрца рвалася, і як толькі бамбёжка скончылася, сярод ночы яна кінулася дадому, на шчасце, дом ацалеў, яна змагла забраць малую.
Немцы высеклі найпрыгожы лес, павезлі ў Нямеччыну. І на гэтай тэрыторыі пачалі тварыць свае зверствы: прывозілі людзей у душагубках, капалі вялізныя ямы, выбудоўвалі вакол людзей і расстрэльвалі, не шкадуючы ні дзяцей, ні старых. Людзі крычалі, падалі ў яму, жывых і мёртвых іх закопвалі. Зямля не вытрымлівала, у акрузе стаяў стогн. І так адбывалася практычна кожны дзень. Мама са старэйшымі дочкамі і іншыя мясцовыя жыхары хадзілі выцягваць тых, хто выжыў, закопвалі загінуўшых. Аднойчы мама прывяла з сабой і некалькі дзён хавала ў нашай зямлянцы яўрэйскую жанчыну з дачкой, пакуль яны не акрыялі і не сышлі. А мае старэйшыя сёстры хадзілі капаць акопы, бо ўсе дарослыя на фронце, а маці з малымі дзецьмі...
Таму я шчыра ўдзячна і нашым савецкім воінам за іх мужнасць, і нашай дзяржаве і Прэзідэнту, удзячная і Расіі, за тое, што такая ўвага надаецца светлай памяці тых людзей, якія аддалі жыцці за нашу свабоду, і тых мірных жыхароў, якія пацярпелі бязвінна ад рук фашыстаў. Я заўсёды нагадваю пра гэта сваім дзецям і ўнукам, ваджу іх да памятных мясцін.
Колькі гора, слёз і болі вытрымала гэтая зямля, гэты свяшчэнны кавалачак. Няхай светлая і вечная памяць аб тых, хто пацярпеў ад фашызму, жыве і няхай нашы дзеці, унукі і моладзь памятаюць, ведаюць і цэняць Перамогу. Тое, што мы сёння маем мірнае, спакойнае жыццё. І каб ніколі больш на нашай зямлі не паўтарыліся гэтыя падзеі. І каб нашы дзеці памяталі і шанавалі памяць аб усіх, хто аддаў сваё жыццё за мір, свабоду і нашу незалежнасць».
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.06.2025 - 10:43
19.06.2025 - 18:07
18.06.2025 - 16:13
17.06.2025 - 10:05
Падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена выкладчыкам і студэнтам вышэйшых навучальных устаноў
13.06.2025 - 09:09
Анатоль Ісачанка правядзе 18 чэрвеня ў Крычаве выязны прыём грамадзян