RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: устояны клуб, які можа ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і самае галоўнае - іх дасягаць

Ушанаванне баскетбольнай каманды «Барысфен» - уладальніка Кубка Беларусі па баскетболе сярод мужчынскіх каманд сезона 2023 года - адбылося ў Магілёўскім аблвыканкаме. У гісторыі клуба галоўны трафей Кубка Беларусі - першы на рахунку. Напярэдадні Новага года гэтая спартовая навіна стала выдатным падарункам для ўсёй Магілёўшчыны. Сёння ва ўрачыстай абстаноўцы падзячныя пісьмы і грашовую ўзнагароду ўручыў спартсменам і трэнерскаму складу старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

«Я шчыра рады адзначыць чарговую значную вяху ў развіцці баскетбола Магілёўшчыны. Ён мае даўнія традыцыі і да гэтага часу з намі побач тыя, хто быў ля вытокаў станаўлення клубнага баскетбола. Час паказаў, што рашэнне аб стварэнні ў 2010 годзе клуба «Барысфен» было абсалютна апраўданым. З'явілася магчымасць стабільна ўкладваць рэсурсы бюджэту, прыцягваць прадпрыемствы для аказання падтрымкі, што таксама немалаважна. Усё гэта не магло не прынесці тых вынікаў, якіх так чакалі аматары баскетбола. Сёння - гэта адзін з клубаў краіны, які найбольш дынамічна развіваецца, - адзначыў ён. - Пераднавагодні тыдзень прынёс камандзе вышэйшы тытул. Безумоўна, гэта ў першую чаргу заслуга спартсменаў, трэнераў, але нельга не адзначыць уклад у поспех і балельшчыкаў клуба. Таму што любая гульня - гэта перш за ўсё адданыя аматары спорту, якія шчыра падзяляюць усе падзеі: радуюцца перамогам, засмучаюцца паразам і працягваюць падтрымліваць і верыць у поспех».

Як адзначыў старшыня аблвыканкама, кіраўніцтва рэгіёну сумесна з абласной федэрацыяй баскетбола пастаянна робіць захады па далейшаму развіццю гэтага віду спорту: у склад каманды ўключана дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, створана даччыная каманда, што ўсяляе аптымізм за будучыню клуба. Цяпер праводзіцца работа па стварэнню цэнтра падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву па баскетболу на базе школы, якая будуецца ў раёне Стасава-Грышына. Чакаецца, што гэта стане яшчэ адным штуршком для развіцця гэтага напрамку спорту.

«Каманда прайшла вялікі шлях для таго, каб заваяваць гэты тытул: пяць сярэбраных медалёў, чатыры бронзавыя. Устояны клуб, які можа ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і самае галоўнае - іх дасягаць. Яны парадавалі і сваіх адданых балельшчыкаў, і ўсіх жыхароў вобласці ў цэлым. І мы сабраліся выказаць ім падзяку - за іх волю, за іх перамогу, за тое, што праяўляюць характар. Мы ўсе павінны так рабіць. Каб быць на першых ролях па ўсіх кірунках. Да гэтага трэба імкнуцца», - рэзюмаваў Анатоль Ісачэнка.

«Прыемна пачуць цёплыя словы на свой адрас, на адрас клуба і каманды. Мы доўга ішлі да гэтай знамянальнай падзеі - чэмпіёнства ў Кубку Беларусі. Прэстыжна і вельмі прыемна ўсведамляць, што мы стварылі гэтую гісторыю, гэты характар пераможцы, - выступіў з словам у адказ галоўны трэнер «Барысфена» Андрэй Крыванос. - Клуб заўсёды імкнуўся да гэтага, кіраўніцтва заўсёды падтрымлівала. З атрыманай перамогай, я спадзяюся, што нашы мэты, задачы і дасягненні будуць толькі лепей.

Удзячны камандзе, якая пасля дзвюх напружаных гульняў і пройгрышу змагла сабрацца і праявіць свой характар, выстраліўшы ў Кубку Беларусі. Удзячны кіраўніцтву клуба, якое паверыла ў нас. Мы паказалі, што можам змагацца на любым узроўні і выйгралі ў цяжкай барацьбе. Асобна ўдзячны кіраўніцтву вобласці і Міністэрству спорту за дапамогу і цікавасць да баскетбола, усебаковае развіццё. Удзячны заўзятарам, якія заўсёды побач з намі, падтрымліваюць і натхняюць».

Па завяршэнні выступу, галоўны трэнер перадаў старшыні аблвыканкама мяч з аўтографамі ўдзельнікаў «залатой» каманды.
 
«У планах далей набірацца досведу і дасягаць новыя вяршыні, імкнуцца выйграваць усе гульні, медалі і трафеі, – падзяліўся спартовец-інструктар Ягор Юр'еў. - Мы наладжваліся на барацьбу, хацелі паказаць добрую гульню. У першую чаргу, не хацелася ўпасці ў бруд тварам, трэба было трымаць марку - і ў нас атрымалася. Мы навязалі барацьбу, а потым зразумелі, што проста паказаць добрую гульню ўжо недастаткова, мы жадаем выйграць. Так і атрымалася забраць перамогу».
 
Наступная задача, як падзяліліся чальцы каманды - забыцца гэтую перамогу і не збівацца з тэмпу, рыхтуецца да фінальных гульняў плэй-оф у траўні.

«Будуць усё тыя ж супернікі. Трэба будзе зноў біцца, змагацца, адстойваць, забіраць першы чэмпіянат для Магілёва, - падзяліўся планамі яшчэ адзін удзельнік каманды Аляксандр Капачоў. - Усе перамогі, усе заслугі - для нашых заўзятараў. Мы вельмі шануем тых людзей, якія прыходзяць на гульні, ездзяць за намі, не лічачыся з часам і фінансамі, хварэюць, падтрымліваюць - гэта самыя шчырыя эмоцыі, якія ідуць ад сэрца».
 
«І гэта дае неверагодны штуршок, - падхоплівае Ягор Юр'еў. - Ты адразу адчуваеш груз адказнасці, але яна цябе не прыбівае, а наадварот акрыляе. Таму ільвіная доля перамогі - гэта заслуга заўзятараў».

Як адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму Сяргей Новікаў, за доўгачаканай перамогай клуба стаіць вялізная калектыўная праца, у якой няма дробязяў: «Нельга пераменшыць нічые заслугі, пачынаючы ад спартсменаў, трэнерскага складу, да кіраўніцтва клуба і органаў улады, якія садзейнічаюць развіццю баскетбола ў рэгіёне.

Вядома, немалаважная вера спартоўцаў у саміх сябе, давер трэнеру. Бо трэнер вядзе за сабой каманду, «лепіць» яе ад гульні да гульні. Безумоўна, поспех прыходзіць туды, дзе ўсе перажываюць і хварэюць за сваю справу.

Таксама вельмі важна, ствараючы каманду, выбудоўваць сістэму, выхоўваць моладзь. Павінна быць здаровая канкурэнцыя, якая будзе падганяць спартсменаў, станоўча ўплываць на агульны вынік. Менавіта таму ўдзяляецца ўвага і абсталяванню новых пляцовак для заняткаў спортам, стварэнню спартыўных класаў у агульнаадукацыйных школах. Так, у спартыўнай зале школы, якая будуецца, у новым мікрараёне Стасава-Грышына будуць прадугледжаны ўсе неабходныя ўмовы для прафесійных заняткаў баскетболам. Як для трэніровак вопытных спартсменаў, так і для выхавання падрастаючай змены».

Ва ўрачыстай цырымоніі таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама, старшыня Магілёўскай абласной федэрацыі баскетбола Руслан Страхар, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, намеснік старшыні абласной федэрацыі баскетбола Віталь Ігнатовіч, дырэктар Баскетбольнага клуба «Барыфен».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая