RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: выбарчая кампанія праходзіць у спакойным рэжыме

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка сустрэўся сёння з міжнароднымі наглядальнікамі ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Удзел у сустрэчы таксама прынялі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, сёлета ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, у нашай краіне ўпершыню праводзіцца адзіны дзень галасавання. У рэгіёне працуюць абласная, 13 акруговых, 21 раённая і 151 сельская выбарчая камісія. Па ўсіх акругах забяспечана альтэрнатыўнасць выбару кандыдатаў у дэпутаты. Таксама ў вобласці акрэдытавана 5395 назіральнікаў, створана 693 участкі для галасавання, у тым ліку, 32 закрытыя - у бальніцах, санаторыях. Губернатар падкрэсліў, што ў рэгіёне зацікаўлены ў максімальным падключэнні прадстаўнікоў місіі краін СНД да назірання за выбарчым працэсам і чакаюць аб'ектыўную ацэнку аб ходзе электаральнай кампаніі. Неабходнае для бесперашкоднай работы садзейнічанне будзе аказана, запэўніў Анатоль Ісачанка.

«Выбарчая кампанія праходзіць у спакойным рэжыме. Мы адзначаем зацікаўленасць насельніцтва. Яўка традыцыйна высокая. Па дадзеных на сённяшнюю раніцу каля 37% людзей прыйшлі на ўчасткі і прагаласавалі. Таму чакаем, што і сёньня яўка будзе высокая. Была праведзена вялікая агітацыйная праца, - распавёў ён. - Заўтра - адзіны дзень галасавання. Думаю, ён пройдзе ў спакойным, працоўным становішчы. Выбаршчыкі прыходзяць, галасуюць, нейкіх асаблівых праблем не ўзнікае. Усе настроены на працу. Упэўнены, усё будзе спакойна і добра. Гэта наш выбар, які мы робім за нашу краіну, за моцную ўладу, накіраваную на служэнне народу. Таму мы ўсе павінны зрабіць свой выбар».

Удзельнікі місіі назіральнікаў ад СНД падзякавалі кіраўніцтву вобласці за магчымасць дыялогу і падзяліліся сваімі меркаваннямі і ўражаннямі.

Міжнародны назіральнік Тактасун Сабыраў распавёў, што гэта ўжо 12-я маніторынгавая місія ад місіі назіральнікаў ад СНД на тэрыторыі Беларусі: «На сёння, напярэдадні адзінага дня галасавання, у складзе міжнародных назіральнікаў працуе 235 прадстаўнікоў. Яны прадстаўляюць Міжпарламенцкую Асамблею СНД, Парламенцкую Асамблею АДКБ, Выканкам Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

У рамках місіі доўгатэрміновага маніторынгу з 22 студзеня мы аб'ехалі практычна ўсе рэгіёны Рэспублікі Беларусь, у тым ліку - Мінск. Назіраліся тэрытарыяльныя, акруговыя, участковыя выбарчыя камісіі. На сёння можна з поўнай упэўненасцю канстатаваць, што ўсе ўчасткі забяспечаны ўсёй матэрыяльна-тэхнічнай базай, сродкамі сувязі, прававой, метадычнай літаратурай. На ўчастках ёсць уся неабходная інфармацыя аб кандыдатах у дэпутаты, аб парадку самога галасавання. Мы ўпэўненыя, што выбары пройдуць на высокім арганізацыйным узроўні. Усе свае адзнакі мы акумулюем у штаб місіі назіральнікаў ад СНД, які па выніках выбараў зробіць адпаведныя адзнакі».

Ягоны калега Аляксандр Станькоў падзяліўся, што ў якасці міжнароднага назіральніка прыязджае ў Беларусь не першы раз і з вопыту мінулых гадоў ацэньвае правядзенне выбараў станоўча: «Мне спадабалася, што ў Беларусі выбары праходзяць легітымна, у рамках закону, без парушэнняў. Гэта заўсёды сьвята. Прыемна адзначыць, што кампанія праходзіць арганізавана, асвечаныя агітацыйныя моманты, аформлены па ўсіх правілах участкі, прыемна бачыць моладзь сярод галасуючых. Спадзяюся, што ў адзіны дзень галасавання выбары па традыцыі пройдуць легітымна, у межах заканадаўства, спакойна. І народ абярэ тых, хто заслужыў іх давер і годна будзе прадстаўляць іх інтарэсы. Бо ад дэпутатаў залежыць будучае развіццё і жыццё краіны».

Яшчэ адзін з прадстаўнікоў місіі Андрэй Літвінаў зазначыў, што яму прыемна ўдзельнічаць у складзе місіі назіральнікаў ад СНД на выбарах у Беларусі: «За няпоўныя суткі, што знаходзімся на тэрыторыі рэгіёну, мы яшчэ раз паглядзелі ўсю дакументацыю, заканадаўчую базу, звязаную з выбарамі. Бо кожная краіна мае свае асаблівасці. Таксама наведалі некаторыя выбарчыя ўчасткі і, самае галоўнае, пераканаліся ў той вялізнай рабоце, якая праведзена за час падрыхтоўкі да адзінага дня галасавання. Гэта маштабны працэс - ад выбарчых камісій, размешчаных у сельскай мясцовасці, да самага вышэйшага ўзроўню неабходна было ўсё выверыць. І мы лічым, што Беларусь сёння поўнасцю гатова да выбараў. Самае галоўнае нам, як назіральнікам, ні ў якім разе не ўмешвацца ў выбарчы працэс, а наадварот - садзейнічаць таму, каб волевыяўленне грамадзян было свабодным і спакойным. Я думаю, што пры такой арганізацыі выбараў будуць вельмі добрыя вынікі, менавіта тыя, на якія спадзяюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь».

Сваімі ўражаннямі падзялілася і замежны назіральнік Алена Арцёмянкова: «У складзе місіі назіральнікаў ад СНД знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь - асаблівы гонар. Вядома, сярод нашых задач - наведванне выбарчых участкаў. Мы будзем ацэньваць, якая абстаноўка складаецца, наколькі актыўна людзі прымаюць удзел, гатоўнасць выбарчых камісій да такой значнай падзеі. Паколькі адзіны дзень галасавання праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь упершыню, у сувязі са зменамі заканадаўства, якія адбыліся ў краіне. Хочацца пажадаць, каб у асноўны дзень галасавання выбары прайшлі гэтак жа годна, сумленна, адкрыта і спакойна, як мы назіраем гэта зараз. Людзі актыўна праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю, прыходзяць на ўчасткі ў настроі, з дзецьмі, шмат моладзі, якая, напэўна, бярэ ўдзел у выбарах упершыню. Усё гэта гаворыць аб тым, што кожны грамадзянін адчувае сваю адказнасць перад краінай».
 
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрылавіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая