У Шклове прайшло ўрачыстае ўручэнне атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі. Значны ў жыцці кожнага маладога чалавека дакумент выпускнікі атрымалі ад міністра адукацыі Андрэя Іванца.
«Шклоўская зямля багатая на таленавітых людзей і знакамітых выпускнікоў, - падкрэсліў Андрэй Іванец. - Упэўнены, што і сярод сёлетніх выпускнікоў будуць вядомыя педагогі, вучоныя, інжынеры, дзяржаўныя дзеячы, якія праславяць сваю зямлю і нашу родную Беларусь. За 11 гадоў вучобы галоўную ролю ў іх выхаванні і навучанні адыгралі настаўнікі. Хацелася б выказаць ім асаблівыя словы падзякі за працу і душэўную цеплыню, якую яны кожны дзень укладваюць у дзяцей. Кожны дзень побач з вучнямі былі іх бацькі, і для кожнага з іх шлях дзіцяці ў дарослае жыццё стаў яшчэ больш хвалюючым, чым для самога выпускніка».
Міністр адукацыі ўдакладніў, што з больш як 160 выпускнікоў шклоўскай зямлі ёсць 10 медалістаў і двое юнакоў, якія атрымалі стобальныя вынікі. Гэта добры задзел на будучыню, улічваючы, што перад імі адкрыты ўсе дарогі. «У нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб кожны малады чалавек змог сябе рэалізаваць: адчыненыя дзверы каледжаў і універсітэтаў, дзе рыхтуюць высакакласных спецыялістаў. Але самае галоўнае для выпускнікоў - быць адказнымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй краіны», - дадаў ён.
Андрэй Іванец таксама падкрэсліў, што выпускны дзень - адзін з самых хвалюючых момантаў у жыцці кожнага маладога чалавека. «Сустракаючыся на шклоўскай зямлі з выпускнікамі 2025 года, важна было пажадаць ім удачы і веры ў свае сілы, - сказаў ён. - Хочацца, каб веды, навыкі і ўменні, якія ім перадалі педагогі, цеплыня, клопат і падтрымка, якую даюць бацькі, дапамаглі ім смела і ўпэўнена рухацца да сваёй мары. Мы чакаем выпускнікоў у сценах каледжаў і ўніверсітэтаў нашай краіны і ўпэўненыя, што кожны з іх знойдзе свой шлях, стане сапраўдным прафесіяналам і прынясе карысць нашай краіне».
«Мерапрыемства маштабнае, і мне вельмі спадабалася, - падзяліўся ўражаннямі выпускнік гімназіі г.Шклова Дзмітрый Апулінскі. - Нават міністр прыехаў, што выклікае пачуццё гонару за сваю малую радзіму. Я паступаю ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, а пасля яго заканчэння планую вярнуцца дадому і тут працаваць. Прайшоў перыяд іспытаў, усе свае адзнакі я пацвердзіў, нават некаторыя падвысіў - цалкам задаволены сабой. У мяне вельмі дружны клас, добры класны кіраўнік, якога мы вельмі любім, таму застануцца самыя лепшыя ўспаміны пра школьныя гады. І ўвогуле, у мяне самая лепшая гімназія».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
05.07.2025 - 15:44
«Усё вельмі весела і цікава». Госці свята «Купалле» ў Александрыі дзеляцца сваімі ўражаннямі
05.07.2025 - 12:33
03.07.2025 - 08:46
Адрэстаўраваны памятны знак адкрыла транспартная інспекцыя ў Быхаўскім раёне (відэа)
02.07.2025 - 17:12
Для гасцей «Купалья», якія жадаюць пераначаваць у Александрыі, будзе працаваць палатачны гарадок
30.06.2025 - 12:29
Клічаўскі лясгас амаль удвая перавыканаў план лесааднаўлення