У Бялынічах урачыста адкрылі XXVІІ Дзень беларускага пісьменства. Са сцэны гучала літаратурная спадчына Уладзіміра Караткевіча, краязнаўчыя матывы, паданні і інтэрпрэтацыі гістарычных падзей, звязаных з Бялыніцкім краем, развіццём кнігадрукавання.
«Некаторыя з мясцовых жыхароў памятаюць, як на Савецкай вуліцы летам 1994 года сабраліся людзі. Яны ведалі, што праз Бялынічы па дарозе на Мінск павінен праехаць Аляксандр Лукашэнка, які толькі-толькі быў абраны кіраўніком краіны. Людзі дачакаліся свайго Прэзідэнта. Віншавалі яго з перамогай, нейкая жанчына нават прынесла каравай. І, безумоўна, кожны з прысутных спадзяваўся, што іх родныя Бялынічы пры народным Прэзідэнце з пасёлка ператворацца ва ўтульны для жыцця гарадок», – адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.
Ён падкрэсліў, што сёння святочны райцэнтр дапамагае даць аб’ектыўную ацэнку таго, як ажыццявіліся гэтыя надзеі. І справа тут не толькі ў абноўленых вуліцах і новых аб’ектах. «Тут большае. Жаданне Прэзідэнта ўдыхнуць жыццё ў маленькія гарады і пасёлкі, захаваць сапраўдную Беларусь – з духмяным караваем і шчырымі людзьмі. І такія святы, як сёння, дапамагаюць гэта зрабіць», – упэўнены Андрэй Кунцэвіч.
Пачынаючы з 1994 года, Дзень беларускага пісьменства прымалі ў самых розных кутках Беларусі. І за гэты час свята прайшло шлях да маштабнага праекта, без якога нельга ўявіць духоўнае жыццё нашага народа. «Мы прайшлі гэты шлях разам. І змаглі пабудаваць нашу мірную Беларусь таму, што былі разам. Таму словы Прэзідэнта пра яднанне беларусаў у пасланні да ўдзельнікаў сёлетняга свята гучаць па-асабліваму», – канстатаваў Андрэй Кунцэвіч.
Вітаючы гасцей Дня беларускага пісьменства, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў, што на Бялыніцкай зямлі жывуць працавітыя і таленавітыя людзі. Тут магутная гістарычная спадчына, таму райцэнтр абраны сталіцай правядзення свята. І гэта –гонар для Магілёўшчыны. «Сёння мы аддаём даць памяці тым, хто ствараў беларускую культуру, уздымаў на высокі ўзровень мастацкае слова. Іх імёны ведае ўвесь свет: Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч і многія іншыя. Кніга заўсёды была для беларусаў крыніцай ведаў, падмуркам нацыянальнага развіцця», – сказаў кіраўнік рэгіёна.
У сваю чаргу епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній звярнуў увагу, што Дзень беларускага пісьменства –гэта свята для кожнага, хто паважае родную мову і культуру, імкнецца ўмацаваць і падтрымаць старажытныя духоўныя традыцыі.
Галоўным мерапрыемствам на адкрыцці стала цырымонія ўзнагароджання пісьменнікаў, якія атрымалі нацыянальную літаратурную прэмію. Нагадаем, што прыняць удзел у конкурсе сёлета пажадала больш за 80 аўтараў. Найлепшымі стала шэсць. Так, у жанры «Паэзія» пераможцам быў прызнаны Валерый Грышкавец (Избранное. «Остаюсь навсегда…»). Ігар Пракаповіч стаў найлепшым публіцыстам за працу «Пастаўшчына». Іван Саверчанка з творам «Магія слова»–пераможцам у намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства», а кніга-квэст «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці»Кацярыны Хадасевіч-Лісавай адзначана членамі журы як «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва». Пераможца ў намінацыі «Найлепшы твор прозы» Уладзімір Сцяпан прадставіў зборнік «Хвалі». Зборнік вершаў «Сузор’е птушкі» дапамог Вользе Нікіценка стаць найлепшай дэбютанткай конкурсу.
«Прыемна ўсведамляць, што маю творчасць цэняць, – адзначыў Валерый Грышкавец у гутарцы з журналістамі. – Я друкуюся ўжо больш за 50 гадоў. І для мяне літаратурная творчасць стала лёсам, як бы гучна гэта не было сказана. Гэтая прэмія для мяне –не першая, але ў Беларусі такую салідную атрымліваю ўпершыню. Я з тых, хто не ведае, што такое натхненне. Проста пішу. Пра сябе, пра тое, што мяне хвалюе. Рана зразумеў, што калі ты цікавы, значыць, будуць цікавыя і твае вершы, думкі, перажыванні».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15