RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Андрэй Кунцэвіч: ва ўмацаванне рэгіёнаў і паляпшэнне якасці жыцця запланаваны су’ёзныя інвестыцыі

Ва ўмацаванне рэгіёнаў і паляпшэнне якасці жыцця запланаваны сур’ёзныя інвестыцыі. Пра гэта сказаў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч пасля сустрэчы з актывам Бялыніцкага раёна па выніках VI Усебеларускага народнага сходу.

«Неабходна разумець, што Усебеларускі народны сход, па сутнасці, працягваецца. І сённяшняя сустрэча – таму пацверджанне. Тыя пасылы, якія былі дадзены кіраўніком дзяржавы, дэлегатамі сходу, працягваюць актыўна абмяркоўвацца ў працоўных калектывах, у рэгіёнах. Гэта гаворыць пра тое, што ў працэс дзяржаўнага будаўніцтва, абмеркавання найбольш надзённых пытанняў уцягнута ўся Беларусь, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч. – У рэгіёнах людзей у першую чаргу хвалюе іх малая радзіма. І адзін з прыярытэтаў развіцця нашай дзяржавы на найбліжэйшыя пяць гадоў –гэта моцныя рэгіёны. Для пацвярджэння гэтага прыярытэту дзяржавай запланаваны сур’ёзныя інвестыцыі ва ўмацаванне рэгіянальнай інфраструктуры і павышэнне якасці жыцця. Сёння трэба весці гаворку аб раўнамерным развіцці рэгіёнаў, і шэраг пунктаў праграмы на новую пяцігодку тычыцца якраз гэтых рэчаў. Гэта рамонт дарог, мастоў, стварэнне міжраённых шматпрофільных медыцынскіх цэнтраў, далейшае развіццё сеткі ўстаноў адукацыі, стварэнне новых вытворчасцяў, якія дазволяць жыхарам рэгіёнаў мець годную працу і заработную плату».

Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу ішла сур’ёзная праца ў краіне. «Былі створаны дыялогавыя пляцоўкі, працавалі грамадскія прыёмныя, у інтэрнэт-прасторы была створана пляцоўка па зборы прапаноў для далейшага развіцця нашай краіны. Усяго паступіла больш за 17 тыс.прапаноў. Гэта каласальны аб’ём інфармацыі, найбольш цікавыя думкі і прапановы былі ўключаны ў праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця», – падкрэсліў ён.

Таксама намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта акцэнтаваў увагу на асноўных пасылах, якія былі ўключаны ў праект праграмы развіцця Беларусі на найбліжэйшую пяцігодку. Больш падрабязна ён спыніўся на пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, развіцці сістэмы адукацыі і сферы аховы здароўя, палітычнай абстаноўкі ў краіне і за яе межамі.

«Калі паглядзець на той шлях, які прайшла наша краіна, беларусам можна ганарыцца і сабой, і сваёй дзяржавай. За 25 гадоў развіцця мы абаранілі незалежнасць, палепшылі свае пазіцыі на міжнароднай арэне, –падкрэсліў Андрэй Кунцэвіч. – Наша краіна стала адным з вядучых экспарцёраў сельскагаспадарчай прадукцыі –пастаўкі ажыццяўляюцца ў 116 краін. Мы будуем БелАЭС, займаем 26-е месца па колькасці інвестыцыйных пагадненняў. Сур’ёзна развіта сфера IT-паслуг. І нам важна захаваць і памножыць усе нашы дасягненні».

Вялікае значэнне будзе надавацца рэгіянальнаму развіццю. «Яго стрыжнем стане павышэнне прывабнасці працы, жыцця і бізнесу за межамі сталіцы. Не падыходзіць, калі ўсё канцэнтруецца ў сталіцы, гэта збядняе рэгіёны. У новай пяцігодцы запланаваны вялікі аб’ём работ –пабудаваць 800 станцый абезжалезвання, 300 водазаборных станцый, рэканструяваць 24 масты», – расказаў Андрэй Кунцэвіч.

Як адзначыла пасля сустрэчы старшыня Бялыніцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Святлана Патапчык, у малых гарадах і населеных пунктах ствараюцца ўсе ўмовы для нармальнага жыцця людзей.

«У маленькіх гарадах жыццё не горшае, чым у вялікіх. Гэта лёгка можна ўбачыць на прыкладзе Бялынічаў. Адзін з найважнейшых паказчыкаў развіцця малых гарадоў –будаўніцтва жылля. Летась быў здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом, дзе пасялілася 28 шматдзетных сем’яў. У гэтым годзе будзе здадзены яшчэ адзін 40-кватэрны, на днях размяркоўваецца арэнднае жыллё – для тых, хто прыязджае ў наш горад працаваць, ствараюцца камфортныя ўмовы для жыцця. Ёсць планы на будаўніцтва ў 2022 годзе 60-кватэрнага дома ў Бялынічах, – сказала Святлана Патапчык. – Ёсць у горадзе цэнтр прыгажосці і здароўя, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, цэнтр культуры. Да Дня пісьменства быў узведзены новы будынак мастацкага музея. Ствараюцца новыя працоўныя месцы. За мінулы год адкрыта 5 прыватных прадпрыемстваў. Заработная плата за студзень склала больш за Br1тыс., і мы павінны працягваць развівацца ў тым жа кірунку. Але таксама неабходна шукаць новыя шляхі развіцця, якія дапамогуць зрабіць жыццё ў малых гарадах і нашай краіне яшчэ лепшым».

Удзельнікамі сустрэчы сталі каля 100 чалавек: прадстаўнікі Бялыніцкага райвыканкама, мясцовага Савета дэпутатаў, прадстаўнікі і кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў раёна, супрацоўнікі сацыяльнай сферы, адукацыі, аховы здароўя і інш.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая