RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Антывірусныя тачары распрацавалі ў Магілёве

Антывірусныя тачары распрацавалі спецыялісты прыватнага прадпрыемства ў Магілёве. Пра гэта расказаў заснавальнік ТАА «КомплексПро» Дзмітрый Калееў.

«У восеньскі перыяд людзі больш, чым звычайна, схільныя да прастудных і вірусных захворванняў, у свеце працягваецца пандэмія каранавіруса. Каб дапамагчы мінімізаваць распаўсюджванне хвароб, мы распрацавалі тачар, які скароціць колькасць дакрананняў да розных паверхняў у грамадскіх месцах», – расказаў Дзмітрый Калееў.

Тачар – спецыяльнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для адкрыцця дзвярэй, націску кнопак у ліфтах, банкаматах і дамафонах. «Вядома, што мноства захворванняў перадаецца праз дотык. Рукі можна апрацаваць, але няма гарантыі, што кожны чалавек гэта робіць. Наш мінулы сацыяльны праект, які мы паспяхова рэалізавалі ва ўстановах аховы здароўя горада (бяспечныя дзвярныя насадкі, якія дазваляюць адчыняць дзверы, не датыкаючыся да іх далонямі) паказаў, што клопат пра сваё здароўе і навакольных пачынаецца якраз з дакрананняў», – адзначыў Дзмітрый Калееў.

У аснове тачара – металічны кручок з сіліконавай накладкай. На кручку ёсць спецыяльнае прыстасаванне, якое дазваляе націскаць розныя кнопкі. Па словах вядучага інжынера-канструктара прадпрыемства і аднаго з распрацоўшчыкаў тачара Аляксандра Казараўца, карысны аксесуар будзе ў далейшым дапрацоўвацца. «Сама ідэя такога тачара не новая, падобны выпускаюць у Кітаі. Мы мадэрнізавалі кітайскую версію. І працягваем працаваць над паляпшэннем функцыянальнай часткі. Цяпер выпускам такіх вырабаў у Беларусі ніхто не займаецца», – адзначыў ён.

У масавую вытворчасць тачары плануюць запусціць у найбліжэйшыя месяцы. Асноўныя рынкі збыту – Беларусь і Расія.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая