RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Арт-праект «Кропка прыцягнення» Віктара Альшэўскага адкрыўся ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава

Арт-праект «Кропка прыцягнення» беларускага мастака Віктара Альшэўскага, прымеркаваны да Года малой радзімы, адкрыўся сёння ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава. Гэта творчы эксперымент вялікага майстра, дзе прадастаўлены ўнікальны сплаў філасофіі і мастацтва.

Назва выставы, паводле слоў мастака, абрана не выпадкова. У сэрцы кожнага чалавека асаблівае месца займае куток, дзе ён з’явіўся на свет і вырас, – малая радзіма. Віктар Альшэўскі нарадзіўся ў вёсцы Угальшчына Бялыніцкага раёна, таму аб Магілёўшчыне заўсёды ўспамінае і гаворыць з асаблівай цеплынёй, прысвячае ёй свае працы.

Экспазіцыя ў магілёўскім музеі ўключае больш за 90 палотнаў. Цэнтральнае месца сярод іх займае канструкцыя «Фрагменты Вавілонскай вежы», якая ў вышыню дасягае 4,3 м. Па яе перыметры размясціліся 52 палатны розных формаў і памераў, на якіх, як у яркім калейдаскопе, паўсталі вобразы гістарычных помнікаў і артэфактаў, сімвалы розных краін і эпох, аб’екты архітэктуры, геаметрычныя фігуры.

«Гэты праект – не проста твор, але і ўвесь мой творчы шлях, дзе я імкнуся выказаць узаемасувязь розных цывілізацый, – раказаў Віктар Альшэўскі. – На карцінах яны пазначаны ўмоўна, знакава – вобразамі тых ці іншых аб’ектаў, якія сталі візітнымі карткамі гэтых цывілізацый, краін, народаў». Так, Старажытны Егіпет прадстаўлены каменным Сфінксам. Сярод малюнкаў – Ангкор Ват (помнік культуры Камбоджы). Побач – Персепаль (Іран), піраміды, каляндар народаў майя (Мексіка), фрагмент дракара вікінгаў і велічны, казачны Махабаліпурам (Індыя). Кітай для мастака асацыюецца з «тэракотавай арміяй» – арміяй Цінь Шы-хуандзі з Сіань, Вялікім Будай – сімвалам нязломнага духу і праўдзівай веры Паднябеснай. Часткай вежы стаў шматграннік Леанарда Да Вінчы, Вялікая мячэць у Кайруане (Туніс), Карфагенскі акведук, Пальміра (Сірыя), венецыянскі леў і крамлёўскія куранты. Беларусь гучыць сімфоніяй Мірскага замка, які фарміруе ў сабе мадэль архітэктуры еўрапейскага Адраджэння.

 

Віктар Альшэўскі ствараў уласную «Вавілонскую вежу» з 2003 года. У такім выглядзе карціны мастака прэзентаваны ўпершыню ў Беларусі. Дапамог аўтару ўвасобіць ідэю ў жыццё скульптар і мастак Уладзімір Канонік.
Адкрываючы выставу, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка падкрэсліў: Віктар Альшэўскі – чалавек неабыякавы да магілёўскай зямлі і музея, у якім не раз праходзілі яго выставы і захоўваюцца многія палотны. «Прадстаўленыя сёння работы – гэта плён апошніх гадоў творчасці, якія адкрываюць зусім па-новаму майго сябра як чалавека і мастака. А колькасць магілёўцаў, якія прыйшлі на адкрыццё, сведчыць, што залы будуць поўныя жыццём. Многія знойдуць у гэтай творчасці не толькі нешта сваё, але і прыклад для пераймання».

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў адзначыў: «Віктар Альшэўскі – асаблівы мастак, якога не зблытаеш ні з адным беларускім майстрам пэндзля. У яго свая творчая манера. І асабліва важна, што ён не перарывае сувязі з малой радзімай».

Віктар Альшэўскі нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Угальшчына Бялыніцкага раёна. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі. Удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, ініцыятар і куратар нацыянальных і міжнародных арт-праектаў. Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, Цэнтральным доме мастака ў Маскве, мастацкіх галерэях Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Італіі, Францыі, ЗША, Кітая і іншых краін. З’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У 2019 годзе быў абраны факеланосцам і ўвайшоў у склад удзельнікаў эстафеты агню «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая