Стартавала патрыятычная акцыя са знакавага месца ў Асіповічах, дзе размешчаны помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай, мемарыял воінам-інтэрнацыяналістам і алея Славы. Удзельнікі аўтапрабегу – усяго больш за сто машын – прыехалі з Мінска, Магілёва і Бабруйска.
Да месца правядзення патрыятычнай акцыі мясцовыя жыхары прыходзілі разам з дзецьмі: арганізатары паклапаціліся аб відовішчнай праграме. Пасля мітынгу ля помніка воінам-вызваліцелям усе змаглі стаць гледачамі гістарычнай рэканструкцыі аднаго з баёў за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нікога не пакінулі абыякавымі паказальныя выступленні казацкага коннага клуба «Ярмак»: небяспечныя трукі джыгітоўкі дэманстравалі зусім юныя коннікі. У парку адпачынку на сцэне пад адкрытым небам выступалі артысты, працавала палявая кухня, а самым папулярным месцам для фотазоны стала выстава ваеннай тэхнікі.
– Тут у нас прадстаўлены баявыя машыны «Смерч», «Паланэз», – расказвае начальнік разліку баявой машыны «Смерч» 336-ай рэактыўнай артылерыйскай брыгады Андрэй Ліпскі. – Мы дазваляем дзецям залезці ў кабіну, зрабіць фота на памяць. І ў вайсковай часці на прысягу з задавальненнем запрашаем маладое пакаленне, каб выхоўваць у іх патрыятызм.
Камандзір роты вайсковай часці 42707 Аляксандр Ігнатовіч прыйшоў з дзецьмі:
– Яны зусім маленькія, але хай сын паглядзіць, якая ў нас магутная тэхніка. Дзецям спадабалася выступленне на конях. Зараз пойдзем сагрэемся салдацкай кашай. Вельмі добрая атмасфера ў гэтага свята: адчуваецца, што мы ўсе – адзін народ.
Наталля Хамянок прыйшла на акцыю, каб падтрымаць удзельнікаў аўтапрабегу:
– Я проста хацела прадэманстраваць сваю пазіцыю. У нас у горадзе за апошні час адкрываліся бальніца, паліклініка. Зараз у нашым мікрараёне будзе будавацца школа, усё добраўпарадкоўваецца. У мяне няма нейкіх нарыхтаваных лозунгаў, я кажу простыя і відавочныя рэчы: трэба шанаваць, у якіх умовах мы гадуем нашых дзяцей і ўнукаў.
Муж і жонка Алена і Аляксандр Барановічы з Мінска ўдзельнічаюць у аўтапрабегу ўжо не першы раз:
– Мы ўжо наведалі Гродна, Магілёў, Оршу, Брэст, Віцебск, – дзеліцца сваімі маршрутамі Аляксандр. – Калісьці ўсё пачыналася з лічаных машын, сёння ў нашай калоне – больш за сто аўто. Мы хочам, каб беларусы аб’ядноўваліся: нам няма чаго дзяліць. І па нашых назіраннях, агрэсіі становіцца менш. Мясцовыя жыхары, куды мы прыязджаем, да нас далучаюцца. І я думаю, што, калі ўсе гэтыя беспарадкі сябе вычарпаюць, традыцыя такіх аўтапрабегаў застанецца. Многія ўдзельнікі пасябравалі, а наша сям’я пабывала ў розных кутках Беларусі: усе гэтыя славутасці былі побач, а нам усё часу не хапала.
Міхаіл Колтун з жонкай таксама абвандравалі па маршрутах аўтапрабегу паўкраіны:
– Я хачу адкрыта выказаць сваю пазіцыю, паказаць, што нас большасць. І яшчэ я лічу, што прабелы ў патрыятычным выхаванні нашых дзяцей – на нашай асабістай адказнасці. Мой сын, яму ўжо пад сорак, ехаў з намі і сказаў, што яшчэ ў яго студэнцкія гады ўжо праслізгвалі ідэі аматараў перапісаць гісторыю. І трэба ездзіць да святых для кожнага беларуса месцаў разам з дзецьмі. Я хачу, каб і мае ўнукі гаварылі, што іх дзед – патрыёт.
Яшчэ адным акцэнтам аўтапрабегу стала дабрачыннасць. Спачатку з канцэртам і падарункамі яе ўдзельнікі наведалі дзіцячы дом у Бабруйску, а затым у Асіповічах разам з Дзедам Марозам і Снягуркай наведалі чатыры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і сацыяльны дзіцячы прытулак. Напярэдадні дзеці напісалі галоўнаму навагодняму чараўніку лісты са сваімі пажаданнямі, а ўдзельнікі дабрачыннай акцыі дапамаглі споўніцца іх марам.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15