RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Астанкі 38 чырвонаармейцаў паднятыя пошукавікамі на Магілёўшчыне

Тыдзень працавалі ў Чавускім, Слаўгарадскім і Быхаўскім раёнах байцы Магілёўскага абласнога ваенна-патрыятычнага клуба «Віккру» разам з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны. Вынік палявой экспедыцыі ўражвае: паднятыя астанкі 38 чырвонаармейцаў, пры іх знойдзена восем імянных медальёнаў, медаль «За адвагу».

У цэлым пошукавікі прайшлі пешшу каля 25 кіламетраў – па палях, лясах, балотах – з рыдлёўкамі, мацамі, металашукальнікамі... У Чавускім раёне паднялі астанкі 17 герояў, якія загінулі тут у 1943–1944 гадах. А яшчэ – нумарны медаль «За адвагу». 38-гадовы «віккравец»Арцём Ціхінскі –менавіта ён знайшоў медаль у бліндажы –радуецца:

– Узнагарода –рэдкая знаходка. Па ёй можна ўстанавіць імя героя.

Імя з дапамогай супрацоўнікаў Магілёўскага гарваенкамата ўжо ўстанавілі. Медалём «За адвагу» быў узнагароджаны чырвонаармеец Іван Іванавіч Кузняцоў, 1925 года нараджэння, ураджэнец Іванаўскай вобласці. Цяпер трэба будзе даведацца, як склаўся яго лёс, выжыў ён ці загінуў, бо астанкаў у раскопе не знайшлі.

20 герояў, якія не вярнуліся з вайны, паднялі пашукавікі на Слаўгарадчыне – у вёсках Чырвоная Слабада, Папоўка і Добры Дуб.

– Да гэтых месцаў, дзе летам 1941-га ішлі жорсткія баі 25-га мехкорпуса пад камандаваннем генерала Крывашэіна, мы «цэліліся» апошнія 10 гадоў, – удакладняе нязменны кіраўнік пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. – Да таго як прыбыць сюды з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны, пяць разоў выязджалі ў Слаўгарадскі раён на разведку. І толькі ўжо маючы на руках даныя гэтых палявых разведак, карту трафейнай нямецкай аэрафотаздымкі і ўсе дакументы 25-га мехкорпуса Крывашэіна, прыступілі да пошуку.

Пры чырвонаармейцах, якія назаўжды засталіся на Слаўгарадчыне, знайшлі і восем імянных медальёнаў. А яшчэ – наган у кабуры, партупею, компас. Такія звычайна насілі камандзіры малодшага і сярэдняга складу. На металічным компасе пошукавік з 10-гадовым стажам Павел Кончыкаў прачытаў надпіс: «Ільін».

Знайшлі «віккраўцы» і салдацкі кацялок з прозвішчам, якое паспрабуюць прачытаць, брытву з ініцыяламі «К. К. І». А на Быхаўшчыне на прыватным агародзе –астанкі чырвонаармейца.

Астанкі герояў, якія загінулі за Радзіму, пасля з ушанаваннямі перапахаваюць у брацкіх магілах.

СБ

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая