Свайго дзядзьку Мішу Уладзімір Градусаў з Чэрыкава бачыў толькі на фота. На пажоўклым ад часу здымку –прыгожы малады хлопец у марской форме. Пра яго Уладзіміру расказваў бацька, які таксама ваяваў і вярнуўся дадому. А на яго роднага брата ў 1944-м маці атрымала пахаванку: «Ваш сын Міхаіл гераічна загінуў у Эстоніі». Дзе менавіта быў апошні бой сына і дзе пахавалі чырвонаармейца, там не значылася.
– Калі на чужыне паднялі астанкі Міхаіла Арцем’евіча, я і мае сыны вырашылі, што хай нават праз 77 гадоў татаў брат павінен вярнуцца ў родную Беларусь, – кажа Уладзімір Градусаў. – Мне паведамілі, што астанкі дзядзькі адшукаў у раёне пасёлка Сіргала эстонскі пошукавік Юрый Кершанкоў. Пошукава-гістарычнае аб’яднанне «Віронія» перадало іх пасольству Беларусі ў Эстоніі.
Як патлумачыла намесніца старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Ларыса Асмалоўская, асобу ідэнтыфікавалі па медалі «За баявыя заслугі». Высветлілі, што стралок 6-й роты 308-га стралковага палка 98-й стралковай дывізіі Міхаіл Градусаў загінуў 27 чэрвеня 1944-га. Яму было ўсяго 24 гады.
У Чэрыкаўскім раёне 53 воінскія пахаванні. Параіліся са сваякамі байца – было вырашана ўрачыста перазахаваць астанкі земляка ў брацкай магіле ў вёсцы Зоры. У 60-гадовага Уладзіміра Градусава ад хвалявання дрыжыць голас:
– У самой вёсцы нашых сваякоў ужо няма. Але там жа, на могілках, спачываюць бацька і маці Міхаіла і майго бацькі Івана. Ён таксама біўся з фашыстамі, дайшоў да Германіі, не раз быў паранены, але, на шчасце, вярнуўся жывым... А зараз і родны брат яго будзе пакоіцца ў зямлі, дзеля якой прыняў смерць у баі.
Разам з астанкамі ў Беларусь прыбылі і медалі Міхаіла Арцем’евіча «За абарону Ленінграда»і «За баявыя заслугі». Гэтыя ўзнагароды і частка ваеннай амуніцыі, сярод якіх каска з дзіркай ад кулі, пляменнік перадаў раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею. На думку Уладзіміра Іванавіча, было б няправільна схаваць іх дома.
У раённым музеі ёсць зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Цяпер, па словах в. а. дырэктара ўстановы Яны Шулікавай, куток у ёй будзе адведзены Міхаілу Градусаву.
Дарэчы, нядаўна знайшоўся яшчэ адзін гераічна загінулы падчас Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнец Чэрыкаўскага раёна.
– Дасведчаныя фінскія дайверы, супрацоўнікі пошукавай экспедыцыі «Паклон караблям Вялікай Перамогі», якім рыбакі пастаянна скардзіліся на падраныя сеткі, што чапляюцца ў вадзе за нейкі велізарны прадмет, вырашылі арганізаваць чарговае апусканне на дно Балтыйскага мора, –удакладняе мясцовы краязнаўца, кіраўнік пошукавай групы «Зорка» Васіль Максіменка. –Як аказалася, нездарма: за 20 міль ад берага, на глыбіні каля 60 метраў пад вадой, яны знайшлі савецкую падлодку Ш-324 серыі «Шчупак»з разарваным на шматкі «носам». На паўвостраве Ханка, побач з якім субмарына затанула, была савецкая ваенна-марская база. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падыходы да яе немцы закідалі мінамі. Для прыкрыцця аб’екта ў той раён і была адпраўлена Ш-324. Апошні раз падлодка выходзіла на сувязь 5 лістапада 1941 года, на базу не вярнулася. З той пары яе экіпаж лічыўся зніклым без вестак. І вось нарэшце таямніца гібелі субмарыны адкрылася. Арыенціровачна яна напаролася на нямецкую міну 6–10 лістапада 1941-га. Шанцаў выжыць у маракоў не было. Па архіўных дакументах у Маскве ўстанавілі іх імёны. І высветлілася: адзін з іх – беларус, наш зямляк Іван Васільевіч Шчаўлікаў 1920 года нараджэння. Падводнікаў не перапахоўваюць. Субмарына, на борце якой было 39 чалавек, стала іх брацкай магілай.
Мы адшукалі сваякоў героя ў Гомельскай вобласці. Вядома, што бацька Івана –Васіль Філіпавіч Шчаўлікаў, ураджэнец вёскі Журавель Чэрыкаўскага раёна – таксама не вярнуўся з фронту. Але памяць пра іх жывая. Адна з вуліц Чэрыкава носіць імя Шчаўлікава.
Радавога Градусава ўрачыста перапахаваюць 5 мая. На абеліск на брацкай магіле, дзе пахаваны чацвёра безыменных герояў, дададуць шыльдачку з яго імем. Каб памяталі…
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
02.04.2025 - 09:10
У Беларусі і Расіі 2 красавіка адзначаюць Дзень яднання народаў
27.03.2025 - 11:24
Ад хутара да канцлагера - дзе ў Беларусі знойдзены раней невядомыя месцы пахаванняў ахвяр генацыду
21.03.2025 - 16:00
20.03.2025 - 14:45
17.03.2025 - 09:33
Музейную экспазіцыю, прысвечаную пошукаваму руху, абсталююць у Магілёве