Астанкі 16 байцоў Чырвонай Арміі і чырвонаармейскую кніжку знайшлі пошукавікі «Віккру» падчас экспедыцыі «Проня-2022» у Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў гісторык і кіраўнік гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.
Пошукавая экспедыцыя на берагах ракі Проня праходзіла з 30 мая па 8 чэрвеня на тэрыторыі Чавускага і Дрыбінскага раёнаў. Яе ўдзельнікамі сталі вопытныя пошукавікі клуба «Віккру», навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці і вайскоўцы 52-га спецыяльнага батальёна Міністэрства абароны.
«Па выніках экспедыцыі пошукавікі знайшлі астанкі 15 байцоў Чырвонай Арміі ў Чавускім раёне, астанкі яшчэ аднаго чырвонаармейца – у Дрыбінскім раёне. Акрамя гэтага, у Чавусах мы знайшлі астанкі двух салдат вермахта. У той жа дзень іх перадалі Народнаму саюзу Германіі па доглядзе вайсковых пахаванняў», – расказаў Мікалай Барысенка.
Сярод знаходак пошукавікаў фрагменты зброі і амуніцыі салдат, асабістыя рэчы. Самай знакавай і важнай знаходкай стала чырвонаармейская кніжка. Па словах кіраўніка клуба «Віккру», у дакуменце вытлела толькі ніжняя частка, таму ёсць высокія шанцы ўстанавіць імя салдата. Зараз чырвонаармейская кніжка знаходзіцца на экспертызе. Мікалай Барысенка выказаў упэўненасць, што ў найбліжэйшы час з палёў бітваў Вялікай Айчыннай вайны дадому вернецца яшчэ адзін салдат.
«Сярод цікавых знаходак: незвычайны кашалёк і сувенірная скрыначка з-пад махоркі «25 гадоў Кастрычніка. Байцу Айчыннай вайны». Раней мы такіх не знаходзілі. Гэта скрыначка завадской вытворчасці. І, верагодна, так адзначалі салдат, іх заслугі», – выказаў меркаванне Мікалай Барысенка.
Акрамя гэтага, падчас экспедыцыі пошукавікі правялі дзве разведкі. Адна з іх прайшла ў Кіраўскім раёне ля рэчкі Вепрынка на месцы першага бою падчас абароны Магілёва ў 1941 годзе. Як адзначыў Мікалай Барысенка, калі інфармацыя пацвердзіцца, тут установяць памятны знак. «Яшчэ адна цікавая разведка прайшла ў вёсцы Ермалавічы Бялыніцкага раёна. Нам ўдалося знайсці двух сведкаў, якія дапамаглі лакалізаваць месца лагера ваеннапалонных, што размяшчаўся тут. У нас была інфармацыя пра гэты лагер, але мы не маглі ўстанавіць яго месцазнаходжанне. У ім знаходзіліся ўзятыя ў палон пасля абароны Магілёва ў 1941 годзе абаронцы горада. У будучым мы пачнём тут працаваць», – расказаў кіраўнік пошукавага клуба.
У пошукавікаў «Віккру» на гэты сезон вялікія планы. Ужо з 5 ліпеня пачнецца новая Вахта Памяці, якая будзе праходзіць у Асіповіцкім раёне.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
02.04.2025 - 09:10
У Беларусі і Расіі 2 красавіка адзначаюць Дзень яднання народаў
27.03.2025 - 11:24
Ад хутара да канцлагера - дзе ў Беларусі знойдзены раней невядомыя месцы пахаванняў ахвяр генацыду
21.03.2025 - 16:00
20.03.2025 - 14:45