RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аўтапрабег з легендарнымі «Перамогамі» прыбыў у Слаўгарадскі раён з Ханты-Мансійскай акругі

Аўтапрабег з легендарнымі аўтамабілямі «Перамога» прыбыў сёння ў Слаўгарадскі раён з Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі. Пра гэта расказаў кіраўнік Міжнароднай медыяэкспедыцыі «Перамога ў нашых сэрцах» Ігар Ілык.

«Праекту ўжо больш за 10 гадоў. За гэты час мы аб’ездзілі Расію і частку Беларусі, даехалі на «Перамогах» да Берліна, наведалі Сярэднюю і Цэнтральную Азію. Усюды, дзе мы былі, праводзілі сустрэчы з ветэранамі, працаўнікамі тылу і вязнямі канцэнтрацыйных лагераў. Размаўлялі з моладдзю і жыхарамі населеных пунктаў, праз якія праходзіў наш маршрут. Абавязкова наведвалі брацкія і воінскія пахаванні», – расказаў ён.

Арганізатарам такога аўтапрабегу стаў цэнтр грамадзянскага, ваенна-патрыятычнага і спартыўна-тэхнічнага выхавання «Легіён Югры». Рухаецца дэлегацыя на рарытэтных аўтамабілях ГАЗ-М-20 «Перамога». На сённяшні дзень за плячыма ўдзельнікаў – больш за 6 тыс. км. Машыны ў дарозе часам ламаюцца, але аўтамабілі тут жа рамантуюць і рухаюцца далей. На днях аўтапрабег быў у Мінску, дзе ўдзельнікі сустрэліся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барысам Грызловым і беларускімі сенатарамі.

«Сёлета наш аўтапрабег прысвечаны жанчынам, якія засталіся ўдовамі пасля Вялікай Айчыннай вайны, іх подзвігу. Гэтыя жанчыны, прайшоўшы праз страшныя выпрабаванні, выхоўвалі нашых бабуль і дзядуляў, працавалі на заводах, аднаўлялі мірнае жыццё. Таму мы вырашылі наведаць адзіны ў свеце музей удоў Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца ў закінутай вёсцы Паштовая Глінка Гомельскай вобласці. На нашу акцыю туды з’ехаліся жыхары і прадстаўнікі найбліжэйшых раёнаў, прыехала і дэлегацыя Слаўгарадскага раёна. Таму мы вырашылі трохі адхіліцца ад першапачатковага маршруту і зазірнуць у Магілёўскую вобласць, – расказаў Ігар Ілык. – І зусім не пашкадавалі пра гэта. Мы сустрэліся з моладдзю і наведалі памятныя месцы раёна. Нам аказалі вельмі цёплы і сардэчны прыём. Таксама дамовіліся, што будзем працягваць наша супрацоўніцтва: праз моладзь перададзім прадуктовыя наборы для працаўнікоў тылу і ветэранаў, што жывуць на Слаўгарадскай зямлі. Гэта будзе наша ўдзячнасць ім і невялікае добрае прывітанне з Расіі».

Для гасцей у Слаўгарадзе падрыхтавалі яркую і цікавую праграму. На сустрэчы з удзельнікамі праекта прысутнічалі прадстаўнікі Слаўгарадскага райвыканкама і дэпутацкага корпуса, сябры ГА «Белая Русь», актывісты маладзёжнага парламента і БРСМ, неабыякавыя жыхары горада. Акрамя гэтага, удзельнікі аўтапрабегу наведалі музей і знакамітую слаўгарадскую славутасць – Блакітную крыніцу.

Па словах кіраўніка праекта, такія акцыі не толькі захоўваюць сувязь паміж пакаленнямі, але і аб’ядноўваюць цэлыя краіны. «Наш праект аб’яднаў паміж сабой шмат краін, пасябраваў людзей з розных гарадоў. У складзе аўтапрабегу – 25 чалавек ад малога да вялікага. На нашы акцыі і сустрэчы прыходзяць людзі розных узростаў. Гэта сведчыць пра тое, што памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра ўсіх тых герояў, што стаялі да смерці, пра тых, хто, не шкадуючы сябе, працаваў у тыле, ратаваў, дапамагаў, а пазней зноў адбудоўваў цэлыя гарады, – жывая ў сэрцах, – падзяліўся Ігар Ілык. – Зараз у Беларусі абвешчаны Год гістарычнай памяці. І гэта вельмі выдатна, што людзі так ставяцца да сваіх каранёў, гісторыі краіны. Але важна разумець, што для працы з моладдзю неабходна шукаць новыя, нестандартныя метады. І аўтапрабег – адзін з такіх прыкладаў. У дарозе, акрамя кіроўцаў і механікаў, – маладыя блогеры, якія здымаюць відэа, робяць фота, рыхтуюць кантэнт. А пасля будзе створаны цэлы фільм аб нашым падарожжы».

Ігар Ілык адзначыў, што, прайшоўшы такі шлях, пачынаеш па-іншаму ўспрымаць апавяданні пра вайну. «Можна шмат чуць і чытаць. Але калі сам праходзіш тымі лясамі і дарогамі, што ішлі твае продкі падчас вайны, наведваеш мемарыялы, ускладаеш кветкі да брацкіх магіл, маеш зносіны з яшчэ жывымі сведкамі таго страшнага часу, то зусім інакш пачынаеш ставіцца да сваёй гісторыі, пранікаешся бязмежнай павагай да смеласці і стойкасці нашых продкаў. А моладзь пачынае разумець, як жа дорага можа каштаваць мірнае неба над галавой», – падсумаваў ён.

БЕЛТА

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая