RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аўтапрабег «За адзіную Беларусь!» завяршыўся ўскладаннем кветак на Буйніцкім полі

Каля двухсот машын стала ўдзельнікамі аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!», які прайшоў сёння з Мінска ў Магілёў. Многія прыязджалі сем’ямі, цэлымі кампаніямі.

Мінскі, Магілёўскі, Віцебскі, Брэсцкі – нават па рэгістрацыйных нумарах відаць, што аўтапрабег сабраў людзей з усіх рэгіёнаў краіны і апраўдаў статус рэспубліканскага. Па дарозе далучаліся жыхары Смілавічаў, Чэрвеня, Беразіно і Бялынічаў.

У Магілёве ўдзельнікі аўтапрабегу наведалі парк «Падміколле», на плошчы Славы ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, паслухалі экскурсію ў ратушы. Фінальным акордам стала акцыя памяці ля мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».

Аляксандр Марозаў з Мінскага раёна адным з першых пачаў выгружацца з машыны і разгортваць прывезены з сабой вялізны чырвона-зялёны сцяг:

– Разам з дрэўкам і намоклым палатном ён важыць каля 10 кілаграмаў. Але ні гэтая вага, ні дажджлівае надвор’е не могуць сапсаваць мне настрой. Ён шыкоўны!

Магіляўчанка Алена Іванова пра аўтапрабег даведалася літаральна напярэдадні вечарам. Сама загарэлася ідэяй далучыцца і прапанавала сям’і, сябрам. Блізкія людзі з радасцю падтрымалі яе:

– Разам паехалі ў Бялыніцкі раён і, калі сустрэлі калону, не змаглі стрымаць слёз. Невымоўныя пачуцці! Гэта ж такая каманда аднадумцаў, якія любяць сваю радзіму, людзей.

Зінаіда Юдзіна далучылася да аўтапрабегу з мужам і двума маленькімі дзецьмі. Па словах маладой жанчыны, калі толькі пачаліся першыя мітынгі з чырвона-белымі сцягамі, яна была моцна засмучаная і зразумела, што ёй не ўседзець дома:

– Негатыўна стаўлюся да гэтай сімволікі, не хачу мець з ёй нічога агульнага. Рэзка прыйшло ўсведамленне, што трэба адстойваць сваю пазіцыю, адкрыта заяўляць пра яе. Цяпер я пастаянны ўдзельнік патрыятычных мерапрыемстваў. Мы тут, каб нагадаць, калі хто забыўся, як выглядае наш дзяржаўны сцяг.

Віктар Шаціла з Мінска таксама пастаянны ўдзельнік патрыятычных акцый. Тым самым, кажа, ён спрабуе да людзей данесці, наколькі важна памятаць сваю гісторыю:

– Цяпер шмат гавораць аб захаванні гэтай памяці, а яе ўжо трэба абараняць. Таму я рады, што аўтапрабег сумясцілі з ускладаннямі кветак да знакавых месцаў. Такім чынам можна выказаць сваю палітычную пазіцыю і ўшанаваць памяць тых, хто загінуў за радзіму продкаў.

Буйніцкае поле Віктар бачыў некалькі разоў праездам, але больш уважліва пазнаёміцца з ім раней не ўдавалася:
– І гэта таксама стала адной з прычын, якія падштурхнулі мяне адправіцца ў дарогу. Святое месца для кожнага беларуса, менавіта тут савецкія байцы паказалі, што немцам можна даць адпор. Вось куды трэба прыходзіць са сцягамі. Будзем ведаць гісторыю – тады нічога нам не страшна!

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая