RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аўтарская песня ўпершыню будзе гучаць на знакамітым фестывалі ў Магілёве

Спяваючая паэзія на «Залатым шлягеры»

У Магілёве 24 кастрычніка будзе дадзены старт Міжнароднаму музычнаму фестывалю «Залаты шлягер». Цягам тыдня гледачоў чакаюць сустрэчы з любімымі артыстамі і выканаўцамі з розных краін. У калейдаскопе жанраў і музыкі ўпершыню на рэтра-форуме будзе шырока прадстаўлена аўтарская песня. 28 кастрычніка ў абласным Палацы творчасці адбудзецца прэм'ера музычнага праекта «Песні нашага круга». Усе падрабязнасці мы даведаліся ў ідэйнага натхняльніка і кіраўніка створанага сёлета бардаўскага ансамбля, менскага аўтара-выканаўцы Сяргея Кулягіна.

- Не буду хаваць, што за аснову або як прыклад мы ўзялі вядомы расійскі праект «Песні нашага стагоддзя», які аб'ядноўвае зорак аўтарскай песні Расіі, - падзяліўся Сяргей Кулягін. - У нашым асноўным складзе восем чалавек. Гэта вядомыя беларускія аўтары і выканаўцы, лаўрэаты розных конкурсаў і фестываляў аўтарскай песні, у тым ліку самага вядомага ў Расіі Грушынскага фестывалю: у калектыў увайшлі мінчане Сяргей Антонаў і Інэса Вінцкевіч, удзельніцы трыа «Фіеста» з Маладзечна, гамяльчанін Вячаслаў Клімовіч і іншыя.

Сваю праграму праект «Песні нашага круга» выбудоўвае пераважна з песень беларускіх аўтараў, якія выконваюць у бардаўскім коле, адсюль і назва.

- Мы спяваем папулярныя песні Арыка Крупа, Барыса і Галіны Вайханскіх, Алены Казанцавай, Марка Мермана і іншых вядомых бардаў, - тлумачыць Сяргей Кулягін.

Першая проба глядзельнай залы адбылася на Магілёўшчыне ў ліпені, падчас музычнага фестывалю «Вялікая бард-рыбалка». Праект адразу ж атрымаў шмат станоўчых водгукаў як ад гледачоў, так і ад вядомых гасцей-бардаў. Шмат для каго было незвычайным пачуць, як спяваюць хорам вядомыя бардаўскія песні, раскладзеныя на некалькі галасоў, ды яшчэ і ў арыгінальных музычных аранжыроўках.

- Такога ў Беларусі яшчэ ніхто да нас не рабіў, - кажа Сяргей Кулягін. - Не выпадкова нас заўважылі і запрасілі выступіць на фестывалі «Залаты шлягер». Да таго ж у лістападзе плануецца вялікі канцэрт праекта «Песні нашага круга» ў Мінску, а 17 снежня мы выступаем у Маскве на адкрыцці і ў гала-канцэрце аднаго з найбуйнейшых у Расіі фестываляў аўтарскай песні «Пакроўскі сабор» перад пяцітысячнай аўдыторыяй.

Але гэта справа будучыні, а пакуль магілёўскую публіку чакае ўнікальная праграма, якая ўвабрала ўсё лепшае з творчасці бардаў Беларусі, а таксама класіку жанру аўтарскай песні ад Акуджавы да Візбара.

- Дарэчы, прагучыць і прэм'ера песні, - абяцае Сяргей Кулягін. — Яна была літаральна нядаўна прэзентаваная на экафэсце «Ціхае паляванне» і стала яго грыбным гімнам. За аснову ўзяты вершы ўраджэнца Магілёўскай вобласці Мікалая Янчанкі, а музыка напісана мной у сааўтарстве з Сяргеем Антонавым.

У наступным годзе калектыў плануе прэзентаваць свой праект у Гродне, Віцебску, Добрушы, Маладзечне і іншых гарадах Беларусі.

Пры гэтым яшчэ адной фішкай нашых выступаў у розных гарадах з'яўляецца тое, што ў першым аддзяленні мы даем магчымасць выступіць мясцовым аўтарам, якія ўжо адбыліся, — тлумачыць Сяргей Кулягін. - Бо галоўная мэта і місія «Песень нашага круга» - гэта папулярызацыя і развіццё аўтарскай песні ў Беларусі. Мы хочам найперш паказаць: у нашай краіне гэты жанр дасягнуў за некалькі дзесяцігоддзяў вельмі высокага ўзроўню.

Гэта ўжо далёка не «тры акорды», а сапраўдныя музычныя творы, якія вартыя гучаць не толькі каля вогнішча, але і на вялікіх канцэртных пляцоўках, радыё, тэлебачанні.

Напрыклад, удзельнік нашага праекта Вячаслаў Клімовіч у суаўтарстве з мэтрам расійскай эстрады Вячаславам Малежыкам напісаў некалькі песень, якія вядомы расійскі артыст уключыў у свае канцэрты. Найважнейшай задачай мы таксама бачым прыцягненне ўвагі і выхавання моладзі на прыкладах высокай «спяваючай» паэзіі.

Акрамя таго, удзельнікі праекта «Песні нашага круга» сур'ёзна працуюць над новай праграмай, якая будзе прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Леонид Сергеев, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая