RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аўтарскі праект «Атлантыда і дзіўная Японія» экспануецца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава

Незвычайны аўтарскі праект «Атлантыда і дзіўная Японія» экспануецца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава. Яго прывёз прадстаўнік Цэнтра культуры і спорту Японіі «Добрасуседства» ў краінах СНД, даследчык японскай культуры Уладзіслаў Асака, паведамілі ва ўстанове культуры.

На інтэрактыўнай выставе можна ўбачыць экспанаты з прыватнай калекцыі, радзімай якіх з’яўляюцца далёкія краіны: Японія, Інданезія (в. Балі), Папуа-Новая Гвінея, Гватэмала і Шры-Ланка.

У японскім пакоі размешчаны цацкі, нэцке, лялькі, васковыя фігуры, прадметы побыту, вітрына, якая раскрывае праваслаўе ў Японіі (жыццё святога Мікалая Японскага), карціна «Сон самурая» з пахам сакуры. Дзякуючы прадстаўленым арыгінальным кімано дзяўчат і юнакоў, тут можна пераўвасобіцца ў жыхароў Краіны Узыходзячага Сонца і зрабіць унікальныя сэлфі.

У наступнай зале наведвальнікі апынуцца на дне акіяна, сярод фантастычных і рэальных насельнікаў «царства ценяў» загадкавай краіны Атлантыды. Гэты міфічны востраў-дзяржаву разбурыла стыхійнае бедства, але пошукі яго працягваюцца многія стагоддзі.З дна акіяна наўрад ці падымецца частка таго самага вострава, дзе была высокаразвітая цывілізацыя. Але духоўны пошук каштоўнасцей, тэма вяртання чалавека да боскага стану свядомасці, духоўнага ўзроўню атлантаў у «залаты век» іх цывілізацыі знайшла адлюстраванне і ў гэтым праекце.

Японская варыяцыя ўсім вядомага падводнага свету раскрыта ў экспазіцыі праз фігуры міфалагічных персанажаў усходняга эпасу і спецыяльна падрыхтаваных дэкарацый, якія ствараюць эфект марскога дна. Прадметы выставы апрацаваны адмысловымі сумесямі фарбаў, што надае ім маляўнічае мігаценне. А светлавыя лямпы працуюць у гаючым ультрафіялетавым дыяпазоне, які забівае ўсе хваробатворныя мікробы.

У экспазіцыі прадстаўлены рыба-вожык (фугу), велізарны люмінесцыравальны меч волата, маскі з Гватэмалы, слон з ружовага дрэва і многае іншае.

Кожны наведвальнік выставы будзе мець магчымасць творча праявіць сябе – зрабіць малюнак святлом.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая