RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларуская дэлегацыя на чале з Леанідам Зайцам наведвае Прыморскі край

Дэлегацыя Магілёўскай вобласці ў складзе беларускай часткі рабочай групы, якую ўзначальвае старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, 22–25 лістапада наведвае Прыморскі край. Пра гэта паведамілі ў камітэце эканомікі аблвыканкама.

У расійскі рэгіён адправіліся прадстаўнікі выканаўчай улады Прыдняпроўскага краю, Магілёўскага аддзялення БелГПП, ААТ «Бабруйскаграмаш», «Магілёўліфтмаш», «Чырвоны харчавік», «Бабушкина крынка», «Магілёўскі мясакамбінат», «Белшына», а таксама пасольствы Беларусі ў Расіі, міністэрстваў прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і харчавання, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», ААТ «МТЗ», «Амкадор», «МАЗ», «Гомсельмаш», «Мінск Крышталь», «БелАЗ», «Лідаграпраммаш», ТАА «Кампанія СІМ-аўта».

Падчас наведвання беларускі бок мае намер адпрацаваць прапановы айчынных вытворцаў па нарошчванні экспарту ў Прыморскі край, у тым ліку сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, пасажырскай, грузавой, камунальнай і сельгастэхнікі, ліфтавага абсталявання і аўтапарковачных сістэм. Таксама ў ліку асноўных задач – узгадненне з расійскім бокам арганізацыйнай структуры і сістэмы кіравання адзінага цэнтра па пастаўцы і абслугоўванні тэхнікі беларускай вытворчасці, гандлёвага дома па продажы нашых тавараў. Сярод прыярытэтных напрамкаў – прапрацоўка пытання ўдзелу айчынных будаўнічых арганізацыя ва ўзвядзенні сацыяльна-культурных аб’ектаў і жылля на тэрыторыі Прыморскага краю, устанаўленне супрацоўніцтва паміж Магілёвам і Уладзівастокам.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце ўрада Прыморскага краю, кіраўнікі двух рэгіёнаў ужо правялі сумесную сустрэчу. У прыватнасці, губернатар Прымор’я Алег Кажамяка адзначыў, што двухбаковыя перамовы прывялі да наладжвання кантактаў паміж прыморскімі і беларускімі дзяржаўнымі і бізнес-структурамі, заключаны папярэднія пагадненні аб супрацоўніцтве па розных напрамках – зараз варта пачынаць практычную работу.

«Мы ўжо ўсе добра знаёмыя, дамовы падпісаныя, пара заключаць дагаворы. Няхай яны на пачатковым этапе будуць невялікімі, але такую працу неабходна пачынаць. Разлічваю, што па выніках візіту беларускай дэлегацыі ў Прыморскі край першыя дагаворы будуць падпісаныя», – заявіў Алег Кажамяка.

Напярэдадні ўдзельнікі беларускай дэлегацыі ўжо наведалі шэраг буйных прадпрыемстваў рэгіёна, у прыватнасці, цэнтр суднарамонту «Дальзавод» ва Уладзівастоку і суднабудаўнічы комплекс «Зорка» ў Вялікім Камені. Сёння беларуская дэлегацыя, разбіўшыся на групы, таксама аб’ехала практычна ўвесь поўдзень Прымор’я, агледзела прадпрыемствы і магчымыя пляцоўкі для арганізацыі сэрвісна-лагістычнага цэнтра беларускай тэхнікі, інвестыцыйных праектаў у сферы комплекснага будаўніцтва.

У аўторак, 24 лістапада, прадугледжана наведванне гандлёва-прамысловай кампаніі «Дабрафлот» і прэзентацыя магчымасцяў рыбаперапрацоўчага комплексу ТАА «Рускі мінтай». Рыбапрадукцыя прыморскай вытворчасці з’яўляецца адным з таварных напрамкаў, да якога беларускі бок праяўляе актыўную цікавасць. Таксама плануецца правесці шэраг сустрэч прадстаўнікоў бакоў па наступных напрамках: будаўніцтва, прамысловасць і гандаль, транспарт, сельская гаспадарка. Завершыць візіт выніковае пасяджэнне і падпісанне дагавораў.

Нагадаем: у адпаведнасці з распараджэннем прэм’ер-міністра Беларусі ад 1 кастрычніка 2019 года старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц з’яўляецца кіраўніком беларускай часткі рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Прыморскага краю. Па выніках студзеня–верасня знешнегандлёвы абарот тавараў нашай краіны і расійскага рэгіёна склаў $12,1 млн., экспарт – $10,7 млн., імпарт – $1,4 млн. Сальда знешняга гандлю сфарміравалася станоўчым на ўзроўні $9,3 млн.

Фота - primorsky.ru 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая