RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларуская лялька стане своеасаблівым сімвалам свята «Александрыя збірае сяброў»

Ужо адзінаццатым разам у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна пройдзе рэспубліканскае свята «Купалле». На фестывальным кірмашы са старадаўнімі традыцыйнымі рамёствамі беларусаў знаёмяцца не толькі госці, але і самі майстры. Да кожнага фэсту адпраўляюцца ў этнаграфічныя экспедыцыі, каб адрадзіць ва ўсёй паўнаце адзін з відаў народнага мастацтва. Так, на адным з фестываляў праводзіўся конкурс народных касцюмаў, летась сімвалам свята быў ручнік, а ў гэтым – беларуская лялька.

Як выглядае Купалінка? Госці Александрыі змогуць ацаніць фантазію майстэрскіх рукадзельніц з усёй Магілёўскай вобласці, почырк майстра і каларыт мястэчка, дзе ён жыве: у кожнай лялькі будзе свой твар. Дырэктар Кароўчынскага дома рамёстваў з Дрыбінскага раёна Таццяна Дзмітрук расказвае, што ў дрыбінскай лялькі векавая біяграфія:

– Мы яшчэ заспелі бабуль, якія падзяліліся з намі сакрэтамі вырабу гульнявой лялькі яшчэ з іх дзяцінства. Яны нават праводзілі майстар-класы для дзетак, а мы ўсе бралі на аловак і здымалі на відэа. За аснову бралася дравінка ці нават катах кукурузы, а далей у ход ішлі шматкі тканіны, кавалачкі мешкавіны – на што была багатая сялянская сям’я. Дзякуючы нашым жа старажылам удалося аднавіць тэхніку пляцення дрыбінскіх лапцей, яе пасля ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Ну і, вядома ж, нашы знакамітыя дрыбінскія валёнкі! З этнаграфічных экспедыцый мы даведаліся, што шапавалы таксама рабілі лялечак з воўны.

Майстрыхі з Краснаполля маюць намер зрабіць акцэнт на вышыўцы. Аказваецца, у беларускім арнаменце ёсць асобныя ўзоры, якія абазначаюць карагод, агонь, купальскую траву і Купалінку, якая танцуе.

Але не толькі лялек у купальскіх касцюмах убачаць госці свята ў Александрыі, а яшчэ і цэлыя калекцыі беларускіх народных цацак. З якіх толькі матэрыялаў нашы продкі не майстравалі цацкі! «Нават з бульбы», – так паведамілі глускім майстрыхам мясцовыя старажылы. З адварнога клубня выразалася, да прыкладу, парася, пасля падсушвання на сонцы цацка дубянела. А вось глускі бондар – народны майстар Уладзімір Станкевіч – жартуе, што (ужо з сівізной на скронях) запаў у дзяцінства: захапіўся драўлянай цацкай:

– Яшчэ даўней умельцы стараліся прыдумаць арыгінальны механізм, які ажыўляе цацкі: у мяне конікі на колах, звяркі, якія круцяцца на турніках, дзяцел, які стукае дзюбай па дрэве. У ход ідуць ліпа, бяроза, хвоя, акацыя, замест лаку выкарыстоўваю ільняны алей. Зараз цацкі з дрэва зноў у модзе. Гэта ж не пластык, іх прыемна трымаць у руках, яны перадаюць цяпло рук майстра.

Старшыня Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Наталля Дамянікава лічыць, што ў народнай ляльцы вельмі ярка прасочваюцца этнічныя асаблівасці, бо іх ствараюць па вобразу і падабенстве:

– Абвясціўшы конкурс народнай цацкі, мы ставілі задачу прыцягнуць увагу майстроў нашых дамоў рамёстваў і школ мастацтваў да даследчай працы, каб яны сустракаліся са старажыламі і аднаўлялі традыцыі сваёй малой радзімы. Вынікам такой працы стануць майстар-класы, выставы. У гэтых няхітрых цацках можна прачытаць зашыфраваныя пасланні ад нашых продкаў: гісторыя народнай цацкі цесна звязана з фальклорам, вераваннямі, побытам таго часу.

Сама Наталля Дамянікава будзе майстраваць традыцыйныя для беларусаў цацкі з саломкі. Не забудуць рамеснікі і пра лялькі-абярэгі. Зажыначных рабілі перад пачаткам жніва – на ўраджай; ляльку на шчаслівае замужжа дзяўчына павінна была стварыць уласнымі рукамі; пелянашка заклікана аберагаць немаўля ад пошасцяў; лялечка-зернавушка – дараваць дабрабыт гаспадарам.

Гасцям Александрыі дадуць магчымасць акунуцца ў дзяцінства, а значыць, успомніць малую радзіму, свае карані.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая