RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«БелЭмса» пашырае вытворчасць аднаразовых медыцынскіх масак

Дадатковае абсталяванне для выпуску аднаразовых трохслаёвых медыцынскіх масак закупляе ТАА «БелЭмса» ў Магілёўскім раёне. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара прадпрыемства Асман Учар.

«Улетку мы запусцілі другую лінію па вытворчасці сродкаў індывідуальнай абароны. Тут мы выпускаем 2,4 тыс. масак за хвіліну. Нашы вырабы зарэкамендавалі сябе як на ўнутраным рынку Беларусі, так і на знешніх. Высокая якасць, сучасныя матэрыялы, зручнасць для спажыўцоў пры нашэнні і, самае галоўнае, надзейная абарона – попыт на нашы медыцынскія маскі працягвае расці. Таму было вырашана пашыраць вытворчасць», – адзначыў Асман Учар.

На «БелЭмсе» выпускаюць трохслаёвыя медыцынскія маскі з нятканага матэрыялу. Першы пласт, які прылягае да скуры, не раздражняе яе. Другі – фільтруе, знаходзіцца ўнутры маскі, знешні пласт абараняе ад пылу і іншых дробных часціц. Маска забяспечвае да 99% абароны ад бактэрый, што было пацверджана пры лабараторных даследаваннях у Еўропе і Амерыцы пры атрыманні медыцынскіх сертыфікатаў. Таксама ў масцы ёсць пластмасавы фіксатар для носа, які забяспечвае больш шчыльнае яе прыляганне да твару. Тут распрацавалі ўнікальныя завушнікі з матэрыялу, які выкарыстоўваецца на прадпрыемстве пры вырабе дзіцячых падгузнікаў. Ён не раздражняе скуру і не дастаўляе нязручнасцяў падчас працяглага нашэння.

Новая лінія, як і папярэднія дзве, будзе поўнага цыкла, уся вытворчасць тут аўтаматызаваная. «Да 20 лістапада новае абсталяванне ўжо прыедзе на наш завод. Мы спадзяёмся запусціць яго ў самыя кароткія тэрміны. Сёння кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла набыць яшчэ адну машыну для вытворчасці медыцынскіх масак. Калі ўсё абсталяванне будзе ўстаноўлена і пачне працаваць, мы зможам выпускаць амаль 5 тыс. штук за хвіліну», – расказаў Асман Учар.

Сума інвестыцый склала каля $3 млн. Пры пашырэнні вытворчасці тут будзе створана больш за 100 працоўных месцаў. «Мы цяпер актыўна шукаем людзей для працы на новых лініях. Нашаму прадпрыемству трэба каля 100 пакавальнікаў і 20 аператараў», – падкрэсліў Асман Учар.

Паводле яго слоў, у першую чаргу медыцынскія маскі паступаюць на ўнутраны рынак краіны, астатняе ідзе на экспарт.

ТАА «БелЭмса» зарэгістравана ў СЭЗ «Магілёў» у 2011 годзе. Тут вырабляюць вільготныя сурвэткі, падгузнікі. Заснавальнікам і інвестарам прадпрыемства выступіла турэцкая кампанія Ucar Grup. 70% прадукцыі экспартуецца ў 25 краін свету.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая