RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Блакітную крыніцу на Мядовы (Макавы) Спас наведалі тысячы паломнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі

Людзі вераць, што асабліва ў такі дзень найчысцейшая вада адной з самых буйных крыніц ва Усходняй Еўропе валодае гаючай сілай. Лічыцца, што калі ад берага да берага прайсці тройчы, то здароўя хопіць на цэлы год.

На тры дні была разлічана святочная праграма, цікавая не толькі аматарам абрадаў пакланення крыніц, якія значацца ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, але і тым, хто захапляецца фальклорам, турызмам, народнымі гуляннямі.

На Мядовы Спас па традыцыі ля Блакітнай крыніцы прайшоў хрэсны ход з асвяшчэннем вады, мёду і лекавых траў, а каля невялікай капліцы паломнікі сабраліся на боскую літургію. Па народных традыцыях з гэтага дня пачынаўся збор мёду.

Дарэчы, назапасіцца мёдам да наступнага лета госці змаглі на мясцовым кірмашы. Ужо каля дзесяці гадоў запар удзельнічае ў свяце пчаляр з вёскі Шаломы Слаўгарадскага раёна Уладзімір Круглікаў. Вясковец трымае 70 сямей пчол.

– Хоць майскага мёду было мала, затое ў чэрвені і ў ліпені так многа прынеслі мае працаўніцы з розных траў, што нават не думаў, што так будзе, – дзеліцца ён уражаннямі. – На свяце ўсё выдатна арганізавалі, зрабілі зручныя месцы для продажу мёду. За пяць дзён я адзін прадаў прыкладна 400 кілаграмаў карыснага прадукту!

Па назіраннях пчаляра, сёлета надзвычай многа гасцей прыехала з розных абласцей краіны, у тым ліку з Гродзенскай і Мінскай. Расіян сёлета было нямнога.

Жадаючыя змаглі прадэгуставаць кулінарныя шэдэўры слаўгарадскіх сыравараў і набыць сувеніры ў «горадзе майстроў». Турыстычны патэнцыял Блакітнай крыніцы будзе развівацца, як сцвярджае старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская:

– Людзі вераць у цуд, таму ў гэта месца заўсёды будуць імкнуцца паломнікі. Ужо сёння яны маглі заначаваць у кемпінгах, добраўпарадкоўваюцца месцы адпачынку. Многія прыехалі, каб паўдзельнічаць у велафестывалі, для іх распрацаваны спецыяльны маршрут па мясцовых славутасцях. А ўжо ў верасні пачне працу цэнтр сельскага турызму. Гэта будзе своеасаблівая бізнес-школа для жадаючых займацца агратурызмам, фермерствам, рамесніцтвам.

Пры цэнтры пачне працаваць міні-гасцініца. Трэба адзначыць, што ўсе месцы адпачынку аддаленыя ад самой крыніцы, таму што вялікая ўвага надаецца захаванню помніка прыроды рэспубліканскага значэння. Уся тэрыторыя вакол–пойма ракі Проня і левабярэжжа Сожа–уключана ў заказнік і ахоўваецца. Таму галоўнае сёння–з дапамогай фестываляў, развіцця інфраструктуры зрабіць гэтыя месцы яшчэ больш прывабнымі для турыстаў.

СБ
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая