RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 350 фільмаў з 49 краін свету пакажуць на «Анімаёўцы» ў Магілёве

XXII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2019» пройдзе ў Магілёве 24–27 кастрычніка. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».

У гэтым годзе на форуме пакажуць 353 фільмы з 49 краін свету. Упершыню будуць прадстаўлены працы з Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Інданезіі.

Па рашэнні экспертнай камісіі толькі 124 анімацыйныя фільмы з 29 краін змогуць пазмагацца за галоўны прыз «Анімаёўкі». Беларусь будзе прадстаўлена на конкурсе 33 работамі, у ліку якіх 7 стануць удзельнікамі конкурсу анімацыйных фільмаў, 26 – дзіцячай анімацыйнай творчасці.

Усе фільмы прагледзіць прадстаўнічае міжнароднае журы, якое ўзначаліць заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар, мастак-аніматар, рэжысёр, сцэнарыст Леанід Носыраў. Дапамагаць яму будуць член Міжнароднай асацыяцыі анімацыйнага кіно Міхаіл Тумеля, сцэнарыст, драматург, паэтка, дзіцячы пісьменнік, рэжысёр анімацыйнага і ігравога кіно Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алена Турава, заслужаны мастак Украіны, рэжысёр Наталія Чарнышова, сцэнарыст, рэжысёр, член Саюза кінематаграфістаў Казахстана Эдвард Кульбаеў. Старшынёй журы конкурсу дзіцячай анімацыйнай творчасці будзе рэжысёр, мастак-графік, ілюстратар, мастак-пастаноўшчык студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Таццяна Кубліцкая.

Сярод удзельнікаў конкурснай праграмы выберуць не толькі ўладальніка Гран-пры («Найлепшы анімацыйны фільм фестывалю»), але і пераможцаў у 18 намінацыях: 10 дарослых («Найлепшы анімацыйны фільм для дарослых», «Найлепшае выяўленчае рашэнне», «Найлепшы сцэнарый анімацыйнага фільма», «Найлепшы рэжысёр анімацыйнага фільма», «Найлепшае гукавое рашэнне анімацыйнага фільма», «Найлепшы студэнцкі анімацыйны фільм», «Найлепшы анімацыйны фільм для дзяцей», «Найлепшы эксперыментальны анімацыйны фільм», «Найлепшы беларускі анімацыйны фільм», «Найлепшы дэбют») і 8 дзіцячых («Самаму юнаму творцу анімацыйнага фільма», «Найлепшая сцэнарная работа», «Найлепшае гукавое рашэнне анімацыйнага фільма», «Самы пазнавальны анімацыйны фільм», «Самы добры анімацыйны фільм», «Найлепшы дзіцячы анімацыйны фільм», «Найлепшы беларускі анімацыйны фільм», «Найлепшаму мастаку анімацыйнага фільма»). Стваральнікі найлепшых мультфільмаў традыцыйна атрымаюць дыпломы і хрустальныя алоўкі, а ўсе без выключэння ўдзельнікі творчага спаборніцтва павязуць з сабой памятныя сертыфікаты.

Традыцыйна падчас свята будуць праводзіцца майстар-класы, конкурсы дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, творчыя сустрэчы з аўтарамі мультфільмаў, а таксама тэматычныя паказы ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці. Так, у кінатэатрах «Радзіма», «Чырвоная Зорка», «Космас», «Ветразь» пройдуць выставы конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Чараўніцтва анімацыі» з удзелам заслужанага мастака Украіны, рэжысёра, лаўрэата прэміі імя Л. Украінкі Наталіі Чарнышовай. Будуць арганізаваны паказы фільмаў для дзяцей і дарослых, сярод якіх такія праграмы, як «Беларуская анімацыя», «Дэбютнае анімацыйнае кіно», «Мультфеерверк “Анімаёўка-2019”», «Мультпадарожжа ў краіну “Анімаёўка”», «Бяссоніца», рэтраспектыва Гран-пры фестывалю «Залатая калекцыя “Анімаёўкі”». Праграмай форуму запланаваны майстар-класы рэжысёраў-аніматараў Таццяны Кубліцкай і Анастасіі Клачковай (Беларусь), Сяргея Струсоўскага (Расія). 95-годдзю беларускага кіно дырэктар студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Галіноўскі прысвяціў праграму «Беларуская анімацыя». Прэзентацыю дзіцячай анімацыйнай студыі «Карандаш» Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства «Кінавідэапракат» «Тут нараджаюцца мультфільмы» правядзе яе кіраўнік Анастасія Клачкова. Пройдуць творчыя сустрэчы з удзелам рэжысёраў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» – заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Ігарам Волчакам, Аленай Туравай, Аляксандрам Ленкіным. Анімацыю Казахстана прадставіць рэжысёр Эдвард Кульбаеў. Прыхільнікаў анімацыі чакае сустрэча з заслужаным дзеячам мастацтваў Расійскай Федэрацыі, кампазітарам, выканаўцам песень Рыгорам Гладковым, вядучымі і персанажамі праграмы «Калыханка». Магілёўская гарадская капэла пад кіраваннем мастацкага кіраўніка і дырыжора Сяргея Лішчанкі прадставіць музычную праграму «Мульткараоке з капэлай».

Ідэя правядзення Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» належыць заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, лаўрэату міжнародных і рэспубліканскіх кінафестываляў, рэжысёру вышэйшай катэгорыі, мастацкаму кіраўніку студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігару Волчаку і рэжысёру-аніматару, сцэнарысту, мастаку, дацэнту Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў Міхаілу Тумелю.

Першы форум прайшоў у маі 1998 года ў Мінску. У верасні гэтага ж года па ініцыятыве генеральнага дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўаблкінавідэапракат» Андрэя Бычкова фестываль «Анімаёўка» арганізавалі ў Магілёве. З таго часу абласны цэнтр штогод прымае гасцей і ўдзельнікаў мультсвята. З кожным годам геаграфія краін-удзельніц пашыраецца. Калі на «Анімаёўцы-1998» было прадстаўлена 12 работ беларускіх рэжысёраў, то на юбілейным ХХ Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2017» – 240 карцін з 46 краін.

Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» праводзіцца з мэтай умацавання і развіцця творчых сувязяў паміж Беларуссю і краінамі-ўдзельніцамі форуму, папулярызацыі найлепшых дасягненняў у галіне анімацыйнага кіно, выяўлення і падтрымкі творчага патэнцыялу, у тым ліку моладзі.
Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю анімацыйных фільмаў адбудзецца 25 кастрычніка ў 16.00 у кінатэатры «Радзіма». Урачыстае закрыццё – 27 кастрычніка ў 15.00 у кінатэатры «Радзіма».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая