RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чароўны фантан з 34 тартоў атрымалі дзеці Магілёўскай вобласці на губернатарскай ёлцы

Чароўны фантан з 34 тартоў атрымала дзятва Магілёўскай вобласці на губернатарскай ёлцы. Вянчала салодкі сюрпрыз шакаладная мышка, пакрытая цукровай пудрай, – сімвал надыходзячага 2020 года. Сюрпрыз для хлопчыкаў і дзяўчынак па ўнікальнай рэцэптуры двое сутак рыхтавалі найлепшыя кандытары ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”». 

Губернатарская ёлка, арганізаваная ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», сабрала сёння ў Палацы культуры вобласці больш за 600 дзяцей. У мерапрыемстве прынялі ўдзел выдатнікі вучобы, пераможцы раённых і абласных алімпіяд, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый з усяго рэгіёна.

З надыходзячымі святамі павіншаваў дзятву старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Ён падкрэсліў, што стала традыцыяй напярэдадні Новага года і Раства праводзіць абласную ёлку з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, уручэннем падарункаў таленавітым і актыўным дзецям Прыдняпроўскага краю. Такое мерапрыемства – магчымасць яшчэ раз сказаць рабятам «дзякуй» за поспехі, парадавацца дасягнутым вынікам.

«Прыемна, што ў гэтай зале сабраліся таленавітыя, паспяховыя маладыя людзі, якія ўслаўляюць Магілёўшчыну. Вамі ганарацца настаўнікі, бацькі, усе жыхары Прыдняпроўскага краю, – адзначыў Леанід Заяц. – Вы маеце поспех у вучобе, творчасці, з’яўляецца ўзорам для іншых дзяцей».

Кіраўнік рэгіёна выказаў упэўненасць, што і ў далейшым дзятва будзе пераймаць самыя лепшыя якасці ад старэйшых, уважліва, паважліва ставіцца да бацькоў і настаўнікаў, захоўваць сяброўскія традыцыі. Леанід Заяц пажадаў рабятам шырокай і шчаслівай жыццёвай дарогі, выканання задумак, выказаў удзячнасць дарослым за поспехі моладзі, якая ў далейшым павінна стаць падмуркам развіцця грамадства і дзяржавы.

Ён уручыў школьнікам салодкія двухкілаграмовыя падарункі, а ў адказ атрымаў карціну з зімовым пейзажам, створаную таленавітымі дзецьмі Магілёўскай вобласці.

Затым дзецям паказалі гісторыю пра дабро, узаемавыручку і сапраўднае сяброўства. Галоўным героем музычнай навагодняй казкі «Чароўны пераплёт» стаў 10-гадовы хлопчык Воўка Піджакоў. Па сюжэце Дзед Мароз выгадаваў чароўную ёлку з кнігамі, а злы чараўнік Шырлін-Мырлін і ведзьма Рампумпель Гадзюкіна спрабавалі іх выкрасці. На дапамогу прыйшоў Воўка: ратуючы кнігі, ён трапіў у кніжнае царства і сустрэў розных літаратурных персанажаў – Снежную Каралеву, Змея Гарыныча, Дон Кіхота і Санча Панса, Айбаліта, Бармалея і многіх іншых.

Дарэчы, удзельнікамі навагодніх мерапрыемстваў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» стане каля 150 тыс. юных жыхароў Магілёўскай вобласці. Да 10 студзеня прадстаўнікі выканаўчай улады рэгіёна з падарункамі і віншаваннямі наведаюць 50 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, 23 цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 7 дзіцячых сацыяльных прытулкаў, 10 устаноў інтэрнатнага тыпу абласнога падпарадкавання.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая