RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чэрыкаўскі раён лідзіруе на пасяўной сярод цэнтральных раёнаў Магілёўскай вобласці

З надыходам спрыяльных умоў надвор'я ў Магілёўскай вобласці набірае тэмпы пасяўная кампанія. Адным з яе лідэраў стаў Чэрыкаўскі раён, на сённяшні дзень тут пасеяна ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур на 66 працэнтаў ад запланаваных плошчаў. Пра гэта расказалі ў аддзеле раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама.

Як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Чэрыкаўскага райвыканкама Сяргей Запрудскі, у раёне 5 сельскагаспадарчых арганізацый, у якіх пад сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур запланавана больш як 2,6 тыс. га. «Пасяўная кампанія ў раёне набрала добры тэмп. Тэхніка ёсць, людзі настроены на высокія вынікі, - падкрэсліў ён. - Рабочы дзень у работнікаў сельскай гаспадаркі пачынаецца а 6-й раніцы і доўжыцца ўвесь светлавы дзень. Спецвопраткай, гарачым харчаваннем, выплатамі ўсё забяспечаны. У дапамогу аграрыям раёна сёлета закупілі тры сеялкі».

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела інтэнсіфікацыі і вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Юрыя Осіпава, у добрым стане з зімоўкі выйшлі азімыя. «Восенню мінулага года пад ураджай азімых збожжавых на зерне была засеяна плошча 8 тыс. га і амаль 2 тыс. га рапсу, - адзначыў ён. - У раёне акрамя пасяўной вядзецца ўвесь комплекс сельскагаспадарчых работ. Мы забяспечаны ўсім неабходным. Засталося толькі выканаць пастаўленыя задачы ў тэрмін і якасна».

На палях КСУП «Язёрскі» актыўна ідуць работы. Тут механізатар Аляксандр Князькоў вядзе сяўбу ячменю на поле плошчай 125 га. У сельскай гаспадарцы мужчына ўжо 19 гадоў. «У гэтым годзе працы пачалі амаль у такі ж тэрмін як звычайна. У мінулым годзе пасяўная пачыналася цяжка, трактары ў палі з цяжкасцю заходзілі. А ў гэтым усё добра - спакойна сеў і паехаў сваю працу рабіць, - распавядае мужчына. - На працу да 6 раніцы і да самага вечара. Прадпрыемства ўсім неабходным забяспечыла, падвозяць гарачы абед. А калі затрымліваешся ў полі - можна і вячэру замовіць».

На сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці раннімі яравымі збожжавымі і зернебабовымі культурамі засеяна больш як 39 тыс. га, або 34 працэнты ад запланаваных плошчаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая