Рус Бел Eng 中文

Чым больш стабільная і спакойная сітуацыя ў краіне, тым вышэйшы ўзровень жыцця яе грамадзян – дырэктар Цэнтра мадэрнізацыі жылфонду Карагандзінскай вобласці

Чым больш стабільная і спакойная сітуацыя ў краіне, тым вышэйшы ўзровень жыцця яе грамадзян. Такім меркаваннем падзяліўся дырэктар Цэнтра мадэрнізацыі жыллёвага фонду Карагандзінскай вобласці (Казахстан) Даніяр Дзюсембаеў падчас наведвання ААТ «Магілёўліфтмаш».

«Сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны заставацца па-за палітыкай, таму што гэта тое, з чым людзі сутыкаюцца кожны дзень. І мы не павінны пакідаць гэтую сферу без увагі. Людзі павінны жыць прыгожа, утульна і камфортна. А такое магчыма толькі ў дзяржаве, якая стабільна развіваецца. Чым больш стабільная і спакойная сітуацыя ў дзяржаве, тым вышэйшая якасць жыцця яе грамадзян», – адзначыў Даніяр Дзюсембаеў.

Ужо больш за 10 гадоў Карагандзінская вобласць набывае ліфты Магілёўскай вытворчасці. «Гэтыя ліфты правераны часам: яны даказалі сваю надзейнасць і рамонтапрыдатнасць. Таму мы плануем працягнуць далейшае супрацоўніцтва, і для гэтага прыехалі з афіцыйным візітам сёння. Мы паглядзім новыя ўзоры, вызначымся ў цэнавай палітыцы. І працягнем закупляць абсталяванне ў 2021 годзе», – расказаў Даніяр Дзюсембаеў.

Па словах кіраўніка карагандзінскай арганізацыі, магілёўскія ліфты –гэта аптымальныя суадносіны цаны і якасці. Прамы канкурэнт «Магілёўліфтмаша» ў нас –гэта кітайскія вытворцы, высокую планку трымаюць флагманы сусветнай ліфтавытворчасці, ёсць кампаніі, якія таксама гатовы пастаўляць ліфты сярэдняга цанавога сегмента. Але магілёўскія ліфты для нас па-за канкурэнцыяй. Сёлета мы закупілі больш за 60 ліфтаў, плануем набыць яшчэ партыю да канца года. І на наступны год плануем закупіць яшчэ 100 ліфтаў, таму што якасныя ліфты павышаюць камфорт жыхароў нашай вобласці», – падкрэсліў Даніяр Дзюсембаеў.

ААТ «Магілёўліфтмаш» –кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўліфтмаш». Тут вырабляюць пасажырскія, грузавыя, бальнічныя ліфты, эскалатары, травалатары, аўтаматычныя парковачныя сістэмы, абсталяванне для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і іншае. Прадукцыя пастаўляецца ў Расію, Казахстан, Арменію, Украіну, Кыргызстан і краіны далёкага замежжа. На прадпрыемстве працуе больш за 5 тыс.чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая