RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Цягнік Перамогі» прыбыў на вакзал у Магілёў

Магілёў сёння сустрэў «Цягнік Перамогі». Удзельнікамі святочнага мітынгу, прысвечанага адкрыццю ўнікальнай перасоўнай выставы, сталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, ветэранскіх арганізацый, БРСМ, гараджане. Значнасць гэтага праекта падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

«З гэтай унікальнай экспазіцыяй пазнаёмілася ўжо больш за 90 тыс. чалавек у Расійскай Федэрацыі, а ў гэтыя дні, праехаўшы па рэгіёнах Беларусі, «Цягнік Перамогі» завяршае свой шлях у Магілёве, – адзначыў ён. – Ад усіх жыхароў горада на Дняпры хачу сказаць вялікі дзякуй стваральнікам і арганізатарам праекта, які можна назваць машынай часу. Музей на колах дазваляе адчуць атмасферу ваенных гадоў і ўбачыць вайну вачыма іх удзельнікаў. Ён уражвае тым, як аўтары экспазіцыі дакладна і рэалістычна перадаюць трагічную і гераічную атмасферу Вялікай Айчыннай вайны. Такія праекты дапамагаюць не толькі яшчэ раз асэнсаваць мінулае, але і ўмацоўваюць адзінства, захоўваюць памяць пра подзвігі продкаў, якія змагаліся і загінулі ў баях за Радзіму».

Вайна пакінула след у гісторыі кожнай беларускай сям’і. Мы страцілі кожнага трэцяга і ніколі гэтага не забудзем. «Сёння некаторыя спрабуюць навязаць нам наскрозь фальшывую гісторыю, калі Савецкі Саюз нароўні з фашысцкай Германіяй абвінавачваецца ў развязванні Другой сусветнай вайны, а ў некаторых краінах людзям забараняюць адзначаць святое для іх свята пад сцягам Вялікай Перамогі, – падкрэсліў Валерый Малашка. – Яны хочуць, каб мы, нашчадкі герояў-пераможцаў, апраўдваліся за сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія цаной свайго жыцця выратавалі жыццё ўсяму чалавецтву. Сёння наш святы абавязак–захаваць гістарычную памяць аб перамозе над нацызмам і перадаць яе будучым пакаленням. Праўда заключаецца менавіта ў тым, што народы Савецкага Саюза ўнеслі вырашальны ўклад у разгром фашызму і выратавалі свет ад карычневай чумы. Памяць аб Вялікай Перамозе, мужнасці нашага народа, яго вялікі ўклад у разгром нацызму заўсёды будзе жыць у кожным новым пакаленні грамадзян Беларусі.

Сімвалічна, што «Цягнік Перамогі» прыбыў у Магілёў у Дзень моладзі і студэнцтва і напярэдадні Дня горада, лічыць Валерый Малашка. Бо Магілёў–горад баявой славы. У старонкі ваеннай гісторыі ён ўпісаны залатымі літарамі дзякуючы сваім абаронцам, якія роўна 80 гадоў таму сталі насмерць на шляху ворага. Менавіта тут пачынаўся крах гітлераўскіх планаў. Менавіта тут быў развеяны міф аб непераможнасці Вермахта. «І сёння хочацца звярнуцца да нашай моладзі: важна, каб вы не толькі памяталі пра подзвіг продкаў, але і разумелі, праз якія цяжкія выпрабаванні яны прайшлі. І такія праекты, як «Цягнік Перамогі», дапамагаюць адчуць горыч вайны, боль страт і цану Перамогі, якая прынесла нам свабоду, – канстатаваў намеснік старшыні аблвыканкама. – Вось ужо 76 гадоў мы жывём пад мірным небам. І сёння перад нашай моладдзю адкрыты любыя дарогі. Менавіта вам, мэтанакіраваным, ініцыятыўным, рашучым трэба будзе будаваць будучыню роднай краіны, памнажаючы традыцыі бацькоў і дзядоў».

«Цягнік Перамогі» – першая ў свеце імерсіўная інсталяцыя, размешчаная прама ў вагонах. Галоўная асаблівасць – гэта не застылы ў часе цягнік з мінулага, а паўнавартасны рухомы састаў, у якім можна пагрузіцца ў гісторыі рэальных герояў Вялікай Айчыннай вайны. У аснове экспазіцыі–трохмерныя панарамы: маляўнічыя палотны, макеты ў натуральную велічыню і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі.

Музей, размешчаны ў 9 вагонах, унікальны і сваім мультымедыйным суправаджэннем. Тут выкарыстоўваецца аб’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці(VR), кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп’ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі. Для кожнай зоны экспазіцыі спецыяльна напісана свая музыка. Усе прымененыя рашэнні дазваляюць паказаць маштаб падзей, уявіць подзвіг савецкага народа. Лёсы гістарычных асоб і простых людзей, партрэты легендарных асоб і вобразы малавядомых творцаў Перамогі–вайскоўцаў, навукоўцаў, чыгуначнікаў, медыкаў – паўстаюць у экспазіцыі цягніка-музея.

Пабываўшы на экскурсіі, старшыня грамадскай арганізацыі «Магілёўская абласная асацыяцыя малалетніх вязняў фашысцкай няволі» Галіна Рыбцова падкрэсліла: «Такі цягнік– неацэнная задумка. Уражанні ў кожным вагоне свае. Але для мяне самы значны той, дзе паказана, як утрымліваліся вязні. Нахлынула шмат гаротных успамінаў, якія немагчыма забыць. Мы пранеслі іх праз усё жыццё. І яшчэ важныя дэталі – гэта бамбёжка і брэх. Калі нас зганялі, нямецкія салдаты былі з сабакамі, нацкоўвалі іх на адстаючых. Я доўга баялася сабак, пакуль не прывыкла, што яны сябры, не ворагі, што жывёлы выконвалі каманды людзей».

Галіна Іванаўна расказала, што нарадзілася пасля пачатку вайны. Бацька, ваенны лётчык, адразу пайшоў на фронт, а мама вырашыла дабірацца да бацькоў у Беларусь: яны жылі паміж Дрыбінам і Горкамі. Калі прыехала, у вёсцы ўжо стаялі немцы. У пачатку 1944 года маленькую дзяўчынку з мамай вывезлі з краіны: спачатку ў Польшчу, дзе яны прайшлі вельмі «шчасліва» Асвенцым, пасля – лагер «Брандэнбург». «Там размяшчаліся на такіх жа нарах, як намаляваныя ў гэтым цягніку, толькі была яшчэ падсцелена салома, – падкрэсліла Галіна Рыбцова. – З гэтага лагера людзей прадавалі на працу фермерам. Так мы аказаліся ў маёнтку нямецкага генерала, дзе былі да канца вайны, пакуль нас не вызвалілі нашы войскі».

З усяго ваеннага часу Галіна Іванаўна больш за ўсё памятае не столькі голад і холад, колькі усёпаглынальны страх. «Мама заўсёды старалася мяне атуліць, засцерагчы ад усяго, хавала ў бамбёжку, старалася, каб я не бачыла, як забіваюць людзей, калі гналі па дарозе. Але краем вока я ўсё роўна гэта заўважала. І ўсё гэта застаецца ў памяці, – сказала яна. – Калі скончылася вайна, мне яшчэ доўга сніліся страшныя сны. Я крычала па начах. Наколькі ўжо пазней змагла прааналізаваць свае паводзіны, то пасля вайны не смяялася. Мы сталі маленькімі старымі, вельмі сур’ёзнымі. Вайна–гэта вельмі страшна. Дай Бог, каб яна ніколі не паўтарылася. Ніколі! Хочацца, каб моладзь паглядзела на гэты цягнік і зрабіла выснову: трэба ўсімі сіламі берагчы мір. Ён цяпер вельмі далікатны».

А старшыню Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава ўразіў момант, дзе малады чалавек адсылаў дадому ліст са словамі:«Я не вярнуся, не чакайце мяне». «Потым гучыць інфармацыя, што ўвосень 1941 года ён загінуў пад Масквой. Падобная сітуацыя склалася ў маёй сям’і, – адзначыў кіраўнік горада. – Бацька мамы не вярнуўся з вайны, і мы нават не ведалі, дзе ён пахаваны. Толькі прыкладна праз 40 гадоў пасля Перамогі удакладнілі месца пахавання – Смаленская вобласць. Многія сем’і з гэтым сутыкнуліся, таму гістарычную памяць трэба берагчы і шанаваць».

Маштабны гісторыка-асветніцкі праект «Цягнік Перамогі» створаны ў Расійскай Федэрацыі камандай творчай майстэрні «Неўскі баталіст» сумесна з медыягрупай «Чырвоны квадрат» пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, ААТ «Расійскія чыгункі» і грамадскай арганізацыі «Валанцёры перамогі» ў межах святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У першы рэйс ён адправіўся з Беларускага вакзала Масквы ў кастрычніку 2020 года.

«Неўскі баталіст» заўсёды адрозніваўся скрупулёзнасцю, дэталёвасцю ў малюнку вайны, – канстатаваў кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. –Выйшаўшы з цягніка, выразна разумееш, што вайна–гэта сапраўды кроў, пот і слёзы, пакуты, смерць кожную хвіліну, кожны дзень. Мне здаецца, прайшоўшы праз экспазіцыю, кожны гэта адчуе».

Спецыяльна з Горак пабываць у «Цягніку Перамогі» прыехала сям’я Ганны і Аляксандра Паўлоўскіх. «Жудасна, і былі такія вагоны, дзе нельга стрымаць слёз, напрыклад, вагон-канцлагер, санітарны вагон. Гэта быццам напамін пра ўсіх тых, хто ваяваў, не вярнуўся з поля бою або прапаў без вестак, як і нашы дзяды», – заключылі госці.

Сярод тых, каму пашчасціла стаць экскурсантам, магілёўскі гімназіст, 13-гадовы Ілья Зубрыновіч. «Не чакаў, што так рэалістычна будзе. Задумаўся, што і ў маім узросце хлапчукам даводзілася ваяваць. Многія не дажылі да канца вайны. Гэта цікавей, чым гісторыю на ўроках вучыць. Прыйду ў сваю гімназію, раскажу хлопцам, што ўбачыў», – адзначыў ён.  

    

У Беларусі праект рэалізуецца Беларускай чыгункай і ААТ «Расійскія чыгункі» пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра ў межах Года народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Унікальны перасоўны музей курсіруе па Беларускай чыгунцы з 11 чэрвеня. Яго маршрут прайшоў ад Мінска да Магілёва праз Оршу, Віцебск, Полацк, Гродна, Брэст і Гомель.

У Магілёве «Цягнік Перамогі» прабудзе два дні. Пагрузіцца ў гісторыю і на свае вочы ўбачыць франтавыя карціны зможа больш за тысячу жыхароў абласнога цэнтра. Экскурсія бясплатная, але, на жаль, з-за абмежаванай прапускной здольнасці і эпідэміялагічнай сітуацыі наведванне экспазіцыі ажыццяўляецца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па запрашальных квітках, якія распаўсюджваюцца сярод арганізацый і навучальных устаноў мясцовымі органамі выканаўчай улады. Для тых, хто не зможа асабіста прысутнічаць у музеі, створана віртуальная анлайн-экскурсія.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрылавіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая