RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Цягнік Перамогі» прыбыў у Крычаў

Сёння на Крычаўшчыну прыбыў унікальны рухомы музей – «Цягнік Перамогі», які пачаў свой маршрут па Беларускай чыгунцы 10 чэрвеня.

У Крычаве «Цягнік Перамогі» сустрэлі ўрачыста і ярка. Гучалі песні ваенных гадоў, кружылі ў вальсе пары. Разам з крычаўлянамі цягнік сустракалі ганаровыя госці: кіраўнік раёна Андрэй Седукоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў, РА РГА «Белая Русь» Ірына Пруднікава, намеснік начальніка Магілёўскага аддзялення БЧ Васіль Кандрацьеў, кіраўнікі і прадстаўнікі арганізацый раёна.

Наведвальнікі рухомага музея мелі магчымасць адправіцца ва ўнікальнае падарожжа з поўным акунаннем у падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У складзе «Цягніка Перамогі» 9 экспазіцыйных вагонаў, адзін з якіх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці – удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі. Экспазіцыі гарманічна спалучаюць мінулае і сучаснасць, гісторыю гераізму і сучасныя тэхналогіі.

Крычаўляне, якія пабылі на экскурсіі па «Цягніку», выходзяць здзіўленыя і ўражаныя. Яны адзначаюць маштабнасць музея, якасць яго стварэння, а таксама – сучаснасць і інтэрактыўнасць. Па словах жыхароў нашага раёна, такая форма апавядання аб Вялікай Айчыннай вайне нашмат мацнейшая, чым звычайныя выставы, кранае за душу, уразаецца ў памяць, дзівіць.

Пабывала на экскурсіі і раённае кіраўніцтва. «У кожным вагоне – не толькі экспанаты, але і манекены, якія выглядаюць сапраўды жывымі. Вельмі тонка падабраны выразы асоб, кампазіцыя, адзенне. Адчуваеш, як разам з імі акунаешся ў той час. Асабліва ўразіла зала, дзе знаходзіліся «ваеннапалонныя». Слухаючы аповяд аўдыягіда, быццам адчуваеш увесь той боль, што адчувалі палонныя». На думку Андрэя Мікалаевіча, такі музей павінны ўбачыць не толькі ў гарадах, дзе размешчаны чыгуначныя вузлы, але і ў кожным, нават самым маленькім, раёне Беларусі.

У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю рухомага музея наведаць яго можна толькі па запрашальных квітках. Нагадаем, што экспазіцыя будзе працаваць сёння да 20.00. Таксама ўсе жадаючыя могуць здзейсніць віртуальны тур па экспазіцыі музея на сайце праекта поездпобеды. рф.

krichevlive.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая