RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Цягнік Перамогі» сустрэлі ў Асіповічах

Другі прыпынак у Магілёўскай вобласці зрабіў 16 чэрвеня рухомы музей «Цягнік Перамогі». Ён спыніўся на станцыі Асіповічы-1.

Для наведвальнікаў рухомага музея арганізавана падарожжа з пранікненнем у падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У складзе «Цягніка Перамогі» 9 экспазіцыйных вагонаў. У аснове экспазіцыі – трохмерныя панарамы, макеты ў натуральную велічыню. Агляд музея задуманы як пераход ад аднаго эпізоду да іншага: перадваенныя гады – Вялікая Айчынная вайна – Перамога. Экскурсія па рухомым музеі займае каля 45 хвілін, у адным вагоне адначасова можа знаходзіцца не больш за 10 наведвальнікаў. На кожнай станцыі, дзе спыняецца поезд, ладзяць канцэрты і творчыя выступленні.

Сярод першых наведвальнікаў – начальнік Асіповіцкага гарнізона, камандзір вайсковай часці 12147 гвардыі палкоўнік Аляксей Ратушны. «Кожны вагон гэтага поезду асаблівы. На мяне, чалавека ваеннага, які добра ведае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, гэты рухомы музей зрабіў незгладжальнае ўражанне, – сказаў ён. – Упэўнены, дзеці, моладзь, дарослыя, усе атрымаюць шмат эмоцый. «Цягнік Перамогі» напоўнены рознымі экспанатамі, дапоўнены сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. Мне здаецца, часу на знаёмства з гэтым поездам трэба больш. Калі пройдзеш ўсе вагоны, то хочацца вярнуцца ў пачатак і прайсці зноў».

Па словах Аляксея Ратушнага, такія праекты неабходна працягваць і папулярызаваць. «Вельмі шкада, што я не бачыў гэтых экспазіцый раней, але рады, што сёння змог азнаёміцца з імі, – адзначыў ён. – Мы гаворым дзецям, як важна захоўваць гісторыю, шанаваць подзвіг продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Але на слых гэта ўспрымаецца інакш. Лепш адзін раз убачыць такі музей, акунуцца ў тую атмасферу. Пабываўшы тут, зусім па-іншаму адчуваеш тыя падзеі. Я лічу, што гэты цягнік павінен аб’ехаць усе гарады і каб кожны год ён вяртаўся да нас. Хочацца, каб кожны чалавек хаця б аднойчы пабываў у гэтым рухомым музеі».

Яшчэ адной наведвальніцай «Цягніка перамогі» ў Асіповічах стала жыхарка раённага цэнтра Святлана Старавойтава. Жанчына падзялілася, што музей яе вельмі ўразіў. «Калі праходзіш вагоны «Цягніка Перамогі», складваецца ўражанне, быццам сам знаходзішся ў тым месцы, прапускаеш праз сябе гэтыя пачуцці, – падзялілася яна. – Мае бацькі дзецьмі засталі Вялікую Айчынную вайну. Расказвалі пра немцаў, усё жыццё памяталі, як хаваліся ад іх. А цяпер мы бачым, што некаторыя не разумеюць, чаму нашы продкі ўставалі на абарону сваёй Радзімы. Яны не задаваліся пытаннямі, навошта ім гэта, не пыталіся, чаму яны, а не нехта. Яны ішлі абараняць свой дом».

«Цягнік Перамогі» працягне сваё падарожжа па беларускіх гарадах. 28–29 чэрвеня жыхары Магілёва змогуць пазнаёміцца з унікальнай экспазіцыяй. Працягне маршрут перасоўны музей прыпынкам у Бабруйску 30 чэрвеня.

Інтэрактыўная экспазіцыя прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У яе складзе больш за 150 фігур, звыш 4 тыс. адзінак арыгінальнага рэквізіту. Праект рэалізуецца па ініцыятыве БЧ сумесна з РЧ у Год гістарычнай памяці пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая