RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дабрачынная акцыя «Калядная рукавічка» стартуе ў снежні ў Магілёве

Гарадская дабрачынная акцыя «Калядная рукавічка» стартуе ў Магілёве ў снежні. Пра гэта расказала галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Лілія Кавалёва.

«Штогадовая акцыя праходзіць ва ўстановах адукацыі горада. Аб’яўляецца дабрачынны збор: кожны жадаючы можа прынесці школьныя і канцылярскія прыналежнасці, спартыўны інвентар, наборы для творчасці, гульні, кнігі, сувеніры і іншыя падарункі. Усе яны будуць перададзены напярэдадні навагодніх і калядных святаў дзецям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю», – растлумачыла Лілія Кавалёва.

У кожнай установе выбіраюць свой фармат акцыі: хтосьці ўстанаўлівае ёлку, на якой размяшчаюць пажаданні дзяцей, хтосьці ставіць скрыню для збору лістоў Дзеду Марозу. «Мы абавязкова пастараемся зрабіць так, каб запаветныя жаданні дзяцей спраўдзіліся, – дадала галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі. – Да гэтай акцыі далучаюцца грамадскія арганізацыі, шэфы, спонсары. Напрыклад, «Магілёўаблтурыст» дорыць дзецям бясплатныя паездкі і экскурсіі. Бо напярэдадні Новага года ў цуда хочацца верыць мацней, чым звычайна. І ў нашых сілах падарыць кожнаму дзіцяці добрыя і станоўчыя эмоцыі».

Для дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, кожны год імкнуцца рабіць сюрпрызы. «Гэта не проста ўручэнне падарунка дзіцяці. Прадуманы розныя формы віншаванняў: ва ўстановах адукацыі ладзяць ранішнікі і навагоднія вечарынкі, да дзяцей дадому прыходзяць Дзед Мароз і Снягурка. І не перадаць словамі, у якім захапленні дзеці ад такіх віншаванняў», – адзначыла Лілія Кавалёва.

Гарадская дабрачынная акцыя працягнецца ў Магілёве да канца студзеня 2022 года.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая