RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дамы самастойнага пражывання плануюць адкрыць у Чавускім і Каменскім псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах

Дамы самастойнага пражывання плануюць адкрыць у Чавускім і Каменскім псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка, выступаючы на мерапрыемстве, прысвечаным 100-годдзю ўтварэння органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь.

Сярод задач на перспектыву кіраўнік сацыяльнай сферы рэгіёна таксама назвала будаўніцтва новага корпуса ў Вясноўскім дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэты праект маюць намер рэалізаваць сумесна з «Беларусбанкам».

У планах таксама ўкараненне новых формаў сацыяльнага абслугоўвання, уключаючы замяшчальныя сем’і, развіццё сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага заказу шляхам пашырэння не толькі геаграфіі, але і напрамкаў субсідавання.

Цэлы блок задач ў сферы працы і занятасці насельніцтва. У іх ліку стварэнне новых працоўных месцаў, максімальнае працаўладкаванне непрацоўных грамадзян, павелічэнне колькасці занятых у эканоміцы, рост узроўню даходаў насельніцтва, забеспячэнне належных умоў працы.

«Залогам дасягнення ўсіх гэтых задач была і застаецца адказнасць кожнага з нас і адданасць сваёй справе», – падкрэсліла Святлана Тарасенка.

Гаворачы пра векавую гісторыю службы, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама адзначыла насычанасць знакавымі падзеямі: гэта рэформы і пераўтварэнні, стварэнне новых службаў і напрамкаў дзейнасці, пашырэнне сферы паслуг.

За 100 гадоў змянілася аблічча дамоў-інтэрнатаў. Людзі тут не проста пражываюць. Яны займаюцца творчасцю, навучаюцца, у тым ліку набываюць навыкі самаабслугоўвання. Арганізавана дзейнасць працоўных майстэрняў, навучальных класаў для дарослых.  

Сучасныя напрамкі працы з’явіліся ў сістэме тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання. Гэта аддзяленні дзённага і кругласутачнага знаходжання для інвалідаў і пажылых грамадзян, аддзялення суправаджальнага пражывання, «крызісныя пакоі», сацыяльныя пункты.

Шырокае распаўсюджванне атрымалі новыя формы сацыяльнага абслугоўвання пажылых грамадзян: замяшчальныя і гасцявыя сем’і, дамы самастойнага сумеснага пражывання, дамы-зімоўкі.

Па словах Святланы Тарасенкі, у межах дзяржаўнага сацыяльнага заказу далучыліся да аказання сацпаслуг і грамадскія арганізацыі вобласці: таварыства інвалідаў, Чырвоны Крыж і «Табея».

У ходзе рэалізацыі нормаў Канвенцыі аб правах інвалідаў з’явіўся цэлы шэраг новых сацыяльных паслуг – асістэнта, перакладчыка мовы жэстаў. Ствараюцца аб’екты безбар’ернага асяроддзя. Асаблівая ўвага надаецца пытанням занятасці інвалідаў. На стварэнне для іх працоўных месцаў, адаптацыю да працоўнай дзейнасці штогод накіроўваюцца сродкі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Асновай сацыяльнай падтрымкі непрацаздольных грамадзян заўсёды было і застаецца пенсійнае забеспячэнне, падкрэсліла Святлана Тарасенка. Паэтапна рэалізуецца пенсійная рэформа, якая закранула працягласць страхавога стажу і пенсійнага ўзросту.

Шмат змен унесена і ў сістэму дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі: сямейны капітал, новыя віды дзіцячых дапамог, паслугі няні.

«І гэта толькі малая частка таго новага, што адбылося ў нашай гісторыі. Падзеі разнапланавыя, але іх аб’ядноўвае адно: усё гэта плён добрасумленнай працы нашай вялікай каманды – дружнай, працаздольнай, творчай», – падкрэсліла Святлана Тарасенка.

Мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю ўтварэння органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь адбылося сёння ў Палацы культуры вобласці. Тут ушаноўвалі найлепшых работнікаў і ветэранаў органаў сацыяльнай абароны з усіх куткоў Магілёўшчыны. Іх заахвоцілі падзякамі і граматамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі начальнік юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Маслоўская, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. 

Дарэчы, у фае Палаца культуры вобласці госці мерапрыемства змаглі азнаёміцца з фотавыставай сумеснага праекта камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама і інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» «Сто крокаў дабрыні». Тут таксама размяшчаліся работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя інвалідамі і пажылымі грамадзянамі, якія наведваюць цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва або пражываюць у дамах-інтэрнатах нашага рэгіёна. Акрамя таго, у фае правялі цырымонію ўзнагароджання пераможцаў некалькіх тэматычных конкурсаў: літаратурнага «Сто крокаў да дабрыні»; па стварэнні альбома памяці «Прафесія дабра і міласэрнасці. Гісторыя і сучаснасць»; дэкаратыўна-прыкладной творчасці «100 гадоў роднай сістэме».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая