RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдзе з 4 па 8 жніўня ўключна

Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдзе з 4 па 8 жніўня ўключна. Аддаць свой голас у падтрымку таго ці іншага кандыдата змогуць усе, хто па тых ці іншых прычынах не будзе мець магчымасці прыйсці на выбарчыя ўчасткі 9 жніўня. Афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца.

Парадак арганізацыі датэрміновага галасавання:

праводзіцца з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00 у прысутнасці не менш за двух членаў участковай камісіі;

пры атрыманні бюлетэня выбаршчык уласнаручна распісваецца ў спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, і адзначае дату датэрміновага галасавання;

выбаршчык ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за яго волевыяўленнем, запаўняеў памяшканні ўчастковай камісіі бюлетэнь і апускае яго ў апячатаную скрыню для галасавання.

Датэрміновае галасаванне не праводзіцца на ўчастках:

утвораных у санаторыях,

прафілакторыях,

дамах адпачынку,

бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах.

На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Магілёўскай вобласці будзе працаваць 731 участак для галасавання, у тым ліку 34 участкі, утвораныя ў арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах. Асаблівасць іх працы будзе заключацца ў тым, што спісы выбаршчыкаў там вывесяць за два дні да даты выбараў.

Як паведамілі ў Магілёўскай абласной камісіі, усе выбарчыя ўчасткі гатовыя да правядзення галасавання, у тым ліку датэрміновага. На гэты момант вызначана колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання, з улікам чаго атрымана неабходная колькасць бюлетэняў. Усе ўчасткі для галасавання забяспечаны сродкамі сувязі, а таксама ўзятыя пад ахову органамі ўнутраных спраў.

У выбаркаме таксама дадалі, што ў сёлетнюю выбарчую кампанію, як і раней, асаблівая ўвага будзе нададзена магчымасці прагаласаваць і выканаць свой грамадзянскі абавязак людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Для зручнасці памяшканні, дзе размешчаны ўчасткі для галасавання, абсталяваны пандусамі, поручнямі, устаноўлены кнопкі выкліку членаў участковай камісіі і інш. Для калясачнікаў, якія будуць галасаваць на выбарчых участках, а не дома, прадугледжаны спецыяльныя месцы. Акрамя таго, будзе арганізавана дзяжурства валанцёраў для сустрэчы інвалідаў, людзей сталага ўзросту і іншых асоб, якія маюць патрэбу ў дапамозе.

«Самастойна змогуць прагаласаваць і людзі, у якіх аслаблены зрок. Так, выбаршчыкі са слабым зрокам змогуць скарыстацца наяўным ва ўчастковай камісіі павелічальным шклом (лупай). Невідушчаму выбаршчыку, жадаючаму прагаласаваць самастойна, член участковай камісіі выдае бюлетэнь і спецыяльны трафарэт, знаёміць з яго зместам і тлумачыць парадак запаўнення», – адзначылі суразмоўцы.

Паводле іх слоў, пры неабходнасці член камісіі дапаможа невідушчаму выбаршчыку ў перамяшчэнні па памяшканні –прайсці да сталоў выдачы бюлетэняў, да кабіны для тайнага галасавання, да скрыні для галасавання, а таксама да выхаду. Таксама дапускаецца і дапамога суправаджальных і іншых асоб.

Маладых грамадзян, якія прыйдуць на выбары ўпершыню, па традыцыі павіншуюць з гэтай падзеяй члены выбарчых камісій. «Гэта робіцца для таго, каб дзень па сапраўднаму застаўся ў памяці», – рэзюмавалі ў абласной камісіі.

У спісы выбаршчыкаў у Магілёўскай вобласці ўнесена больш за 800 тыс. грамадзян. 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая