RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Делегация Джизакской области Узбекистана с двухдневным визитом посещает Могилевскую область

Дэлегацыя Джызакскай вобласці (Рэспубліка Узбекістан) на чале з намеснікам хокіма па пытаннях сельскай гаспадаркі Махмудам Халбутаевым з двухдзённым візітам знаходзіцца на Магілёўшчыне. Мэта візіту – вывучэнне беларускага вопыту і тэхналогій у сферы развіцця жывёлагадоўлі, вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, а таксама ўстанаўленне гандлёвых і інвестыцыйна-кааперацыйных сувязяў.

Джызакская вобласць знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Узбекістана. Насельніцтва – больш за 1,3 млн.чалавек. Эканоміка рэгіёна заснавана на сельскай гаспадарцы (яе доля складае 69,5%). Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі з’яўляюцца бавоўна і пшаніца, таксама культывуюцца кармавыя культуры, гародніна, бахчавыя (дыні і гарбузы). 1/3 частка сельскагаспадарчых зямель выкарыстоўваецца ў земляробстве. Жывёлагадоўля грунтуецца на развядзенні авечак, коз і свіней. Таму ў складзе дэлегацыі, якая ўпершыню прыехала на Магілёўшчыну, у большасці сваёй – кіраўнікі прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак.

У межах візіту госці сустрэліся з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Мікалаем Кароціным. Падчас палілога абмяркоўваліся сумесныя планы на самую блізкую перспектыву.

Узбекскі бок цікавіцца вопытам нашых аграрыяў па развіцці буйнатаварнай малочнай вытворчасці, пачынаючы ад нарыхтоўкі кармоў, утрымання жывёлы, да племянной справы і перапрацоўкі прадукцыі, адзначыў Махмуд Халбутаеў. Ёсць цікавасць да супрацоўніцтва ў галіне рыбаводства з перспектывай стварэння сумеснага навуковага цэнтра па вывучэнні сусветных практык і апрабаванні ўласных тэхналогій гадоўлі сажалкавай рыбы і рыбы каштоўных парод. Таксама актуальная закупка беларускай сельгастэхнікі і стварэнне сумесных вытворчасцей па яе выпуску на тэрыторыі Узбекістана.

Мікалай Кароцін адзначыў, што ў сферы жывёлагадоўлі наш рэгіён спецыялізуецца на малочнай жывёлагадоўлі з мясным напрамкам. За апошнія 10 гадоў значна абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база малочна-таварных ферм, пабудаваныя новыя комплексы. Паспяхова развіваецца прамысловасць, адукацыя, у тым ліку ў Горках вядзецца мэтанакіраваная падрыхтоўка спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны. Таму Магілёўшчына адкрыта для ўзаемавыгаднага дыялогу з Джызакскай вобласцю.

Бакі выказалі зацікаўленасць у выбудоўванні міжрэгіянальнай гарызантальнай кааперацыі, якая прадугледжвае зносіны і партнёрства па шматлікіх напрамках. На першапачатковым этапе актыўнаму развіццю такіх узаемаадносін могуць пасадзейнічаць рэгіянальныя форумы. Акрамя таго, у найбліжэйшы час запланаваны азнаямленчыя візіты ўзбекскіх губернатараў у Беларусь, што таксама дасць штуршок пошуку сфер супрацоўніцтва.

Мікалай Кароцін запрасіў гасцей да ўдзелу ў XI Міжнародным інвестыцыйным форуме «Млын поспеху», які адбудзецца ў Магілёве 28-29 чэрвеня. Адна з яго секцый будзе прысвечана перспектывам і магчымасцям аграпрамысловага сектара нашай вобласці.

У сваю чаргу Махмуд Халбутаеў перадаў Мікалаю Кароціну дыплом і медаль, які будзе аддадзены пераможцы Міжнароднага біенале дзіцячых малюнкаў «Радасці Ташкента» ад Магілёўскай вобласці – Алене Петрачэнка. Госць заўважыў, што ў творчым спаборніцтве прымалі ўдзел 56 прадстаўнікоў устаноў адукацыі Прыдняпроўскага краю. Усе яны атрымаюць спецыяльныя сертыфікаты.

Сёння ўзбекская дэлегацыя таксама прыняла ўдзел у дзелавой сустрэчы з прадстаўнікамі кіраўніцтва арганізацый і бізнесу Прыдняпроўскага краю, якая прайшла на базе Магілёўскага аддзялення БелГПП. Тут адбылася прэзентацыя патэнцыялу Джызакскай вобласці. Другі дзень візіту прадугледжвае наведванне Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства і ААТ «Бабушкина крынка».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая