RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегацыя Прыморскага краю наведала Кіраўскі раён

Кіраўшчыну наведалі госці з Прыморскага краю. Дэлегацыя з ліку прадстаўнікоў аднаго з найбуйнейшых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі – 13- 17-гадовых падлеткаў – знаходзіцца з візітам у Магілёўскай вобласці з 1 па 8 ліпеня. Іх знаходжанне, якое ўключае ў сябе насычаную праграму з экскурсіямі, удзелам у розных мерапрыемствах, арганізавана ў межах сяброўскіх узаемаадносін паміж двума брацкімі народамі і грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Юнакі і дзяўчаты – усяго 46 чалавек, якія прадстаўляюць Прыморскае краявое аддзяленне Усерасійскай грамадскай арганізацыі ветэранаў (ПКАУГАВ) «Баявое братэрства», знаёмяцца з гісторыяй і культурай Магілёўшчыны, маюць зносіны з аднагодкамі.

Першым пунктам наведвання на Кіраўшчыне стаў аг. Жылічы. Юных жыхароў Уладзівастока і іншых населеных пунктаў Прымор'я прывітала начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Наталля Траццякова.

Экскурсію па Жыліцкім гістарычным комплексе-музеі правёў яго дырэктар Уладзіслаў Кулакевіч. Цяпер падыходзяць да завяршэння рэстаўрацыйныя работы палацава-паркавага ансамбля XIX стагоддзя.

Прадстаўніца дэлегацыі Ульяна Суркова падзялілася эмоцыямі: «Вельмі ўражвае палац! Ляпны дэкор парадных залаў, кафляныя печы, каміны з мармуру, мастацкі паркет, якія, як нам расказалі, доўга аднаўлялі, не могуць пакінуць абыякавым. Запомняцца моманты гісторыі будаўніцтва палаца і з біяграфіі яго гаспадара. Напрыклад, мне цікава было слухаць пра слуцкія паясы, калекцыя якіх захоўвалася тут пры жыцці пана Булгака. Я даведалася, што гэтыя паясы – беларускі нацыянальны здабытак, якім падвязвалі сябе вельмі багатыя землеўладальнікі. Акрамя таго, вакол палаца вельмі прыгожы парк, мы адпачылі ў цені дрэў, на арыгінальных лаўках».

Ульяна прыехала ў Беларусь з маленькага пасёлка гарадскога тыпу Усход з насельніцтвам 3 тысячы чалавек, акружанага тайгой. На беларускай зямлі дзяўчына ўпершыню. Падкрэсліла, што вельмі ўражана не толькі гасціннасцю, але і прыродай, культурай, славутасцямі. У бліжэйшай будучыні хацела б наведаць Беларусь разам са сваёй сям'ёй.

Падчас чаявання дзяцей пачаставалі кулінарным брэндам Кіраўскага райспажыўтаварыства – смажанкамі.

Другім пунктам наведвання стаў мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў Борках, экскурсію па якім правяла настаўнік гісторыі СШ №2 ім. К.П.Арлоўскага Валянціна Яскевіч. На памяць аб знаходжанні ў значным для жыхароў Прыдняпроўскага краю месцы юнакам і дзяўчатам уручылі сувеніры з сімволікай Борак.

Юная жыхарка Уладзівастока Арына Якаўлева прызналася, што атрымала масу пазітыўных уражанняў ад наведвання Кіраўшчыны і іншых населеных пунктаў Магілёўскага краю, у якіх яны ўжо паспелі пабываць: «Прыемна, што нас усюды гасцінна сустракаюць, дабрадушна ставяцца. Мы прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню горада Магілёва, характэрна, што дні нараджэння Уладзівастока і Магілёва маюць адну дату. Падчас экскурсій, паездак мы знаёмімся з гісторыяй Беларусі, традыцыямі і каштоўнасцямі беларусаў – гэта пазнавальна, цікава, лічу, што ўмацоўваюць сяброўства паміж дзвюма краінамі. Дзякуй за сардэчны прыём і душэўную цеплыню!»

 kirovsk.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая