RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегат ад Чавускага раёна Дзіна Бондарава: «Прыняцце неабходных мер менавіта ў медыцынскай галіне павінна забяспечыць прасоўванне ў асноўных напрамках»

Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу ад Чавускага раёна Дзіна Бондарава – не толькі малады кіраўнік(з 2018 года яна ўзначальвае Чавускі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі), але і дэпутат Чавускага раённага Савета дэпутатаў па Чаранкоўскай выбарчай акрузе №25. Дзякуючы прафесійнай спецыфіцы і дэпутацкай дзейнасці, яна ведае аб праблемах і клопатах вяскоўцаў. Хвалююць Дзіну Генадзьеўну і перспектывы развіцця беларускай сістэмы аховы здароўя. Тым больш 2020 год у сувязі з пандэміяй каранавіруса паказаў значнасць медыцынскай галіны для грамадства і выявіў праблемы ў сферы аховы здароўя.

– Я ўпершыню буду прымаць удзел у такім маштабным і значным для ўсёй краіны форуме, дзе будзе вызначацца будучыня нашай дзяржавы, – кажа Дзіна Генадзьеўна. – Лічу, што прыняцце неабходных мер менавіта ў медыцынскай галіне павінна забяспечыць прасоўванне ў асноўных напрамках: перааснашчэнне ўстаноў аховы здароўя, умацаванне іх матэрыяльнай базы, падрыхтоўка на годным узроўні кадраў, стварэнне спрыяльных умоў для знаходжання пацыентаў. Хацелася б, каб мерапрыемствы па ўдасканаленні работы закранулі не толькі цэнтральныя, рэспубліканскія бальніцы і медыцынскія цэнтры, але і рэгіянальныя ўстановы аховы здароўя. Мне вельмі цікава будзе паслухаць абмеркаванне гэтых пытанняў, меркаванні і прапановы ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу.

Дзіна Бондарава родам з Быхава, яна атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Урач, медыка-прафілактычная справа» ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Пасля інтэрнатуры ў Магілёўскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па размеркаванні прыехала на працу ў Чавускі раённы ЦГЭ. Спачатку працавала ўрачом-гігіеністам, калектыў і кіраўніцтва раёна цёпла сустрэлі маладога спецыяліста, дзяўчыне было прадастаўлена арэнднае жыллё, добрае месца працы з годнай заработнай платай. З першых дзён сваёй прафесійнай дзейнасці Дзіна Генадзьеўна зарэкамендавала сябе адказным работнікам і прафесіяналам, важна яшчэ і яе ўменне працаваць з калектывам, наяўнасць арганізатарскіх здольнасцей. Неўзабаве ёй прапанавалі кіраваць гэтым адказным участкам працы. Энтузіязм і настойлівасць маладога галоўнага санітарнага ўрача раёна прыносілі вынікі.

Да перамен у працы дадаліся і змены ў асабістым жыцці, менавіта ў Чавусах Дзіна Генадзьеўна сустрэла будучага мужа, у маладой сям’і нарадзіўся першынец, хлопчыка назвалі Маратам, зусім нядаўна Дзіна Генадзьеўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку.

– Як маладая мама ўдзячная дзяржаве за каласальную падтрымку інстытутаў мацярынства і дзяцінства, – адзначае Дзіна Генадзьеўна. – Я, маючы маленькае дзіця, магу займацца прафесійнай і грамадскай дзейнасцю, ведаючы, што для сына створаны ўсе неабходныя ўмовы ў дзіцячай дашкольнай установе. Жанчыны ў нашай краіне маюць магчымасць знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў і многія гэтай перавагай карыстаюцца. Гэта значыць, у нас ёсць выбар, і гэта важна. Я магу гуляць з дзіцём па ціхіх, утульных і бяспечных вуліцах нашага горада або наведаць славутасці абласнога цэнтра або сталіцы. Жыць у мірнай краіне –гэта вялікае шчасце. На мяне зрабіў вялікае ўражанне абласны сход удзельнікаў УНС. Шмат у нас неабыякавых і памяркоўных людзей, таленавітых кіраўнікоў, якія перажываюць за сваю краіну, імкнуцца зрабіць яе лепшай.

На Усебеларускі народны сход праз дыялогавыя пляцоўкі кожны жыхар нашай краіны меў магчымасць унесці прапановы, бо ўсе мы розныя, і меркаванні ў нас могуць адрознівацца. Для таго і праводзіцца Усебеларускі народны сход, каб прапановы людзей былі пачутыя і можна было б выпрацаваць правільны вектар развіцця нашай краіны па шляху росквіту.

chausynews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая