RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегат Анатоль Піскуноў: вяскоўцы ў прыгожыя пустыя абяцанні не вераць

Не сячы сук, на якім сядзіш

Калі і патрэбны перамены, то яны павінны адбывацца без узрушэнняў і толькі да лепшага, перакананы дэлегат УНС Анатоль Піскуноў

 

Кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі Анатоль Піскуноў пачаў займацца фермерствам, можна сказаць, адным з першых у краіне – з другой паловы 1992 года. Але спачатку ў тым жа годзе атрымаў дыплом агранома ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Па мэтавым накіраванні стаў працаваць па спецыяльнасці ў вядомым тады калгасе-мільянеры «17-ы партз’езд» Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Сам Анатоль Васільевіч родам з вёскі Аўсянка, што якраз размяшчалася на тэрыторыі паспяховага буйнога сельгаспрадпрыемства, якое дало яму першае працоўнае месца.

На пытанне, як атрымалася перажыць эканамічныя крызісы, якія здараліся за гэтыя гады неаднаразова, Анатоль Васільевіч адказвае:

– Мы, сельскія працаўнікі, больш залежым ад надвор’я, бо есць чалавеку хочацца пры любой эканамічнай сітуацыі, а значыць, наша прадукцыя заўсёды запатрабаваная. Пару разоў праз моцныя дажджы гінуў амаль увесь ураджай. Неслі каласальныя страты, але знаходзілі выхад, выжывалі, аднаўляліся, на няўдачах не зацыкліваліся: яны непазбежныя ў любой працы.

Дачка кіраўніка фермерскай гаспадаркі Марыя вучыцца на апошнім курсе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сын Арцём скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве, у вольны час заўсёды дапамагае бацьку па працы. Цяпер жыве ў Мінску, атрымлівае другую вышэйшую адукацыю – юрыдычную.

Ці вернуцца дзеці, скончыўшы вучобу, на малую радзіму, бацька дакладна не ведае, але не выключае такой магчымасці:

– Выбар, дзе ўладкавацца, кожны чалавек павінен зрабіць самастойна, бацькоўскі ціск тут недарэчны. Але наш аграгарадок Аўсянка вельмі камфортны для жыцця: ёсць выдатная школа з басейнам, бальніца, паліклініка, добра арганізаваны вольны час. Моладзі тут падабаецца.

Вяскоўцы – добрыя гаспадары, мудрыя людзі, якія ўмеюць цаніць тое, што маюць, і ніколі не стануць секчы сук, на якім сядзяць, а ў прыгожыя пустыя абяцанні не вераць.

За сваю працу кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі неаднаразова быў удастоены высокіх званняў і ўзнагарод. У 2011 годзе ў конкурсе «Найлепшы прадпрымальнік года Магілёўскай вобласці» ён стаў адным з лаўрэатаў у сваёй намінацыі. У мінулым годзе быў прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў». А нядаўна Анатоль Піскуноў быў абраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

– Сам я прыму ўдзел у працы гэтага маштабнага народнага форуму ўпершыню, – гаворыць Анатоль Васільевіч, – але ўпэўнены, што змагу падняць усе тыя пытанні, якія хвалююць сёння вяскоўцаў.

Людзей, якія жывуць на зямлі, больш цікавіць эканоміка, а не палітыка. Яны прывыклі за апошнія гады да высокага ўзроўню жыцця і хочуць зберагчы гэтыя дасягненні: магчымасць спакойна, без узрушэнняў працаваць і змястоўна праводзіць свой вольны час, быць упэўненымі ў заўтрашнім дні.

Іх турбуе, дзе вывучыць дзяцей, як гэтыя дзеці будуць жыць, атрымаўшы адукацыю, ці захочуць вярнуцца на малую радзіму. Бо сёння на вёсцы не хапае кваліфікаваных кадраў. А каб яны захацелі замацавацца, важна захаваць для вяскоўцаў пэўныя льготы, у першую чаргу даступныя крэдыты на будаўніцтва жылля. Для многіх сем’яў гэта стала вырашальным фактарам, каб назаўсёды застацца ў сельскай мясцовасці, бо сялянская праца вельмі цяжкая, а ў вялікіх гарадах ёсць маса магчымасцей знайсці працу лягчэйшую за тыя ж грошы, але і нерухомасць там у разы даражэйшая.

Хвалюе вяскоўцаў, паводле слоў кіраўніка сялянскай фермерскай гаспадаркі, і пытанне стварэння новых працоўных месцаў, прычым для прадстаўнікоў самых розных прафесій. А для гэтага неабходна, каб сюды ішоў інвестар. Так што для вядзення бізнесу на вёсцы таксама важна захаваць прывабныя ўмовы.

Магчыма, і патрэбныя нейкія перамены, але адбывацца яны павінны без узрушэнняў і толькі да лепшага, перакананы Анатоль Піскуноў.

 СБ, фота БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая