RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегат I Рэспубліканскага форума працаўнікоў вёскі Святлана Феакцістава – аб развіцці вёскі і ролі жанчыны

Аграплан з жаночым характарам

Загадчыца лабараторыі камбікормавага завода СВК «Гігант» у Бабруйскім раёне Святлана Феакцістава перакананая: пункты росту аграэканомікі – у ініцыятыўнасці кожнага і згуртаванасці ўсіх, а яшчэ – ва ўтульнасці сямейнага ачага.

Святлана так захоплена расказвае пра сваю працу, важнасць дакладнай дазіроўкі пратэіну ў кармах для добрых прыбаўленняў у вазе і надояў, што становіцца відавочным: чалавек на сваім месцы:

– Я біялогіяй захоплена з дзяцінства, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, пачынала інжынерам-хімікам на камбікормавым заводзе ў Шклове. Там і пазнаёмілася з мужам, ён тэхнолаг. Мая мама і дзед мужа ўсё жыццё прапрацавалі на элеватарах, так што ў нас ужо дынастыя. Наша задача – атрымаць са збожжа, якое сабралі нашы камбайнеры, максімальны прыбытак. Бо зарабляе гаспадарка на малацэ і мясе, а ў аснове рэнтабельнасці – якасць кармоў.

Непасрэдна вытворчасцю на камбікормавым заводзе кіруе муж Святланы Мікалай, таму планёркі, жартуюць муж і жонка, праходзяць нават дома на кухні, часам і на павышаных танах. Але дамоўленасцяў дасягаюць заўсёды, кажа Мікалай:

– Калі б дома не ладзілася, у мяне, напэўна, і да працы такіх адказных адносін не было б, бо мы стараемся для будучыні сваіх дзяцей. Жанчына вельмі тонка адчувае, як стварыць камфортныя ўмовы. А ад выгоды сямейнага ачага многае ў жыцці залежыць.

Святлана Феакцістава на форуме сельскіх працаўнікоў будзе прадстаўляць інтарэсы не толькі свайго прадпрыемства, дзе з 300 работнікаў больш за трэць – жанчыны, але і аграгарадка Вялікія Бортнікі. Ідэю форума для актыўных жанчын, якія прымаюць удзел у стваральнай дзейнасці на карысць краіны, у выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму ў моладзі, у захаванні нацыянальных каштоўнасцяў і гістарычнай праўды, Святлана лічыць вельмі слушнай і аргументуе:

– Нас больш, чым мужчын. Звыш 40 працэнтаў беларусак маюць дыпломы ВНУ. За апошнія гады ўжо чатыры жанчыны ў нашым рэгіёне ўзначалілі райвыканкамы. І бізнесвумэн даўно наступаюць моцнаму полу на пяткі: сёлета ў вобласці кожны другі ІП, які адкрыў справу з дапамогай дзяржсубсідый, – жанчына.

Падчас працоўнага перапынку яна разам з калегамі арганізавала імправізаваную дыялогавую пляцоўку на тэму «Чаго хочуць жанчыны на вёсцы?». Малады спецыяліст лабарантка Ілона Новікава паскардзілася на адсутнасць сучаснага цэнтра для адпачынку моладзі. Мнагадзетная мама Соф’я Зайцава выступае за пашырэнне магчымасцяў для развіцця сельскіх дзяцей: да раённых «Дажынках» у аграгарадку да захаплення дзятвы адкрылі спартыўную пляцоўку, але добра б прадумаць, як нават у маланаселеных вёсках даць дзецям выбар гурткоў і секцый не горшы, чым у горадзе.

У Феакціставых сын і дачка. Старэйшы Павел вучыцца ў каледжы на айцішніка, Надзя вывучае англійскую на павышаным узроўні. Святлана прагназуе, што на парадку дня форума абавязкова павінна быць тэма выхавання падрастаючага пакалення:

– Сельскія дзеці такія ж таленавітыя, як і гарадскія, паступаюць у прэстыжныя ВНУ. Але самае галоўнае іншае: мы хочам быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Нядаўна вельмі ўразіла інтэрв’ю хлопчыка, які прыехаў у Беларусь на аздараўленне з Данецка. Дзіця вельмі ўзрадавалася, што ў нас... цячэ вада з крана. Мы ўсе павінны задумацца аб тым, што шанаваць.

Сёння сітуацыя ў свеце даказвае, што трэба абараняць свае каштоўнасці. І рабіць гэта можна толькі разам, тым больш што дзяржава зацікаўлена, каб мы праяўлялі ініцыятыву, прапаноўвалі свае дарожныя карты і вучыліся чуць адзін аднаго і дамаўляцца.

У ТЭМУ

У Мінску 18–19 лістапада праходзіць I рэспубліканскі форум працаўнікоў вёскі, які сабраў больш за тысячу жанчын з усіх рэгіёнаў краіны – работніц сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Форум арганізаваны Беларускім саюзам жанчын, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая