RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Ігар Сазонаў: «Заўтра павінна быць лепшым, чым сёння!»

Маючы адбыцца Усебеларускі народны сход – найважнейшы форум у гісторыі беларускага народа, мазгавы штурм, падчас якога трэба будзе вызначыць прынцыповыя кірункі развіцця краіны. Гаварыць і вырашаць ад імя ўсяго народа – не проста давер, але і найвялікшая адказнасць. Таму і да выбару ў рэгіёнах падышлі з асаблівай увагай. Усе дэлегаты – людзі розныя па статусе, прафесійнай прыналежнасці, узроставых крытэрыях.

Сярод тых, хто прадставіць Магілёў на ўсенародным форуме, – Ігар Сазонаў, электраманцёр 6 разраду Магілёўскай ЦЭЦ-2, дэпутат гарсавета. Як гаворыцца, чалавек з народа, які добра ведае праблемы людзей на месцах.

Працоўны шлях на ЦЭЦ-2 Ігар Анатольевіч пачаў у 1999 годзе на пасадзе электраманцёра 3 разраду, куды прыйшоў, скончыўшы ПТВ № 4. Праца падабалася, займаўся любімай справай, таму ў 2015 годзе паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут і паспяхова скончыў яго. Прызнаецца, што і не заўважыў, як шмат старонак у яго біяграфіі заняла энергетыка... За два дзясяткі гадоў яго рамяство стала справай усяго жыцця.

– Без электраэнэргіі жыццё «замрэ», – упэўнены наш герой. – Мы робім важную, хоць і небяспечную справу. У нашай прафесіі трэба пастаянна развівацца і ўдасканальвацца. Як гаворыцца, у нашай рабоце няма права на памылку, бо ад яе залежыць жыццё іншых людзей.

Дарэчы, Ігар Анатольевіч упершыню будзе ўдзельнічаць ва Усебеларускім сходзе і лічыць такі давер землякоў не толькі ганаровай, але і адказнай місіяй.

У калектыве Ігар Анатольевіч таксама карыстаецца аўтарытэтам, ён – вопытны настаўнік. У 2018 годзе кіраўніцтва і калектыў падтрымалі яго ў якасці кандыдата ў дэпутаты гарадскога Савета дэпутатаў.

– Ігар Анатольевіч мае сваю ўстойлівую пазіцыю, – гаворыць начальнік электратэхнічнага цэха Андрэй Тарасевіч. – Заўсёды выслухае, падкажа і дапаможа, а калі хтосьці ўспыхне, то і супакоіць.

Больш за 20 гадоў бок аб бок з нашым суразмоўцам працуе і Уладзімір Ляўкоў.

– Ігар Анатольевіч – прафесіянал сваёй справы, чалавек прыстойны, – разважае майстар Уладзімір Ляўкоў. – Нягледзячы на тое, што ён электраманцёр 6 разраду, сваю працу выконвае на ўзроўні майстра. Калі сыходжу ў адпачынак, то замяняе мяне толькі ён.

Акрамя выдатнага выканання сваіх службовых абавязкаў, Ігар Сазонаў – актыўны грамадскі дзеяч, імкнецца не быць абыякавым і да гарадскіх праблем.

Не раз выступаў экспертам на дыялогавых пляцоўках па зборы прапаноў, якія тычацца актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў. Ігар Анатольевіч кажа, што да яго прыходзілі людзі з рознымі праблемамі – ад дробных просьбаў адрамантаваць дарогу ў двары да нейкіх глабальных пытанняў развіцця краіны.

– Для мяне самае важнае – быць карысным людзям, – кажа ён. – Напрыклад, зараз актыўна працуем над добраўпарадкаваннем тэрыторыі на вуліцы Куцепава. Тут людзі даўно чакаюць нармальнай дарогі, пастараемся ім у гэтым дапамагчы!

– Я жыву ў акрузе, дзе Ігар Анатольевіч – дэпутат, – кажа Андрэй Тарасевіч. – Хачу сказаць, што няма той праблемы, на якую б ён не звярнуў увагу. Вырашыцца яна ці не, не заўсёды залежыць ад яго, але відаць, што чалавек займаецца... Хоць гэтыя праблемы не рэспубліканскага маштабу, але на ўзроўні горада вынікі яго дзейнасці бачныя.

Вяртаючыся да пытання «чаго чакаеце ад усенароднага форуму?», Ігар Сазонаў з упэўненасцю адказвае:

– Усебеларускі народны сход стане вынікам працы дыялогавых пляцовак, якія праходзілі па ўсёй краіне. Важна ўлічыць усе прапановы, якія людзі выказвалі на дыялогавых пляцоўках, і прыняць канструктыўныя рашэнні, а таксама падвесці вынікі мінулай пяцігодкі. Гэты форум павінен аб’яднаць самыя лепшыя і важныя ініцыятывы, прапановы, якія ў далейшым лягуць у аснову трывалага падмурка дзяржавы.

Дэлегата хвалююць пытанні захавання стабільнасці і згоды ў грамадстве і эканоміцы. А як дэпутату мясцовага ўзроўню хацелася б мець больш паўнамоцтваў і рэсурсаў, таму што не заўсёды ёсць рэальная магчымасць аказаць дапамогу людзям ці паўплываць на рашэнне нейкай канкрэтнай праблемы. Важна захаваць і памножыць дасягненні мінулых гадоў. Зараз будучыня краіны, як ніколі, залежыць ад кожнага з нас. Не на словах, а на справе.

 vestnikmogileva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая