RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэпутаты рэгіёна адобрылі стратэгію ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці да 2035 года

На пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў была адобрана стратэгія ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці да 2035 года. Удзельнікі палілогу абмеркавалі асноўныя палажэнні дакумента і прынялі рашэнне зацвердзіць яго з некаторымі элементамі дапрацоўкі, перадае карэспандэнт сайта.

«Пытанні ўстойлівага развіцця становяцца ўсё больш актуальнымі як для свету ў цэлым, так і для Рэспублікі Беларусь у прыватнасці. У кантэксце ўстойлівага развіцця Беларусі на пярэдні план выходзяць рэгіёны, якія не могуць развівацца ў адрыве ад краіны, – адзначыла падчас мерапрыемства намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. – Таму пытанні рэгіянальнага развіцця па-ранейшаму займаюць ключавое месца ў Канцэпцыі нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года (НСУР-2035)». Пры гэтым паспяховая яе рэалізацыя магчымая толькі ў тым выпадку, калі на рэгіянальным і лакальным узроўнях праходзяць актыўныя працэсы ўстойлівага развіцця, а таксама калі нацыянальныя, рэгіянальныя і мясцовыя мэты ўстойлівасці ўзгадняюцца паміж усімі ігракамі».

Цэнтрам увагі ў гэтым працэсе, паводле слоў Ірыны Раінчык, становіцца стварэнне ўмоў для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы, назапашвання ведаў, уменняў, кампетэнцый, індывідуальных здольнасцяў, навыкаў беражлівых адносін да прыроды і самога чалавека. «У той жа час мы павінны разумець, што ў гэтым руху чалавек – гэта мэта, а эканоміка – сродак яго развіцця. Таму пытанні стымулявання прадпрымальніцкай актыўнасці, павышэння дабрабыту жыхароў населеных пунктаў, стварэння высокасучасных вытворчасцяў і павелічэнне колькасці працоўных месцаў з’яўляюцца прыярытэтнымі пры вызначэнні стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёна», – падкрэсліла яна.

Як расказаў намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Павел Марыненка, пачынаючы з 2010 года, у Магілёўскай вобласці праводзіцца паслядоўная праца па дасягненні мэтаў ўстойлівага развіцця. Сумесна з некамерцыйнымі арганізацыямі мясцовыя органы ўлады шэрагу гарадоў і раёнаў сталі актыўнымі ўдзельнікамі шматлікіх міжнародных сеткавых аб’яднанняў, распрацавалі і паспяхова ўкараняюць стратэгіі ўстойлівага развіцця, планы і праекты развіцця. Напрыклад, стратэгія ўстойлівага развіцця Чавускага раёна была прынята яшчэ ў 2010 годзе, а з 2019-га пачата падрыхтоўка такіх дакументаў у Быхаўскім і Клічаўскім раёнах. Пры падтрымцы праекта ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» распрацаваны пашпарты тэрытарыяльна арыентаванага развіцця Дрыбінскага, Клічаўскага, Краснапольскага, Слаўгарадскага і Чавускага раёнаў. Планы дзеянняў па ўстойлівай энергіі і клімаце ёсць у Быхаўскага, Клічаўскага, Мсціслаўскага, Чавускага і Краснапольскага раёнаў, а таксама гарадоў Магілёва і Бабруйска. Згодна з імі падпісанты абавязаліся скараціць выкіды парніковых газаў на 30% да ўзроўню 2010 года. Планы мясцовага эканамічнага росту, якія атрымалі адабрэнне экспертаў Сусветнага банка, распрацаваны для Быхаўскага, Клічаўскага, Краснапольскага, Слаўгарадскага і Мсціслаўскага раёнаў у межах рэалізацыі ініцыятывы ЕС «Мэры за эканамічны рост». Стратэгія ўстойлівага развіцця Ходасаўскага сельскага савета Мсціслаўскага раёна з’явілася ў 2014 годзе. Новым этапам у развіцці ініцыятыўнасці стала ўзаемадзеянне пяці раёнаў Магілёўскай вобласці (Быхаўскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі), якія аб’ядналі намаганні па актывізацыі праектнай дзейнасці з максімальнай уцягнутасцю моцных бакоў кожнага раёна ў інтарэсах усяго рэгіёна. Дадзены кірунак з’яўляецца перспектыўным, развіваецца пры падтрымцы міжнародных арганізацый і праектаў і арыентаваны, у першую чаргу, на рост занятасці ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне Магілёўскай вобласці.

І ўсё ж у актыўную фазу дзейнасць па дасягненні мэт устойлівага развіцця ў Магілёўскай вобласці ўвайшла ў 2018-м годзе пасля стварэння абласной рабочай групы па распрацоўцы стратэгіі МУР рэгіёна да 2035 года, куды ўвайшлі прадстаўнікі органаў кіравання, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, камерцыйныя і грамадскія арганізацыі. «Як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Беларусі, мы не маем сфер, якія не былі б ахопленыя дакументамі і праграмамі розных напрамкаў, – адзначыў Павел Марыненка. – Рэалізацыя мэт устойлівага развіцця прадугледжвае міжсектаральнасць і актыўны ўдзел насельніцтва. Усе пералічаныя элементы, гатоўнасць улады да таго, што ёсць актыўная частка насельніцтва, якая прагне мяняць свет да лепшага, прывялі да неабходнасці распрацоўкі стратэгіі. Сярод абласцей Беларусі мы першымі прынялі такое рашэнне, абмеркаваўшы перспектыву з экспертамі і мясцовай супольнасцю».

Стратэгія распрацоўвалася з красавіка 2019 года па верасень 2020-га. У падрыхтоўцы дакумента прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, арганізацый сацыяльнай сферы, бізнесу і некамерцыйных арганізацый гарадоў Магілёва і Бабруйска, дэпутацкі корпус, Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама большасць раёнаў вобласці. Каардынацыю ажыццяўляў камітэт эканомікі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Падчас падрыхтоўкі стратэгіі адбылося 8 рабочых сустрэч, дзе абмеркаванне вялося па чатырох тэматычных блоках: экалогія і клімат; сацыяльная сфера; эканоміка, малы і сярэдні бізнес, адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця. «Было шмат спрэчных пытанняў, бо мы пайшлі шляхам удзелу ў палілогах прадстаўнікоў розных сфер і кірункаў. Выслухоўвалі ўсіх і фарміравалі дакумент, асноўныя падыходы якога супадаюць з ужо прынятай у Беларусі нарматыўнай базай. Вынікам стала агульнае бачанне, якім павінен быць рэгіён да 2035 года».

У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца: «Магілёўская вобласць з насельніцтвам больш за адзін мільён чалавек з’яўляецца рэгіёнам, які ўстойліва развіваецца:

– валодае спрыяльнымі і бяспечнымі ўмовамі для жыцця, развіцця і самарэалізацыі грамадзян;

– абапіраецца на развітую дыверсіфікаваную зялёную эканоміку, галоўнымі драйверамі росту якой выступаюць экалагізацыя і лічбавізацыя, рацыянальнае выкарыстанне мясцовых сыравінных рэсурсаў і цыркулярная эканоміка;

– характарызуецца інтэлектуальна развітым, гуманным, полікультурным, справядлівым, талерантным, інклюзіўным, гендэрна раўнапраўным і сацыяльна адказным грамадствам, захоўвае этнакультурную ідэнтычнасць;

– імкнецца да кліматычнай нейтральнасці, мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, захавання прыродных рэсурсаў і біяразнастайнасці;

– адрознваецца сістэмай уцягнутага кіравання развіццём, якая ўлічвае інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва, усіх узроўняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення і населеных пунктаў, якія ўваходзяць у склад Магілёўскай вобласці.

Варта дадаць, што стратэгія павінна стаць асновай для распрацоўкі абласных і раённых прагнозных і праграмных дакументаў на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы. «Вядома, дэталёва і дасканала выявіць перспектывы развіцця рэгіёна да 2035 года наўрад ці магчыма па аб’ектыўных прычынах, але неабходна разумець: указаныя прыярытэты і задачы павінны выконвацца. Не хочацца, каб з’явіўся чарговы дакумент, які пакладзём у стол. Трэба, каб ён быў дзейсным і працаваў», – канстатаваў памочнік Прэзідэнта – інспектар Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк.

У сваю чаргу, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк звярнуў увагу: «Калі мы распрацоўваем мерапрыемствы па дасягненні мэт устойлівага развіцця для сябе, павінны ўлічваць, што ў Магілёўскай вобласці існуе гісторыка-геаграфічнае раянаванне. Ёсць вытворчыя, гаспадарчыя, культурныя комплексы. Так, Беларусь сама выйшла на міжнародны ўзровень з ініцыятывай стварэння стратэгіі, але многія мэты, якія для іншых краін залімітавыя, у нас збольшага рэалізаваны. Ёсць рэчы, якія мы можам дашліфоўваць, а некаторымі варта ганарыцца», – сказаў ён.

Вольга Емельянава 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая