З 5 па 10 кастрычніка ў Прыморскім краі адбудуцца Дні Рэспублікі Беларусь. Мяркуецца, што на працягу пяці дзён у сталіцы рэгіёна пройдуць культурныя і дзелавыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне сяброўскіх сувязяў дзвюх краін.
Афіцыйная дэлегацыя нашай краіны прыбудзе ва Уладзівасток 6 кастрычніка. Яе ўзначаліць старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц. Праграмай візіту запланавана сустрэча з прадстаўнікамі ўрада Прыморскага краю на чале з губернатарам Алегам Кажамякам, удзел ва ўрачыстым адкрыцці аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у рэгіёне.
У гэты ж дзень у зале селектарных нарад Магілёўскага аблвыканкама ў фармаце відэаканферэнцсувязі адбудзецца двухбаковая сустрэча ветэранаў Прыморскага краю і Магілёўскай вобласці, а на базе БРУ дыстанцыйна пагутараць прадстаўнікі Моладзевага парламента пры Магілёўскім абласным Савеце дэпутатаў і Савеце маладых дэпутатаў Прыморскага краю.
7 верасня ў далёкаўсходняй сталіцы пачнуцца дзелавыя сустрэчы, а таксама пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі. Тут запланавана абмеркаванне перспектыў гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Прыморскага краю, падпісанне мемарандума аб Плане мерапрыемстваў па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Усурыйскай гарадской акругай і Бабруйскам на 2022 год, шэрагу дылерскіх дагавораў, кантрактаў на пастаўку прадукцыі, дагавораў аб намеры па супрацоўніцтве паміж беларускімі і прыморскімі суб’ектамі гаспадарання.
Галоўнай падзеяй дзён Беларусі ў Прымор’і стане фестываль беларускай прадукцыі, які пройдзе 5–10 кастрычніка на цэнтральнай плошчы Уладзівастока. Жыхары і госці горада змогуць набыць свежую і якасную прадукцыю 11 беларускіх вытворцаў па даступных цэнах.
Варта адзначыць, што нашы прадукты харчавання даўно і паспяхова зарэкамендавалі сябе ў Прымор’і. Вясной бягучага года ў гарадах рэгіёна з поспехам прайшоў кірмаш беларускіх тавараў.
На цяперашнім кірмашы малочная прадукцыя Сінявокай будзе прадстаўлена найбуйнейшым малочным холдынгам «Бабушкина крынка» і Кобрынскім масларобна-сыраробным заводам. Шырокі асартымент каўбасных вырабаў прэзентуюць Бабруйскі, Магілёўскі, Брэсцкі і Пінскі мясакамбінаты. Хлебабулачныя і кандытарскія вырабы прывязуць кампаніі «Дамачай», «Чырвоны харчавік» і «Камунарка». Прадпрыемства «Стужка» прадставіць лінейку гардзіннага палатна і камплектаў для стварэння ўтульнасці ў доме. Вялікім асартыментам жаночага, мужчынскага і дзіцячага трыкатажу здзівіць Пінскае прадпрыемства «Палессе».
Афіцыйнае адкрыццё фестывалю-кірмашу адбудзецца 6 кастрычніка. Плануецца, што гасцей мерапрыемства павітаюць Алег Кажамяка, Леанід Заяц і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка. Перад прысутнымі выступяць прыморскія і беларускія творчыя калектывы, у тым ліку ансамбль «ВесялухаNEW&Band», фальклорны гурт «Купалінка», заслужаны калектыў Прыморскага краю, узорны ансамбль танца «Аліса» і іншыя.
Таксама тут пройдзе выстава буйнагабарытнай тэхнікі, дзе будзе прадстаўлена шырокая сетка трактароў МТЗ, тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода (седлавы цягач, самазвал, паўпрычэп, аўтакран, смеццявоз), «Бабруйскаграмаша» (прэс-падборшчыкі, машыны для ўнясення цвёрдых і вадкіх арганічных угнаенняў, шэраг узораў прычапной тэхнікі), «Амкадора» (пагрузчык універсальны), «Гомсельмаша» (камбайн збожжаўборачны з жняяркай для соі, энергасродкі з мульчыруючай фрэзай), а таксама лінейка шын ад бабруйскага прадпрыемства «Белшына».
Нагадаем, на працягу многіх гадоў актыўна ўмацоўваюцца эканамічныя і гуманітарныя сувязі паміж Прымор’ем і Рэспублікай Беларусь. Раней дэлегацыя Прыморскага краю на чале з Алегам Кажамякам ажыццявіла шэраг рабочых паездак у нашу краіну. Прыморцы сталі ўдзельнікамі эканамічных форумаў, азнаёміліся з працай шэрагу прамысловых прадпрыемстваў і дамовіліся аб рэалізацыі сумесных праектаў.
Падрыхтавала Вольга Емельянава
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15