RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Досвед працы ОТГС па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння разгледзелі на семінары-нарадзе ў Магілёўскім аблвыканкаме

Семінар-нарада са старшынямі гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў адбыўся сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. Улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю, мерапрыемства прайшло ў рэжыме анлайн. Яго ўдзельнікі разгледзелі вопыт работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па рашэнні пытанняў мясцовага значэння на прыкладзе Горацкага раёна.

«У папярэднія гады форма семінара-нарады зарэкамендавала сябе са станоўчага боку, – адзначыла старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. – Яна дапамагае падрабязна вывучыць найлепшыя практыкі вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва».

Органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання адыгрываюць асабліва значную ролю ў рабоце Саветаў усіх узроўняў. Таму арганізаваныя мерапрыемствы накіраваны на раскрыццё іх патэнцыялу, максімальна шырокае прывабліванне грамадзян да кіравання. «ОТГС прымаюць актыўны ўдзел у навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, інфармацыйна-тлумачальнай працы, абследаванні домаўладанняў, арганізацыі вольнага часу насельніцтва, духоўна-маральным выхаванні, прапагандзе здаровага ладу жыцця», – расказала Ірына Раінчык.

Бачным прыкладам сумеснай працы органаў мясцовага самакіравання з’яўляецца рэалізацыя грамадскіх ініцыятыў, якія падтрымлівае асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. «Вопыт рэалізацыі такіх праектаў паказвае, што на месцах нараджаюцца вельмі запатрабаваныя насельніцтвам ініцыятывы, – падкрэсліла Ірына Раінчык. – Прычым людзі, у першую чаргу, прапануюць вырашаць не свае асабістыя, а менавіта грамадскія пытанні: уладкаваць дзіцячую пляцоўку на тэрыторыі населенага пункта, ачысціць возера, надаць увагу асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі. Такая калектыўная свядомасць – гэта наш здабытак».

Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў дапамагае ўвасабляць такія ініцыятывы ў жыццё, вылучаючы фінансавыя сродкі з уласнага фонду, сфарміраванага за кошт членскіх і іншых мэтавых узносаў яе членаў. А рэалізаваныя сёлета прынялі ўдзел у спецыяльным конкурсе. Яго вынікі былі агучаны падчас семінара-нарады. «Галоўнае патрабаванне – яны павінны быць ініцыяваны жыхарамі населенага пункта, якія будуць прымаць удзел у іх рэалізацыі, гэта значыць стаіць задача не проста падтрымаць добрую ініцыятыву, а і жаданне людзей зрабіць свет вакол сябе больш камфортным і ўтульным», – расказаў старшыня асацыяцыі Анатоль Мацюлін.

На конкурс было пададзена 12 заявак, якія прадстаўлялі розныя па колькасці пражываючых рэгіёны Магілёўшчыны – раённыя цэнтры, сельсаветы, аграгарадкі. Па выніках экспертнай ацэнкі пераможцамі прызнаны: 1 месца – грамадская ініцыятыва «Устаноўка вулічных трэнажораў у г. п. Глуск»; 2 месца – грамадская ініцыятыва «Спортлэнд – спорт як гульня!» Краснапольскага раёна; 3 месца – грамадская ініцыятыва «Добраўпарадкаванне гарадскога сквера «Спуск да ракі» і касметычны рамонт летняй танцавальнай пляцоўкі» Круглянскага раёна.

Вольга Емельянава 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая