RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дрыбінскі раён далучыўся да рэспубліканскай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера»

Дрыбінскі раён далучыўся да рэспубліканскай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера». Моладзь раёна дапамагла навесці парадак на тэрыторыі Свята-Праабражэнскай царквы, аб чым паведаміў першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Уладзімір Паўлоўскі.

Удзельнікамі акцыі сталі моладзь гарадскога пасёлка і старшакласнікі Дрыбінскай сярэдняй школы – усяго каля 10 чалавек. «Наша моладзь вельмі актыўная. Хлопцы і дзяўчаты хутка адгукнуліся на просьбу дапамагчы ва ўборцы тэрыторыі храма, – сказаў першы сакратар Дрыбінскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Арцём Шаўкуноў. – Маладыя людзі прыбралі з тэрыторыі царквы смецце, якое сабралася тут за зіму, дапамаглі прывесці ў парадак дарожкі».

У мінулым годзе моладзь Дрыбінскага раёна таксама прымала ўдзел у такой акцыі. Тады хлопцы і дзяўчаты займаліся добраўпарадкаваннем крыніцы ў аграгарадку Расна.

«Акцыя «Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера» – важная і знакавая. Дзякуючы ёй у моладзі ёсць магчымасць пазнаёміцца з дзіўнымі і прыгожымі месцамі нашай вобласці, даведацца пра гісторыю краю або месца, пазнаёміцца з царкоўнымі традыцыямі і той духоўнай спадчынай, што дасталася нам ад продкаў, – адзначыў першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Уладзімір Паўлоўскі. – Сёлета мы вызначылі для сябе шырокі фронт працы. Сёння стартавала акцыя ў Дрыбіне, пазней да яе далучацца іншыя раёны. Абласны старт будзем даваць у канцы месяца ў Горках – там будуюць храм, мы паедзем дапамагаць у азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі святыні. Гэтая важная і патрэбная праца, якая дае магчымасць маладым людзям лепш даведацца пра край, дзе яны жывуць».

Рэспубліканская акцыя праходзіць з 2013 года, міжканфесійнай яна стала з 2016 года. «І кожны год яна трохі мяняе сваю канцэпцыю: мы дапамагаем у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на крынічках і крыніцах, у памятных і знакавых месцах, розных мемарыялах, на тэрыторыі цэркваў і храмаў. Работы заўсёды розныя: дзесьці неабходна дапамагчы ў будаўніцтве або ўборцы будаўнічага смецця, дзесьці трэба прыбраць леташнюю лістоту і пафарбаваць лаўкі. І пры гэтым кожны ўносіць свой уклад у захаванне такіх унікальных і прыгожых месцаў Беларусі. Многія адкрываюць для сябе нешта новае, і гэта таксама выдатна», – падкрэсліў Уладзімір Паўлоўскі.

У кожным раёне Магілёўскай вобласці падчас акцыі будуць праходзіць мерапрыемствы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый знакавых аб’ектаў. Усяго запланавана больш за 25 мерапрыемстваў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая