RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Двухдзённая «Школа падрыхтоўкі кіраўнікоў працоўных праектаў БРСМ» адкрываецца ў Мсціславе

Школа падрыхтоўкі кіраўнікоў працоўных праектаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі пачынае працу ў Мсціславе, паведаміў другі сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Алег Дзікун.

«Сёння ў Магілёўскай вобласці ў межах рэалізацыі дзяржпраграмы «Адукацыя і моладзевая палітыка» на 2016-2020 гады адкрываецца рэспубліканскі навучальны семінар – «Школа падрыхтоўкі кіраўнікоў працоўных праектаў». Задача гэтай школы – комплекснае навучанне камандзіраў і камісараў студатрадаў розных узроўняў кіраванню працоўнымі праектамі, такімі як Усебеларуская моладзевая будоўля, абласныя і Мінская гарадская моладзевыя будоўлі, зводныя і выязныя за межы рэспублікі студэнцкія атрады», – сказаў Алег Дзікун.

Паводле яго слоў, навучанне будзе праходзіць на працягу двух дзён. Прадугледжана вялікая адукацыйная праграма, падчас якой будуць разгледжаны асаблівасці працы штабоў працоўных спраў устаноў вышэйшай адукацыі, камандзіраў і камісараў студатрадаў. Запланавана праца ў групах, прэзентацыі, ролевыя гульні; трэнінгі, дэманстрацыі навучальных фільмаў, дыскусіі, спартыўна-гумарыстычныя мерапрыемствы. Акрамя таго, пройдзе працоўная акцыя «Маладосць. Традыцыя. Будучыня» і круглы стол «Сістэма арганізацыі студатрадаўскага руху» з удзелам ветэранаў.

«У год святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, моладзь з усіх рэгіёнаў Беларусі збярэцца ля знакавага месца для жыхароў горада Мсціслава – ля помніка Невядомаму салдату ў парку Міру, каб ускласці кветкі і ўшанаваць памяць воінаў, якія загінулі за Радзіму на палях бітваў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Беларусь памятае і ніколі не забудзе мужнасць салдат, якія аддалі жыццё за нашу свабоду і незалежнасць», – адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ.

На палях семінара плануецца даць старт акцыі «Біяграфія маладосці нашай». «Мы плануем звярнуцца да ветэранаў-удзельнікаў студатрадаўскага руху 60-90-х гадоў з просьбай падтрымаць наш праект і падзяліцца сваімі ўспамінамі, нейкімі хранікальна-дакументальнымі матэрыяламі, фатаграфіямі, магчыма, у кагосьці захаваліся відэаархівы. Атрыманая інфармацыя будзе выкарыстана для стварэння кнігі аб гісторыі студатрадаўскага руху, над якой мы ўжо пачалі працу сумесна з Міністэрствам адукацыі», – падкрэсліў Алег Дзікун.

Ён нагадаў, што 2019 год БРСМ абвясціў годам студэнцкіх атрадаў, падчас якога асноўны акцэнт будзе зроблены не на колькасць, а на якасць студатрадаў, вялікая ўвага будзе надавацца культуры руху. Зараз ідзе актыўная фаза рэспубліканскай акцыі «Выбіраем студатрад!», якая накіравана на фарміраванне баз даных жадаючых працаўладкавацца ў вольны ад вучобы час і правядзенне дагаворнай кампаніі па арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў.

Трэці працоўны семестр традыцыйна стартуе ў пачатку мая. Аднак масава студэнты беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцы каледжаў пачнуць працаваць у складзе студэнцкіх атрадаў па ўсёй краіне і за яе межамі пасля заканчэння сесіі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая