RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дыялог аб будучыні краіны можна будаваць толькі на падставе Асноўнага закона краіны – Ірына Раінчык

Дыялог аб будучыні краіны можна будаваць толькі на падставе Асноўнага закона краіны. На гэта звярнула ўвагу намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык падчас «Магілёўскага дыялогу», які адбыўся на пляцоўцы новага корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

«Дзеючая Канстытуцыя і нарматыўна-прававая платформа дазволілі нашай дзяржаве на працягу 28 гадоў стабільна развівацца, пераадолець рызыкі і выклікі, якія былі перад краінай у 90-х гадах. Цяпер змянілася геапалітычная, міжнародная, унутрыпалітычная рэальнасць, яна патрабуе новых рашэнняў. І, вядома ж, яна патрабуе, каб людзі часта з палярнымі пунктамі гледжання не разышліся ў розныя бакі, а, наадварот, пачулі адзін аднаго», – падкрэсліла Ірына Раінчык.

Намесніца старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў выступала куратарам дыскусійнай пляцоўкі на тэму «Павышэнне ролі мясцовага кіравання і самакіравання з праекцыяй на развіццё рэгіёнаў», якая папярэднічала «Магілёўскаму дыялогу». Тут абмяркоўвалі пытанні павышэння ролі самакіравання, пашырэння паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, жыццезабеспячэння рэгіёнаў, зямельных пытаннях. Прадстаўнікі паўднёва-ўсходняга рэгіёна выказвалі сваё меркаванне,якія змены ў заканадаўства трэба ўнесці для больш паспяховай рэалізацыі ўстойлівага і раўнамернага развіцця рэгіёнаў.

Адной з прапаноў было павышэнне самастойнасці раёнаў, падатковая і бюджэтная аўтаномія. Для гэтага прапанавана ўнесці шэраг змяненняў у падатковае і бюджэтнае заканадаўства, як паведаміла Ірына Раінчык.

Яна таксама расказала, што абмяркоўвалася пытанне ўзмацнення ролі мясцовага самакіравання. Удзельнікі выказалі прапанову аб скасаванні сельскіх Саветаў дэпутатаў і стварэнні сельскіх адміністрацый з выбарам кіраўніка адміністрацыі шляхам галасавання.

Акрамя гэтага, прапаноўвалася ўнесці змены ў заканадаўства ў частцы спрашчэння працэдуры фарміравання органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, даць дэпутату мясцовага Савета дэпутатаў права ўдзельнічаць у фарміраванні ОТГС у межах сваёй выбарчай акругі.

Шмат увагі ўдзельнікамі дыскусій было нададзена пытанням пашырэння паўнамоцтваў калегіяльных і аднаасобных органаў мясцовага самакіравання, прадастаўлення ім фінансавання для вырашэння пад сваю адказнасць пытанняў мясцовага значэння, права ОТГСудзельнічаць у працы сесій (прэзідыумаў) і ўносіць на разгляд Савета, яго органаў, выканкама і мясцовых адміністрацый прапановы па пытаннях мясцовага значэння, заключыла Ірына Раінчык.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая