RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзе ў Магілёўскай вобласці вырошчваюць самае прадукцыйнае насенне другога хлеба

Вырошчваннем бульбы ў Магілёўскай вобласці займаецца 18 гаспадарак. І ўсе ведаюць, што ўраджай вызначаецца не толькі глебава-кліматычнымі асаблівасцямі, тэхналогіяй і культурай земляробства, але таксама якасцю пасяўнога матэрыялу. На яго вырошчванні і спецыялізуецца Магілёўская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя ў Дашкаўцы. 

Каб вырасціць супер-суперэліту, у спецыялістаў станцыі ідзе тры гады. Спачатку бульбу ў прабірках закупляюць у Інстытуце бульбаводства, усю зіму займаюцца яе размнажэннем ў лабараторыі. Затым у чэрвені некалькі соцень раслін перасаджваюць у цяпліцы, а сабраныя па восені клубні закладваюць на захоўванне і высейваюць вясной, але канчатковы матэрыял атрымліваюць толькі праз год. «Такое насенне нарасхват у гаспадарак і фермераў», – запэўнівае загадчык аддзела насенняводства бульбы Аляксандр Куксаў:

– З вялікага мяшка такога пасадачнага матэрыялу можна сабраць да двух цэнтнераў бульбы. Справа ў тым, што яна аздароўлена, вырашчана ў цяплічных умовах. Каб разлічваць на пастаянны ўраджай, раім раз у 3–4 гады абнаўляць насенне.

Проста з поля бульба паступае на сартаванне. Памер мае значэнне: ад 25 да 50 міліметраў – стандарт для супер-суперэліты на насенне. За якасць і захаванасць тут адказваюць: ёсць бульбасховішча на 2000 тон, дзе аўтаматычна рэгулююцца тэмпература і вільготнасць. Пры вырошчванні насеннай бульбы стаіць задача атрымаць максімальную якасць, а не колькасць.

У Дашкаўцы займаюцца і навуковымі выпрабаваннямі: на спецыяльных дзялянках вырошчваюць новыя гібрыды. У гэтым сезоне – звыш 20. Гэтыя эксперыментальныя гатункі атрымаюць імёны і апынуцца ў палях і на гародах, калі вытрымаюць жорсткую канкурэнцыю: іх будуць параўноўваць па ўраджайнасці, тэмпах росту і нават на смак – справаздачы назіранняў з розных рэгіёнаў затым прааналізуюць у Інстытуце бульбаводства.

Аляксандр Куксаў прагназуе, якія гатункі будуць у трэндзе ў найбліжэйшыя бульбяныя сезоны:

– З новых – «палац» ужо рэалізуем, а вось «юлія» і «рубін» пакуль у працы. Ёсць нават эксперыментальны гатунак з фіялетавымі разводамі, калі паглядзець на разрэз. Называецца «малібу». Магчыма, да яго прыгледзяцца вытворцы чыпсаў.

Попыт на харчовую бульбу высокі як у мясцовага насельніцтва, так і ў замежнага спажыўца. Аляксандр Куксаў канкрэтызуе:

– У мінулым годзе харчовую бульбу добра купляла Украіна, Малдова, Расія. Пакуль рана гаварыць, як складзецца кан’юнктура для экспарту: цэны яшчэ фарміруюцца. Будзем прадаваць тым, каму больш выгадна.

ЛІЧБЫ

Аграрыі Магілёўскай вобласці плануюць сабраць у гэтым сезоне не менш за 170 000 тон бульбы. Пад культуру адведзена больш за 3000 гектараў плошчаў. Пятая іх частка ўжо прыбрана. У стабфонд павінны закласці 3 500 тон бульбы, каля 20 000 тон пойдзе на насенне.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая