RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзень бітвы пад Леніна застанецца для нас сімвалам мужнасці, велічы, сілы духу і волі – Кацярына Музычэнка

Дзень бітвы пад Леніна застанецца для нас сімвалам мужнасці, велічы, сілы духу і волі. Такое меркаванне выказала падчас мітынгу, прысвечанага 78-й гадавіне бітвы пад Леніна, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка. 

12 кастрычніка 1943 года каля пасёлка Леніна першая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, сфарміраваная на тэрыторыі СССР з польскіх патрыётаў, уступіла ў першы бой з гітлераўскімі захопнікамі. Польскія воіны атакавалі саперніка, прарвалі варожую абарону і авалодалі моцна ўмацаванай вышынёй 215,5. За мужнасць і гераізм 239 палякаў былі ўзнагароджаны савецкімі ордэнамі і медалямі. Капітану Уладзіславу Высоцкаму і аўтаматчыцы Анэлі Кжывонь прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У брацкіх магілах пад Леніна спачываюць 1711 савецкі і 502 польскія воіны. На гераічнай вышыні зараз знаходзіцца мемарыяльны комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці.

Дзякуючы мужнасці і гераічнасці польскіх і савецкіх салдат, што ваявалі бок аб бок, удалося стварыць плацдарм для далейшых паспяховых наступальных дзеянняў і прадвызначыць вызваленне беларускіх і польскіх земляў ад нямецкіх захопнікаў. «Дарагую цану давялося заплаціць за першыя крокі да вызвалення нашых краін. Тысячы салдат аддалі свае жыцці за тое, каб убачыць родную краіну вызваленай ад ненавіснага фашысцкага прыгнёту, – падкрэсліла Кацярына Музычэнка. – Таму сёння асабліва важна цвёрда адстойваць праўду пра падзеі ваенных гадоў, беражліва захоўваць памяць аб подзвігу нашых суайчыннікаў, актыўна супрацьстаяць спробам рэабілітаваць нацызм і перапісваць гісторыю ва ўгоду зменлівым палітычным інтарэсам. Мы гэта рабілі і будзем рабіць. Задача сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы – захаваць і данесці да будучых пакаленняў праўду аб Вялікай Айчыннай вайне – і гэта стане надзейным падмуркам упэўненасці ў нашай праваце, прымусіць задумацца магчымага агрэсара, ці варта вырашаць спрэчкі з дапамогай сілы».

«Рэспубліка Беларусь пастаянна выступае за мір і згоду ва ўзаемаадносінах са сваімі суседзямі, але галоўным павінна быць захаванне суверэнітэту і незалежнасці Сінявокай, спыненне санкцыйнага ціску, павага да нашых традыцый і гісторыі, бо мы (і дадзенае мерапрыемства з’яўляецца яркім таму пацвярджэннем), – канстатавала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, – упэўненая, што ўсе прысутныя, хочам аднаго – міру і стабільнасці. Астатняе мы стваралі і створым сваёй працай», – падагульніла яна.

У сваю чаргу Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі адзначыў: «Я вельмі рады, што мы можам тут быць разам. Пад Леніна пахаваны салдаты, якія змагаліся з гітлераўскай Германіяй разам з савецкімі воінамі. Гэта наша агульная гісторыя, агульнае гора. Важна, каб мы пра гэта памяталі, разам увекавечвалі памяць загінулых, маліліся на іх магілах. Думаю, што ў плане ўзаемаразумення, збліжэння, павагі варта падтрымліваць гэту традыцыю. Мы гэта вельмі высока цэнім. Рады, што можам разам з беларускімі партнёрамі шанаваць памяць тых, дзякуючы каму сёння вольныя і жывём у нашых суверэнных дзяржавах».

Сёння ў Горацкім раёне адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 78-й гадавіне бітвы пад Леніна. Прадстаўнікі абласной і раённых органаў улады, грамадскасць, а таксама ўдзельнікі польскай дэлегацыі ўсклалі вянкі і кветкі да магіл савецкіх і польскіх воінаў. Каля музея савецка-польскай баявой садружнасці адбыўся мітынг, а на магіле Невядомага Салдата прайшла цырымонія перапахавання астанкаў сямі савецкіх воінаў. 

«Раскопкі праводзіліся 1,5 месяца таму ў раёне вёскі Пабедная. Як мяркуецца, паднятыя салдаты і афіцэры аднаго з падраздзяленняў 290-й стралковай дывізіі. Пра гэта гавораць знаходкі, якія былі пры загінулых, – амуніцыя, рыштунак, – расказаў гісторык, кіраўнік гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. – На жаль, усе яны безыменныя. Там, дзе сёння адбылося перапахаванне, лічыцца 1711 пахаваных. Але на самай справе вялікая частка байцоў і камандзіраў, якая ваявала тут у кастрычніка 1943 года і чэрвені 1944 года, калі пачалася наступальная аперацыя «Баграціён», застаюцца ляжаць у гэтых землях. Пошукавікам тут неабсяжнае поле працы».

 

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая