У Магілёве сёння адкрыўся новы дзіцячы сад. З экалагічна чыстых матэрыялаў і са шматфункцыянальнымі памяшканнямі – падобны ёсць толькі ў Мінску. Для маладога мікрараёна Спадарожнік, які актыўна развіваецца і прырастае жыхарамі, гэта трэцяя дашкольная ўстанова. Яна расчыніла дзверы для 200 дзяцей, тым самым зняўшы пытанне крокавай даступнасці.
Увод гэтага аб’екта – важная падзея не толькі для горада, але і для ўсяго рэгіёна, падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка:
– Беларусь ідзе і будзе ісці па шляху будаўніцтва сацыяльнай дзяржавы. У гэтым кірунку робіцца многае (бальніцы, паліклінікі, дарогі), але мне асабліва хочацца адзначыць будаўніцтва дашкольных устаноў, таму што гэта інвестыцыі ў дзяцей, а значыць, у будучыню краіны. Новы сад вельмі прыгожы і камфортны, і нашы дзеці вартыя такіх устаноў 21 стагоддзя. Лічу, калі нешта рабіць, то трывала і прыгожа. Трэба разумець, што, прыйшоўшы ў дзіцячы сад, дзіця робіць першы крок у дарослае жыццё, і тое, што яго акружае – выхавальнікі, абстаноўка, сябры, сам адукацыйны працэс – гэта далей ідзе з ім па жыцці. Наша асноўная задача – выхаваць чалавека. Выхаваць у любові да блізкіх, да людзей, да радзімы, горадзе і нават вуліцы, дзе нарадзіўся.
Касмічны аб’ект
Падрыхтоўка да будоўлі была дасканалай, бо праект не тыпавы. Будынак з гатовых каркасных канструкцый узвялі менш чым за год па сучасных тэхналогіях. Каля 80% выдаткаў узяла на сябе славенская кампанія Riko. Акрамя гэтай бязвыплатнай спонсарскай дапамогі ўкладзены і бюджэтныя сродкі – у падрыхтоўчыя працы, падмурак, інжынерныя сеткі і іншыя камунікацыі.
Новы дзіцячы сад № 118 уяўляе сабой стаметровы прамавугольнік без «лабірынтаў» і мудрагелістых калідораў. Яго афармленне цесна пераклікаецца з назвай мікрараёна – «Спадарожнік». Касмічная тэматыка адлюстравана ў малюнках планет на сценах і сузор’яў на столі. А ў калідоры стаіць макет ракеты, нібы гатовай стартаваць праз спецыяльны люк-акно.
Для паўнавартаснага развіцця дашкалят створаны ўсе ўмовы: басейн 6х9 метраў, прасторныя музычная і спартыўная залы, люстэркі з насценным гімнастычным станком і нават сцяна для скалалажання – эксклюзіў дашкольнай установы. Максімальна задзейнічаюць у выхаваўчым працэсе і тэрыторыю ля садка.
У інтэр’еры шмат дрэва і шкла, што стварае здаровы мікраклімат і камфортныя ўмовы для знаходжання дзяцей. Панарамныя вокны ў падлогу забяспечваюць натуральнае асвятленне і візуальна павялічваюць прастору і дазваляюць яе добра праглядваць. Дарэчы, усе 10 груп звязаны паміж сабой.
Збяры сам
– У дзіцячага садка не тыпавы праект, што паўплывае на ўвесь выхаваўчы працэс, паколькі асяроддзе фарміруе свядомасць, – адзначыла загадчык Жанна Санарава. – Звярніце ўвагу, у групавых пакоях няма перагародак, якія дзеляць памяшканне на прыёмную, гульнявую і спальную зоны. Адсунулі сталы, выставілі драўляныя складаныя ложкі – вось і спальня гатовая. У гэтым і эканомія, бо спальні ў дзіцячых садках мы ацяпляем на працягу 7 месяцаў у годзе, а яны запатрабаваны ўсяго 2-3 гадзіны ў суткі.
Буфетная тут жа, – працягвае Жанна Віктараўна, – і займае мінімум месца, паколькі ўбудавана ў сцяну:
– Гэту велізарную прастору дзеці будуць трансфармаваць для сябе самі, а значыць – творча развівацца, вучыцца ініцыятыўнасці і самастойнасці, шанаваць сваю працу і працу дарослых. Таксама мэбля-трансформер дазволіць мяняць функцыянал іншых памяшканняў. У патрэбны момант прыступкі ў глядзельнай зале лёгка стануць сядзеннямі.
Калі дзіцячы сад – разумны
Хоць прастора вялікая і адкрытая, унутры вельмі цёпла, што забяспечваецца не толькі радыятарамі, але і за кошт цёплых падлог, натуральныя матэрыялы таксама ўносяць свой уклад у энергаэфектыўнасць.
У памяшканнях устаноўлены сучасныя сістэмы прытокава-выцяжнай вентыляцыі з рэкуператарамі. І, што актуальна ва ўмовах пандэміі, ёсць бактэрыцыдныя рецыркулятары паветра. Разумная тэхніка падладжваецца пад колькасць людзей у памяшканні і іх актыўнасць, аўтаматычна щключаючы адпаведную інтэнсіўнасць. Нават замест традыцыйных занавесаў – вонкавыя жалюзі, якія рэгулююцца знутры будынка, змяняецца пры жаданні і інтэнсіўнасць асвятлення.
Вялікая ўвага нададзена бяспецы дзяцей. Напрыклад, дзверы з загадкавым бляскам, якія вядуць на вуліцу, лёгка адкрываюцца знутры, а вось звонку староннім проста так не патрапіць: не пусціць магнітны замок. Міжпакаёвыя дзверы абсталяваны ілюмінатарамі на ўзроўні вачэй дарослых і дзяцей, каб можна было зазірнуць у памяшканне і пераканацца: усё добра.
Касмічны карабель з-за свайго «начыння» нагадвае інжынернае памяшканне, дзе знаходзіцца сучасная сістэма па водападрыхтоўцы басейна і цеплавузел.
– Без сумнення – гэта дзіцячы сад будучага, – захоплена кажа Жанна Санарава. – Думаю, яго вопыт рацыянальнага выкарыстання памяшканняў возьмуць на ўзбраенне пры будаўніцтве новых дашкольных устаноў. У мяне ж задача стварыць калектыў, падобны на гэты дзіцячы сад, – адкрыты, светлы, творчы, сучасны!
ДАВЕДАЧНА
У 2022 годзе з улікам уводу ў эксплуатацыю новага садка ў Магілёве функцыянуе 97 устаноў дашкольнай адукацыі, якія наведвае больш за 16,5 тысячы выхаванцаў.
ДАРЭЧЫ
Літаральна праз некалькі дзён у Бабруйску ўрачыста адкрыецца дзіцячы сад на 240 месцаў. На працягу паўгода пачне працу дашкольная ўстанова на 50 месцаў у Шклове.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.05.2025 - 20:38
11.05.2025 - 14:03
10.05.2025 - 10:58