RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эксперт: новыя законы павысяць палітычную культуру беларусаў

Не так даўно ў Палацы Незалежнасці прайшла нарада Прэзідэнта, прысвечаная абмеркаванню праектаў нарматыўна-прававых актаў, распрацаваных у развіццё абноўленай канстытуцыі. Член рэспубліканскага і Магілёўскага абласнога савета РГА «Белая Русь», намеснік дырэктара СШ № 34 Магілёва, настаўнік гісторыі Галіна Бяляева нагадала, што яшчэ падчас штогадовага Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 28 студзеня Прэзідэнт задаваў беларусам пытанні. Трэцяе тычылася таго, ці гатовыя мы праяўляць ініцыятыву.

– Думаю, новыя законы павысяць палітычную культуру людзей і актывізуюць больш ініцыятыўных грамадзян, гатовых працаваць над стварэннем грамадскіх аб’яднанняў і партый, – адзначыла яна. – Зараз у краіне дзейнічае 15 партый, грамадскіх аб’яднанняў нашмат больш. Аднак, калі працую з людзьмі, пытаюся на сустрэчах, якія вы ведаеце партыі, большасць можа адразу назваць усяго некалькі з іх. Астатнія або не на слыху, альбо не праяўляюць актыўнасці. Дзякуючы новым законапраектам, магчыма, будуць створаны новыя палітычныя суб’екты. Яны атрымаюць магчымасць увайсці ва УНС.

Эксперт таксама патлумачыла, што партыя павінна быць дастаткова шматлікай, ад 100 тысяч чалавек і больш, і прадстаўлена ва ўсіх рэгіёнах краіны.

У цэлым вопыт стварэння такога прадстаўнічага органа, як УНС, яна назвала ўнікальным.

– Сёння мы, канкрэтызуючы, пашыраем функцыі і паўнамоцтвы УНС, – працягнула Галіна Бяляева. – Сходы папярэдніх гадоў (а я ўдзельнічала ў трох з іх) не мелі такіх паўнамоцтваў. Як адзначыў Прэзідэнт, з’яўляецца новы орган у структуры ўлады, яго трэба ўманціраваць у гэтую сістэму. Вялікі плюс у тым, што ў прадстаўнікоў палітычных партый і аб’яднанняў з’явіцца магчымасць рэалізоўваць свае ініцыятывы.

Ва УНС увойдуць прадстаўнікі розных прафесій, людзі паважаныя, якія заваявалі аўтарытэт і маюць дачыненне да ўсіх сфер жыцця грамадства. У дэлегата павінны быць дасягненні як у працоўнай дзейнасці, так і ў грамадзянскай ініцыятыве.

– Шляхоў вылучэння некалькі, – патлумачыла экспэрт. – Адзін – вылучэнне ў дэпутаты. Другі – грамадскія арганізацыі і аб’яднанні. Вось, да прыкладу, настаўнік хоча трапіць на УНС. Ён можа выбраць ці першы, ці другі шлях. Да прыкладу, уступіць у грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», прафсаюзную арганізацыю, Беларускі саюз жанчын або іншыя грамадскія аб’яднанні, іх шмат, толькі ў Магілёве іх больш за 60. Дарэчы, ніхто не забараняе і мужчынам арганізаваць падобнае грамадскае аб’яднанне, гэта будзе яшчэ адна ініцыятыва.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая