RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча пройдзе ў Бабруйску 1-6 лістапада

VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча пройдзе ў Бабруйску з 1 па 6 лістапада. Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства культуры.

На першы, адборачны, этап прафесійнымі калектывамі было пададзена 27 заявак. З іх экспертная камісія адабрала 14 спектакляў: «Альпійская балада» Камернага драматычнага тэатра Волагды (Расія), «Ляцелі арэлі» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра, «Лондан» Пермскага тэатра юнага гледача, «Сымон-музыка» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, «Паляванне на зубра» Гродзенскага абласнога тэатра лялек, «Каханне людзей» Новасібірскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра «Глобус», «Тата, ты мяне любіў?» Кіеўскага акадэмічнага тэатра «Залатыя вароты», Незалежны тэатральны праект «ГэтаМы», «Сіртакі» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск), «Ураджай» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, «Гэта ўсё яна» і «Сірожа» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, «Опіум» цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт-Карпарэйшн» і «Музыка вуліц» Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.

Пастаноўкі будзе ацэньваць прафесійнае журы, якое вызначыць пераможцаў у намінацыях: «Найлепшы спектакль», «Найлепшая мужчынская роля», «Найлепшая жаночая роля», «Найлепшая мужчынская роля другога плана», «Найлепшая жаночая роля другога плана», «Найлепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара», «Найлепшая рэжысура», «Найлепшая сцэнаграфія». Конкурсная праграма таксама ўключае абмеркаванне спектакляў крытыкамі, арганізацыю канферэнцый, сустрэч з творчымі калектывамі. Аргкамітэт фарміруе і пазаконкурсную праграму форума.

Фестываль праводзіцца для развіцця і папулярызацыі тэатральнага мастацтва, паказу дасягненняў у галіне сцэнічнага мастацтва, павышэння прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў, выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі. Арганізатарамі выступаюць Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая